РАХІ́МАЎ (Набі) (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),
узбекскі акцёр. Нар.арг.СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасць сцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАНЁЎ (Барыс Андрэевіч) (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав.гіст.-рэв.драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт.драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1995;
Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова),
маналагічнае маўленне, форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.
Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-пропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л.сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗАН,
1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар.драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.
3) Персанаж у творах У.Шэкспіра, П.Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.Марашэўскага, Е.Міровіча і інш.
У.Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.Міровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС ((Adomaitis) Рэгімантас) (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁНАК (Яўген Пятровіч) (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКІН (Самуіл Залманавіч) (5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),
яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял.Айч. вайны.