угнойванне с.-г. культур на працягу вегетацыйнага перыяду. Дапаўняе дапасяўное ўгнойванне, узмацняе жыўленне раслін, павышае іх ураджайнасць. Эфектыўнасць П.р. залежыць ад надвор’я, уласцівасцей угнаенняў (растваральнасць у вадзе, ступень перамяшчэння ў глебе і інш.). Бываюць П.р. каранёвая (угнаенні ўносяць у глебу, засвойваюцца праз карані) і пазакаранёвая (угнаеннямі апрацоўваюць зялёныя ч. раслін, засвойваюцца праз сцёблы і лісце).
Каранёвая П.р. — раскідванне сухіх угнаенняў з загортваннем у глебу ці без загортвання, унясенне вадкіх угнаенняў (напр., пры паліве); для азімых культур найб. эфектыўная ранняй вясной, для збожжавых — у пачатку калашэння. Пазакаранёвая П.р. — апырскванне раслін вадкімі ці апыльванне парашкападобнымі ўгнаеннямі; найб. эфектыўная для некат. збожжавых, прапашных, кармавых культур у 2-й пал.вегетац. перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),
гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.
Вялікі Аўстралійскі басейн, у Аўстраліі. Пл. каля 1,7 млн.км². Цягнецца больш як на 2200 км з Пн на Пд ад узбярэжжа зал. Карпентарыя да сярэдняга цячэння р. Дарлінг і амаль на 1800 км з З на У. Размешчаны ў прагіне стараж.крышт. фундамента; гал. ваданосныя гарызонты — мезазойскія пясчанікі, якія залягаюць на глыб. да 1200 м. Дэбіты свідравін ад некалькіх л/с да 25—40 л/с, самавыліванне да 60 л/с. Воды пераважна прэсныя ці слабамінералізаваныя (да 3—6 г/л). Жыўленне за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў і паверхневых вод. Патэнцыяльныя эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод 1772 млн.м³/год (у т. л. прэсных 872 млн.м³/год). Вада выкарыстоўваецца для гасп.-пітных мэт і на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРАЎША́Н,
рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане і Узбекістане. Даўж. 877 км, пл.бас. 17,7 тыс.км. У вярхоўі наз. Матча. Пачынаецца з Зераўшанскага ледавіка ў горным вузле Каксу на выш. каля 2800 м. Цячэ ў вузкай глыбокай даліне (300 км), ніжэй г. Самарканд распадаецца на 2 рукавы — Акдар’я (паўн.) і Карадар’я (паўд.), якія зноў зліваюцца каля кішлака Хатырчы. Ніжэй г. Пенджыкент З. цячэ па раўніне, яго воды разбіраюцца на арашэнне і рака не даходзіць да р. Амудар’я. Нізоўі жывяцца водамі р. Амудар’я па Аму-Бухарскім канале. Асн. прытокі ў вярхоўях — Фандар’я, Кштут, Магіян (злева). Жыўленне снегава-ледавіковае. Сярэдні гадавы расход вады 162 м³/с. Катакурганскае і Куюмазарскае вадасховішчы. У бас. З. — Зераўшанскі запаведнік. У даліне З. — гарады Самарканд, Бухара, Наваі, Катакурган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕСТР (малд.Ністру),
рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш. каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.
Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́Я,
рака на Д. Усходзе Расіі, левы прыток р. Амур. Даўж. 1242 км, пл.бас. 233 тыс.км². Пачынаецца на паўд. схілах Станавога хр., цячэ па Верхнязейскай раўніне ў даліне з шырокай поймай. Прарэзвае хр. Тукурынгра і Сактахан, утварае скалістую цясніну — Зейскія Вароты. У межах Амурска-Зейскай раўніны даліна месцамі пашыраецца да 10—20 км. Ніжэй вусця р. Селемджа цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне па шырокай забалочанай даліне. Асн. прытокі: Ток, Мульмуга, Бранта, Гілюй, Уркан (справа), Купуры, Аргі, Дэп, Селемджа, Том (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з ліст. да пач. мая, у вярхоўі перамярзае. Сярэдні гадавы расход вады 1900 м³/с. Пашырана шматгадовая мерзлата. У бас. З. больш за 19,5 тыс. азёр агульнай пл. 1021 км². Суднаходная ніжэй Зейскай ГЭС і па вадасховішчы. Зейскі запаведнік. На З. — гарады Зея, Свабодны, Благавешчанск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІ́,
рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс.км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫГІ́РКА,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл.бас. 360 тыс.км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс.км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА (ад удм. кам — рака, цячэнне),
рака ў еўрап.ч. Расіі, левы прыток р. Волга. Даўж. 1805 км, пл.бас. 507 тыс.км². Бярэ пачатак на Верхнякамскім узв., упадае ў Куйбышаўскае вадасховішча. Цячэ паміж узвышшамі Высокага Заволжа, па шырокай, месцамі звужанай даліне. У вярхоўях рэчышча няўстойлівае і звілістае. Пасля ўпадзення р. Вішара — мнагаводная рака. Сцёк К. на значным працягу зарэгуляваны плацінамі Камскай, Воткінскай і Ніжнякамскай ГЭС, вышэй якіх створаны вадасховішчы. Гал. прытокі: Вішара, Чусавая, Белая (злева), Вятка (справа).
Жыўленне пераважна снегавое, а таксама падземнае і дажджавое. Ледастаў з пач.ліст. ў вярхоўях і канца ліст. ў нізоўях да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Набярэжныя Чаўны 2940 м³/с. Ніжэй рэйда Керчаўскі рэгулярнае суднаходства. Асн. гарады і парты: Салікамск, Беразнікі, Перм, Краснакамск, Сарапул, Набярэжныя Чаўны, Чыстапаль.