ГО́МЕЛЬСКІ ГІСТПА́РТ,

першая ў Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастр. рэвалюцыі 1917 і РКП(б). Існаваў у снеж. 1920—27 як гіст.-рэв. аддзел пры Гомельскім губ. к-це РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэв. руху і грамадз. вайны, арганізоўваў выстаўкі, лекцыі, вечары ўспамінаў, фарміраваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэв. руху ў губерні. Друкаваў матэрыялы ў час. «Известия Гомельского губкома...». Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў «Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні» (1921), брашуры Г.​Лялевіча «Кастрычнік ў стаўцы», «Стракапытаўшчына», «Лідзія Язерская...» (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі с.-д. і рабочага руху ў 1893—1905 на Гомельшчыне «1905 год у Гомелі і Палескім раёне» (1925), рыхтаваў зб-кі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў «Кастрычнік у Магілёўскай губерні», «1918 год» (пра падп. работу і партыз. рух на Гомельшчыне ў перыяд ням. акупацыі), «Да гісторыі грамадзянскай вайны» (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біягр. матэрыялаў пра змагароў за сав. ўладу і інш.

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л. Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Літ.:

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЧУ́РЫН (Іван Уладзіміравіч) (27.10.1855, с. Мічураўка Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 7.6.1935),

расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ганаровы акад. АН СССР (1935), правадз. чл. УАСГНІЛ (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў павятовае вучылішча (1869). З 1875 пачаў працу па зборы калекцый раслін і вывядзенні новых сартоў пладовых і ягадных культур. Аўтар многіх сартоў, у т. л. яблыні Пепін шафранавы, Бельфлёр-кітайка, Славянка і інш., грушы Бэра зімовая Мічурына і інш. Распрацаваў метады селекцыі пладова-ягадных культур, у т. л. метад аддаленай гібрыдызацыі і інш. Атрымаў гібрыды яблыні і грушы, яблыні і рабіны, абрыкоса і слівы, айвы і яблыні, чаромхі і вішні, міндаля і персіка. Імя М. і яго праца былі выкарыстаны Т.​Дз.Лысенкам для абгрунтавання і папулярызацыі свайго вучэння.

Тв.:

Соч. Т. 1-4. 2 изд. М., 1948;

Избр. произв. 2 изд. М., 1955.

Літ.:

И.​В.​Мичурин в воспоминаниях современников. Тамбов, 1963;

Бахарев А.Н. Мичурин в жизни. Воронеж, 1970.

І.У.Мічурын.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫ БЮДЖЭ́Т у Рэспубліцы Беларусь,

асноўны фін. план складання і расходавання грашовых сродкаў для забеспячэння дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання, эканам. і сац. развіцця адпаведных адм.-тэр. адзінак. Кожная адм.-тэр. адзінка (вобласць, раён, горад, пасёлак гар. тыпу, сельсавет) мае свой бюджэт, які не ўваходзіць у бюджэты вышэйстаячых узроўняў. Складанне, разгляд, зацвярджэнне і выкананне М.б. ажыццяўляецца мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі і мясцовымі Саветамі дэпутатаў самастойна ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй. М.б. мае даходную і расходную часткі. У М.б. залічваюцца мясц. падаткі: зборы і пошліны, паступленні ад прыватызацыі камунальнай уласнасці, ад здачы камунальнай маёмасці ў арэнду, адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў па адпаведных нарматывах, частка прыбыткаў камунальных прадпрыемстваў і арг-цый, датацыі і дапамогі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Грашовыя сродкі, якія паступілі ў М.б., накіроўваюцца на вырашэнне пытанняў мясц. значэння. Мінімальныя памеры М.б. вызначаюцца на аснове нарматываў бюджэтнага забеспячэння на аднаго жыхара, інш. сац. нарматываў.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,

гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ МУЗЕ́Й у Санкт-Пецярбургу,

адзін з найбуйнейшых музеяў рускага мастацтва. Засн. ў 1895 як Р.м. імператара Аляксандра III (назва да 1917), адкрыты ў 1898. Размешчаны ў б. Міхайлаўскім палацы (1819—25, арх. К.​Росі) і зах. корпусе, дабудаваным у 1914—16 (арх. Л.​Бенуа). Засн. як маст. і культ.-гіст. музей. Акрамя маст. аддзела меў (да 1934) этнагр. (з 1902) і гісторыка-быт. (з 1913) аддзелы. Аснову калекцыі склалі творы жывапісу і скульптуры, перададзеныя з Пецярбургскай АМ, Эрмітажа, Зімняга, Гатчынскага і Аляксандраўскага палацаў. Пасля 1917 зборы значна папоўніліся, у 1934 створаны аддзел сав. мастацтва. Мае выдатныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу, жывапісу і скульптуры (самая вял. ў Расіі), графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва 18—20 ст. Музей — адна з вядучых навук.-маст. устаноў. У 1906—30 у этнагр. аддзеле Р.м. працаваў А.К.Сержпутоўскі.

Літ.:

Государственный Русский музей: Живопись XVIII—нач. XX в.: Кат. Л., 1980.

Рускі музей у Санкт-Пецярбургу.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

адзінка падатковага абкладання на Русі 13—15 ст. і ў Рас. дзяржаве 16—17 ст., з якой збіраўся дзярж. пазямельны падатак — пасошнае. Да сярэдзіны 16 ст. вымяралася колькасцю рабочай сілы. У 13—15 ст. С. складалі 2—3 селяніны-работнікі. Пры зборы падаткаў да адной С. прыраўноўвалі таксама 1 гарбарскі чан, невад, краму, кузню і г.д. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў розных землях Русі С. складала розныя велічыні. З сярэдзіны 16 ст. ў Рас. дзяржаве ў якасці падатковай адзінкі ўведзена т.зв. вялікая С., якая складалася з пэўнай колькасці чвэрцяў зямлі ў залежнасці ад катэгорыі ўладальнікаў (800—1200 чвэрцяў у свецкіх феадалаў, 600—800 у царквы, 500—700 у чарнасошных і дварцовых сялян) і якасці зямлі; для насельніцтва гар. пасадаў памер вял. С. вызначаўся пэўнай колькасцю двароў. У 1646 падворны прынцып вылічэння памеру С. ўведзены замест пазямельнага і ў сельскай мясцовасці. С. як адзінка падаткаабкладання скасавана ў 1679 з увядзеннем падворнага абкладання.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ у Маскве.

Склаўся на базе 5 асн. гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.​Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.

Літ.:

Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

т. 13, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн. т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б. СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.

На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс. га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн. т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс. га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.

Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.

Н.​І.​Жураўская.

Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады Сярэднегадавая плошча, тыс. га Ураджайнасць, ц/га Валавы збор, тыс. т
1971—75 915,2 142 12 996
1976—80 812,5 159 12 920
1981—85 750,5 154 11 559
1986—90 665,4 157 10 513
1991—95 603,4 131 9460
Да арт. Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.

т. 3, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ,

гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант. гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл. Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж. рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.

Літ.:

Вайнштейн О.Л. Западноевропейская средневековая историография. М.; Л., 1964;

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в. М., 1969;

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)