старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (Пелапанес). Паселішча ўзнікла ў эпоху неаліту. У пач. 2-га тыс. да н.э. Т. стаў цэнтрам дзяржавы ахейцаў. У час росквіту Т. (16—13 ст. да н.э.) быў пабудаваны палац, упрыгожаны фрэскамі ў мінойскім стылі, акропаль умацаваны мурамі таўшчынёй да 10 м (т.зв. цыклапічная муроўка). Сярод цароў Т. вядомы Дыямед, удзельнік Траянскай вайны. У канцы 13 ст. да н.э. горад спустошаны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. існаваў як невялікі поліс. Канчаткова разбураны каля 470 да н.э.Археал. даследаванні праводзяцца з 1831, найб. значныя вынікі атрыманы Г.Шліманам і В.Дзёрпфельдам у 1884—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКО́ (Foucault) Жан Бернар Леон (18.9.1819, Парыж — 11.2.1868),
французскі фізік-эксперыментатар. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай ΛΗ (1860). Чл. Парыжскай АН (1865). З 1855 у Парыжскай абсерваторыі, з 1862 чл. Бюро даўгот у Парыжы. Навук. працы па оптыцы, механіцы і электрамагнетызме. Вызначыў скорасць святла ў паветры і вадзе метадам вярчальнага люстэрка (1850; метад Ф.), што канчаткова пацвердзіла хвалевую прыроду святла. Правёў дослед з маятнікам на доўгім падвесе (гл.Фуко маятнік), што з’явілася доказам сутачнага вярчэння Зямлі. Выявіў эл. віхравыя токі (токі Ф.). Вынайшаў гіраскоп (1852), сканструяваў шэраг аптычных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЦКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў М. Азіі ў 18 — пач. 12 ст. да н.э.Засн.хетамі. Утварылася з малаазійскіх паліт. аб’яднанняў 20—19 ст. да н.э. (Канес, Хатусас, Бурушханда). Пры хецкім цару Анітасе (каля 18 ст. да н.э.), які заваяваў г. Неса і Хатусас, пачалося аб’яднанне абласцей Анатоліі. У часы Стараж. царства (1750—1450 да н.э.) хеты стварылі дзяржаву на тэр.Цэнтр. Турцыі з сталіцай у г. Кусар. Канчаткова Х.ц. склалася пры Лабарне I [1680—1650 да н.э.], калі ўладанні хетаў дасягнулі Чорнага м. Сталіца была перанесена ў г. Хатусас (гл.Багазкёй). Пры Мурсілі I [1620—1590 да н.э.] ваен. магутнасць Х.ц. дасягнула найвыш. ўздыму. У 1595 да н.э. захоплены і разрабаваны Вавілон. Пасля смерці Мурсілі I на працягу 100 гадоў у Х.ц. вялася міжусобная барацьба. У 16 ст. да н.э. складзены хецкія законы. У 14 — пач. 12 ст. да н.э. (т.зв. перыяд Новага царства) на чале дзяржавы стаялі хурыты. Цар Супілуліума I [1380—1340 да н.э.] падпарадкаваў дзяржаву Мітані і зрабіў сваім васалам Угарыт. З канца 14 ст. да н.э. Х.ц. і Егіпет змагаліся за гегемонію ў Пярэдняй Азіі. Паводле дагавора 1280 да н.э. яны падзялілі паміж сабой Сірыю і Фінікію. У канцы 14 — пач. 12 ст. да н.э. супраць Х.ц. выступіла кааліцыя дзяржаў (Ахіява, Арцава і інш.). Перасяленне на У М.Азіі «народаў мора» прывяло да распаду Х.ц. У канцы 12 ст. да н.э. цар Асірыі Тыглатпаласар I падпарадкаваў яго тэрыторыі. Асобныя хецкія княствы існавалі да канца 8 ст. да н.э. і канчаткова паглынуты Асірыяй.
Літ.:
Довгяло Г.И. К истории возникновения государства: На материале хеттских клинописных текстов. Мн., 1968;
Гарни О.Р. Хетты: Разрушители Вавилона: Пер. с англ.М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),
паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц. вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА ДАЛІНЫ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫЯ,
старажытная цывілізацыя 3—2-га тыс. да н.э. ў даліне р. Інд (ПнЗ Пакістана). Гал. цэнтры — Харапа і Махенджа-Дара. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Да 2300 да н.э. цывілізацыя дасягнула высокага ўзроўню развіцця, у гарадах упершыню выкарыстаны сеткавы прынцып планіроўкі, шырока ўжывалася сістэма дрэнажу, выраблялася абпаленая цэгла. Выяўлены грамадскія сховішчы прадуктаў харчавання, у Махенджа-Дара раскапаны лазні, зала сходаў. Шырока выкарыстоўваліся іерагліфічнае пісьмо, стандартныя меры вагі і даўжыні, вырабляліся тэракотавыя жаночыя статуэткі. Да 1700 да н.э. ў культуры цывілізацыі стаў прыкметны заняпад, якому садзейнічалі частыя навадненні, выкліканыя разлівамі Інда. Канчаткова І.д.ц. загінула ў выніку ўварванняў звонку.
Да арт.Інда даліны цывілізацыя. Махенджа-Дара. Скульптура барадатага жраца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),
1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.
2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,
сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.Л.Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.Радоцкім і С.Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Лянтоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДЗІ,
сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс.чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.І.Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ННЕ,
адзін са спосабаў вегетатыўнага размнажэння. Адбываецца ўтварэннем на мацярынскім арганізме почкі (нарасці), з якой развіваецца новая асобіна. Уласціва некат. грыбам, імхам, беспазваночным жывёлам. У жывёл (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві і інш.) П. бывае вонкавае і ўнутранае. Пры вонкавым почкі ўтвараюцца на целе маці або на сталонах (некат. кішачнаполасцевыя, абалоннікі). Пры ўнутр. П. новая асобіна развіваецца з адасобленага ўнутр. ўчастка цела маці. Напр., у губак і імшанак такія ўтварэнні маюць ахоўныя абалонкі і здольныя перажываць зімовыя або засушлівыя ўмовы, калі мацярынскі арганізм гіне. У шэрагу жывёл П. не адбываецца канчаткова — маладыя асобіны застаюцца злучанымі з мацярынскім арганізмам і ўтвараюць калоніі. Штучнае П. можна выклікаць неспрыяльным уздзеяннем на мацярынскі арганізм (напр., апёкам, парэзам).