КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.
Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.Ю.Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж.думы. Распалася ўвосень 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ САБО́РЫ, земскія саветы,
цэнтральныя агульнадзярж. саслоўна-прадстаўнічыя ўстановы з законадарадчымі функцыямі ў Расіі ў сярэдзіне 16—17 ст. (у 1610—13 найвышэйшыя заканад. і выканаўчыя органы). Удзельнічалі члены Баярскай думы, прадстаўнікі вышэйшага духавенства, дваран, мяшчан. На З.с. абмяркоўваліся найважн. пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі (абвяшчэнне вайны, збіранне войск і сродкаў на іх забеспячэнне, увядзенне новых падаткаў, выбранне або зацвярджэнне цароў, прыняцце рэформ, свецкіх і царк. кодэксаў). У 1566 скліканы ў сувязі з Лівонскай вайной, парушэннем Рэччу Паспалітай Дэулінскага перамір’я 1618 і Палянаўскага міру 1634, у 1653—54 — па пытанні аб’яднання Украіны з Расіяй і абвяшчэння вайны Рэччу Паспалітай, у 1683—84 — для зацвярджэння «Вечнага міру» з Рэччу Паспалітай і інш.
Літ.:
Черепнин Л.В. Земские соборы русского государства в XVI—XVII вв. М., 1978;
Павлов А.П. Государев двор и политическая борьба при Борисе Годунове (1584—1605 гг.). СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛІКАЎ (Кубанычбек Іманаліевіч) (16.9.1911, в. Уч-Эмчэк Канцкага р-на Чуйскай вобл., Кыргызстан — 9.12. 1978),
кіргізскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Кіргізіі (1947). Нар. паэт Кіргізіі (1969). Скончыў 1-ы Кіргізскі пед. тэхнікум (1931). Друкаваўся з 1928. Першая кн. «Вершы Кубанычбека» (1933) — водгук на тагачасныя падзеі. У зб-ках вершаў і паэм «Агні ў гарах» (1957), «Думы пра будучае» (1964), «Голас са скалы» (1966), «Ленін і Ісык-Куль» (1974) і інш. паэтызацыя жыцця і працы сучаснікаў, асэнсаванне маральна-этычных праблем. П’есы «На высокай зямлі» (паст. 1956), «Сэрца б’ецца» (паст. 1957), «Дзяўчаты з адной вуліцы» (1960), «Асманкул» (1970) і інш. адыгралі важную ролю ў станаўленні нац. драматургіі і т-ра. Адзін са складальнікаў зводнага варыянта эпасу «Манас». Сааўтар лібрэта опер «Айчурэк» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «Тактагул» (паст. 1958). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Р.Барадулін, М.Федзюковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»
(«Архив русской революции»),
зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.У.Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж.думы М.У.Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.Дз.Набокава, данскога атамана ген. П.М.Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.П.Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў» (гл.Акмеізм). Скразныя тэмы паэзіі Гарадзецкага — роздум пра лёс радзімы на розных гіст. этапах, рамантыка барацьбы за шчасце народа, цікавасць да простых працаўнікоў горада і вёскі, інтэрнац. салідарнасць. Аўтар зб. вершаў «Яр» (1907, тэмы і вобразы рус. фальклору), «Пярун» (1907), «Русь» (1910), «Серп» (1921), «З цемры да святла» (1926), «Грань» (1929), «Думы» (1942), «Паўночнае ззянне» (апубл. 1968), раманаў «Пунсовы смерч» (1927, пра падзеі 1-й сусв. вайны на Каўказе) і «Сады Семіраміды» (апубл. 1971, пра трагічныя падзеі ў Зах. Арменіі ў канцы 1916), аповесцей «Сутулаўскае гняздоўе» (1915), «Помнік паўстання» (1928), «Чорны шаль» (1929), паэм «Чырвоны Піцер» (1922), «Тры сыны» (1956) і інш., новага лібрэта да оперы М.Глінкі «Іван Сусанін» (1937—44). Перакладчык вершаў і паэм Я.Купалы («Над ракою Арэсай») і Я.Коласа («Новая зямля», «Рыбакова хата», з Б.Ірыніным і П.Сямыніным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛІК (Сяргей Піліпавіч) (25.10.1846, в. Свадкавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1926),
бел. рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Пецярбургскім і Кіеўскім ун-тах. Падтрымліваў сувязі з М.А.Бакуніным, П.Л.Лаўровым, П.М.Ткачовым. Стварыў народніцкія гурткі ў Пецярбургу, Харкаве, Саратаве, Самары і інш., якія вялі агітацыю сярод сялян. У ліп. 1874 арыштаваны ў Самарскай губ. разам з М.К.Судзілоўскім, адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па працэсе 193-х (1877—78) асуджаны на 10 гадоў катаргі. З 1880 у ссылцы ў Якуціі. З 1898 працаваў у Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Мінскай гар.думы, старшыня Мінскага губ. зямельнага к-та. У 1920—22 у нар. камісарыяце сац. апекі БССР. З 1922 выкладчык Мінскага палітэхнікума. Старшыня Мінскага аддз.т-ва паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Аўтар успамінаў «Рэвалюцыйны рух сямідзесятых гадоў і працэс 193-х» (надр. 1928), артыкулаў у час. «Былое» і «Каторга и ссылка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч [22.10.1884, в. Каштугі (?) Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — паміж 23 і 25.10.1937], рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Першыя зб-кі «Сосен перазвон» і «Брацкія песні» (абодва 1912) вытрыманы ў стылі раскольніцкіх песнапенняў, духоўных вершаў, апокрыфаў. Быў блізкі да сімвалістаў, узначальваў т.зв. «новасялянскую» плынь у рус. л-ры (С.Ясенін, А.Шыраевец, С.Клычкоў і інш.), паўплываў на раннюю творчасць Ясеніна. Архаічная па форме паэзія К. (зб-кі «Лясныя былі», 1913; «Мірскія думы», 1916; «Песнаслоў», кн. 1—2, 1919; «Ільвіны хлеб», 1922; «Хата і поле», 1928; паэмы «Пагарэльшчына», выд. 1987; «Песня пра Вялікую Маці», выд. 1991; і інш.) прасякнута сял. патрыярхальна-рэліг. настроямі, непрыхільным стаўленнем да горада і культуры індустр. Захаду. Ёй уласцівы нар.міфалагічная сімволіка, містыка-рамантычная інтэрпрэтацыя рус.нац. характару. У 1934 арыштаваны і сасланы ў Нарымскі край. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. Архангельск, 1986;
Избранное. М., 1988;
Песнослов: Стихотворения, поэмы. Петрозаводск, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж.думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж.думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.