помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 у в. Белагруда (Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), на высокім беразе р. Дзітва. 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і 5-граннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Сіметрыя гал. фасада вылучана высокім арачным парталам уваходу, галерэяй і акном-ружай над ім. З цэглы вымураваны лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы, профілі і раскрапоўкі. Аркі і люнеты ў інтэр’еры ўпрыгожаны фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. У завяршэнні нефа манументальны на высокім цокалі 2-ярусны шматкалонны алтар у стылі неакласіцызму, над уваходам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз.Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст.касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.
Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. на сродкі В.Пуслоўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і больш нізкай 5-граннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асн. аб’ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым дахам. Гал. (паўд.-зах.) фасад аздоблены плоскімі нішамі розных форм і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал увахода вылучаны вімпергам. У архіве касцёла захоўвалася метрыка хрышчэння Т.Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гродзенскі езуіцкі касцёл і манастыр 2/152—153 (укл.), 154; 4/20, 28; 5/125; 6/604, 620; 12/592 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.К.Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.