Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.
Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БЕРСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 17 — пач. 18 ст. Размяшчаўся за 3 км на ПнЗ ад в. Жабер Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Належаў кн. Вішнявецкім. Прамавугольнае ў плане ўмацаванне абкружана з трох бакоў вадзяным ровам (шыр. да 20 м, глыбіня 5 м), з захаду — ракой. Быў умацаваны высокім земляным валам з бастыёнамі на вуглах (пл. каля 1,5 га) і дубовым частаколам. З наваколлем злучаўся брамай і мостам. Замак разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21. Збярогся фундамент брамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНЫ ЗА́МАК.
Існаваў ў 1563—79 на беразе Павульскага воз. (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны з дрэва і каменю. Трохвугольная ў плане крэпасць з вежамі па вуглах (2 чацверыковыя з 2-схільнымі дахамі, і васьмерыковая з шатровым) і прамавугольнай у плане брамай была накрыта 2-схільным дахам, абкружана вадзяным ровам з мостам. Абарончыя сцены мелі ў верхняй ч. баявыя галерэі з абламамі і байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся 1-павярховыя жылыя дамы. Вядомы паводле гравюры С.Пахалавіцкага 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—2-й пал. 18 ст. Пабудаваны з дрэва на месцы гарадзішча стараж. Рагачова 11 ст., на высокім мысе ў сутоку рэк Дняпро і Друць. У 1750—60-я г.замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з 11 ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, сталовую, 5 жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Гал. ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палаца размяшчаліся флігель (8 жылых памяшканняў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гасп. пабудовы. Перад 2-яруснай брамай-вежай (у 1-м ярусе абапал праезда былі 2 каморы, у 2-м — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пач. 1770-х г.замак прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17 — пач. 18 ст. каля в. Крыўляны
(Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прамавугольніка план (пл. каля 11 га),
быў умацаваны земляным валам (шыр. 7—8, выш. каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шыр. 13—15, глыб. да 4 м). З паўн.-зах. боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з ПдУ. У паўн.-зах. частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гасп. пабудовы. Не збярогся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.