ПАЛЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + ...графія),

1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш. Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).

П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.​Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст. навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст. Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.​І.​Сразнеўскаму, А.​І.​Сабалеўскаму, В.​М.​Шчэпкіну, В.​Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.​І.​Грыгаровіч, А.​Турчыновіч, М.​В.​Каяловіч, І.​М.​Даніловіч, М.​К.​Любаўскі, М.​К.​Баброўскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​П.​Сапуноў, Дз.​І.​Даўгяла, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Улашчык, В.​І.​Баркоўскі, А.​П.​Ігнаценка, В.​І.​Мялешка, В.​Ф.​Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.​Ю.​Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.​У.​Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.​М.​Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.​І.​Жураўскі і Л.​М.​Шакун. Бел. славіст М.​А.​Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіцця бел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.​Т.​Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.​К.​Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.​Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.​Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.​К.​Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.​Д.​Гурэвіч, Я.​Г.​Звяруга, А.​М.​Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.​В.​Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).

2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.

Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.​А.​Кусмакера, а таксама І.​Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.​Рыман, О.​Фляйшэр, П.​І.​Вагнер, П.​Ферэці, Ж.​Хандшын, Э.​Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.​Гастуэ і Ж.​Б.​Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.​Велеса, Г.​Тыльярда і К.​Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В.​Ундольскаму (1846) і І.​Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.​Адоеўскі, У.​Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.​Разумоўскі, С.​Смаленскі, В.​Металаў, А.​Праабражэнскі, І.​Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.​Бяляеў, М.​Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П і школы муз. медыявістыкі — М.​Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.​Ара, І.​Гарднер, Э.​Кошмідэр, М.​Веліміровіч, Р.​Палікарава-Вердэй, О.​Странк, К.​Флорас, К.​Леві, Б.​Карастаянаў і інш.

На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.​Ліхач і інш. Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.

Літ.:

Соболевский А.И. Славянорусская палеография: Лекции. 2 изд. СПб., 1908;

Карский Е.Ф. Белорусы: Язык бел. народа. Вып. 1. М., 1955;

Жуковская Л.П. Развитие славяно-русской палеографии. М., 1963;

Тихомиров М.Н., Муравьев А.В. Русская палеография. М., 1966;

Фридрих И. История письма: Пер с нем. М., 1979;

Разумовский Д.В. О нотных безлинейных рукописях церковного знаменного пения. М., 1863;

Смоленский С.В. Азбука знаменного пения: Извещение о согласнейших пометах старца Александра Мезенца. Казань, 1888;

Яго ж. О древнерусских певческих нотациях. СПб., 1901;

Металлов В.М. Русская семиография. М., 1912;

Преображенский А.В. О сходстве русского музыкального письма с греческим в певческих рукописях XI—XII вв. СПб., 1909;

Никишов Г.А. Сравнительная палеография кондакарного письма XI—XIV вв. // Musica antiqua. Bydgoszcz, 1975;

Христофор. Ключ знаменной. 1604. М., 1983 (Памятники рус. муз. искусства. Вып 9);

Проблемы дешифровки древнерусских нотаций: (Сб.) Л., 1987.

У.​М.​Свяжынскі (літаратура), Л.​П.​Касцюкавец (музыка).

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,

навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.

Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст. н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.​Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.​Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.​Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.​Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.​Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.​Віка, Ш.​Мантэск’ё, І.​Гердэр, І.​Кант, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.​Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.​Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.​Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.​Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.​Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.​Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.​Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).

Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, А.​Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.​Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.​Філіповіча, М.​Сматрыцкага, братоў Л. і С.​Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.​Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.​Храптовіч, І.​Страйноўскі, К.​Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.​Галянскі, Э.​Славацкі, Л.​Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел. нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, дзеячаў Бел. сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, публіцыстаў Л.​Гмырака (М.​Бабровіча), С.​Ясяновіча (С.​Палуяна), гісторыка М.​В.​Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.​Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.​Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.​Іваноўскага, С.​Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.​Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.​Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.​Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кі арт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.​Падокшын, В.​Пузікаў, Я.​Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.​Дуброўскі, К.​Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.​Бірала, Э.​Дарашэвіч, У.​Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.​Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.​Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа (А.​Майхровіч), гісторыі бел. эстэт. думкі і маст. культуры (У.​Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел. філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.​Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р,

выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).

Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).

Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.​Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.​Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).

У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.​Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр. Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».

У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.​В.​Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.​І.​Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.​Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.​Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».

У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.​Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.

А.​Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел. выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.​Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-ва бел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел. сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел. выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.

У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.​Матусевіч, выд. газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял. Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.​Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».

З 1957 Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).

Літ.:

Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;

Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;

Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.​Добраўскі, І.​Юнгман (1773—1847), Я.​Колар, Ф.​Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.​Палацкі, П.​І.​Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш. слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.​Раіча і В.​Караджыча, у Славеніі — В.​Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.​Патоцкі, С.​Б.​Ліндэ, В.​Суравецкі (1769—1827), З.​Даленга-Хадакоўскі, А.​Міцкевіч, І.​Лялевель, В.​А.​Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.​В.​Ламаносава, В.​М.​Тацішчава, М.​М.​Карамзіна, А.​Х.​Вастокава, Ю.​І.​Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш. Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.​Г.​Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.​П.​Пагодзіна, В.​М.​Бадзянскага, І.​А.​Сразнеўскага, В.​І.​Грыгаровіча, Ф.​А.​Буслаева, А.​А.​Патабні, М.​Н.​Спяранскага, А.​А.​Шахматава, А.​А.​Сабалеўскага, М.​К.​Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.​Дз.​Грэкаў, М.​П.​Грацыянскі, М.​С.​Грушэўскі, М.​С.​Дзяржавін, М.​М.​Ціхаміраў, Б.​А.​Рыбакоў, П.М.​Л.​Траццякоў, Ю.​У.​Брамлей, У.​Д.​Каралюк, В.​В.​Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас. АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.​Неедлы (Чэхаславакія), У.​Геаргіеў (Балгарыя), І.​Лер-Сплавінскі, Г.​Лаўмянскі, І.​Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.​Шцёкль, М.​Фларынскі, Г.​У.​Вярнадскі, Р.​Якабсон, Э.​Фром і інш.

На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац. гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.​І.​Грыгаровіча, М.​В.​Каяловіча, І.​І.​Насовіча, П.​М.​Жуковіча, А.​П.​Салунова, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Я.​Ф.​Карскага, Е.​Р.​Раманава, П.​А.​Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац. бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.​А.​Пічэта, У.​М.​Перцаў, А.​П.​П’янкоў, І.​В.​Воўк-Левановіч, А.​М.​Ляўданскі і інш.

У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.​Я.​Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.​М.​Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.​Ю.​Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.​В.​Івашынай і Б.​А.​Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.​Б.​Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.​В.​Лявонавай (1988), «Польская мова» А.​К.​Кіклевіча, А.​А.​Кожынавай і І.​У.​Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.​Б.​Жураўля, А.​В.​Зінкевіча, А.​М.​Калюты, А.​М.​Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.​В.​Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.​А.​Чароты і М.​В.​Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.​У.​Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.​А.​Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.​П.​Антропаў, Г.​Ф.​Вештарт, Л.​Ц.​Выгонная, В.​Л.​Вярэніч, Р.​У.​Краўчук, І.​І.​Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.​Я.​Міхневіч, А.​С.​Сакалоўская, Цыхун, В.​М.​Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.​А.​Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.​П.​Кабашнікава, творы Л.​М.​Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.​Г.​Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.​П.​Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.​В.​Аржахоўскі, Н.​А.​Гусакова, Э.​М.​Загарульскі, Р.​Р.​Лазько, Л.​В.​Лойка, Д.​Б.​Мельцэр, Л.​Л.​Міхайлоўская, С.​В.​Пазняк, А.​П.​Салькоў, Л.​П.​Сушкевіч, Н.​А.​Царук, В.​М.​Чарапіца, М.​Э.​Часноўскі, А.​А.​Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел. нац. к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар. навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».

Літ.:

Советское славяноведение. М., 1963;

Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.

А.​В.​Зінкевіч, Я.​І.​Трашчанок.

т. 14, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З КІНЕМАТАГРАФІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз кінематаграфістаў,

добраахвотная грамадская творчая арганізацыя дзеячаў кінамастацтва Рэспублікі Беларусь (сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, мастакоў, акцёраў, кіназнаўцаў, крытыкаў, арганізатараў кінавытворчасці і інш.). Мае на мэце садзейнічаць развіццю нац. кінамастацтва, росту эстэт., маральнай і духоўнай культуры грамадства, арганізацыі інтэлектуальна-творчага асяроддзя і ўмоў для стварэння маст., дакумент. і анімацыйных фільмаў. Створаны ў ліст. 1962 на 1-м устаноўчым з’ездзе кінематаграфістаў Беларусі (аргкамітэт засн. ў ліст. 1957) як С.к.Б. З 1999 наз. Бел. саюз кампазітараў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд кінематаграфістаў Беларусі, выканаўчы — праўленне. З’езды адбыліся ў 1967, 1971, 1976, 1981, 1986, 1991, 1994, 1997, 1998, 2000. Першыя сакратары праўлення: У.​Корш-Саблін (1957—74), І.​Дабралюбаў (1974—76), В.​Тураў (1976—81), А.​Карпаў (1981—86), В.​Нікіфараў (1986—91); старшыні: А.​Красінскі, Нікіфараў (1991—94), Красінскі (1994—97), І.​Воўчак (1997—2000), Ю.​Марухін (з 2000). Праводзіць фестывалі, канферэнцыі, семінары, творчыя сустрэчы, абмеркаванні фільмаў, займаецца матэрыяльна-быт. пытаннямі, абараняе прафес. інтарэсы і правы кінематаграфістаў. Мае гільдыі (кінарэжысёраў, кінааператараў, акцёраў), секцыі і камісіі (маладых кінематаграфістаў, ветэранаў, арганізатараў вытв-сці, сацыяльна-быт.), дырэкцыю фестывальных праграм, з’яўляецца заснавальнікам шэрагу самаст. студый. Уваходзіць у Бел. канфедэрацыю творчых саюзаў і Канфедэрацыю саюзаў кінематаграфістаў краін СНД і Прыбалтыкі. У чэрв. 1999 перайменаваны ў Рэсп. грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз кінематаграфістаў». На 5.2.2002 у саюзе 362 члены.

Члены Беларускага саюза кінематаграфістаў

1957. У.​Л.​Акуліч, Т.​Н.​Аляксеева, К.​Г.​Бак, У.​П.​Белавусаў, М.​З.​Бераў, М.​М.​Блісцінаў, Е.​Л.​Бондарава, С.​М.​Браўдэ, Н.​У.​Брыльянтшчыкава, А.​А.​Булінскі, Ю.​А.​Булычоў, І.​Н.​Вейняровіч, Е.​М.​Ганкін, М.​І.​Гарбуноў, Л.​У.​Голуб, К.​Л.​Губарэвіч, У.​У.​Корш-Саблін, А.​А.​Куляшоў, Л.​І.​Матусевіч, І.​Ц.​Пікман, В.​П.​Смоляр, С.​І.​Сплашноў, М.​А.​Стальмакова, У.​М.​Стральцоў, В.​Ц.​Тураў, Г.​Я.​Удавянкоў, М.​П.​Фрайман, С.​Р.​Фрыд, У.​П.​Цяслюк.

1958. П.​С.​Васілеўскі, А.​Я.​Карпаў, Б.​К.​Сарахатунаў.

1959. А.​Е.​Кучар, У.​А.​Пужэвіч, Я.​П.​Сакалоў, П.​П.​Шамшур, В.​М.​Шаталаў.

1960. А.​Ц.​Аўдзееў.

1961. М.​Дз.​Ведзянееў, М.​Лужанін (А.​А.​Каратай), Р.​І.​Масальскі, Б.​М.​Сцяпанаў.

1962. Ю.​П.​Альбіцкі, В.​М.​Дзёмкін, В.​Р.​Карпілаў, Г.​Л.​Лейбман, І.​К.​Рамішэўскі, С.​І.​Тульман, У.​С.​Усціменка, І.​Л.​Хазанская, Р.​З.​Ясінскі.

1963. Р.​І.​Глухоўскі, А.​В.​Красінскі, В.​І.​Смаль, У.​Дз.​Станкевіч, Г.​П.​Тарасевіч.

1964. В.​С.​Анціпаў, М.​В.​Бярковіч, У.​А.​Дзяменцьеў, Я.​А.​Ігнацьеў, Ю.​А.​Марухін, Ч.​І.​Цяўлоўскі.

1965. Ю.​М.​Дубровін, А.​А.​Жук, Ю.​Я.​Збоеў, В.​А.​Поршнеў, В.​М.​Сукманаў.

1966. В.​А.​Арлоў, С.​Н.​Вейняровіч, І.​М.​Дабралюбаў, М.​Б.​Дзодзіева, Ю.​В.​Лысятаў, С.​І.​Міхліна, В.​Я.​Нікалаеў, Б.​А.​Папоў, А.​М.​Парыцкі, Ю.​Л.​Рыбчонак, Н.​П.​Сава, Б.​С.​Смірноў, Ю.​М.​Цвяткоў, В.​П.​Чацверыкоў.

1967. Г.​С.​Бекарэвіч, А.​М.​Браілоўскі, А.​М.​Бычкоўскі, Л.​Р.​Вежнявец, У.​Э.​Іваноўскі, Ю.​М.​Іванцоў, Б.​Ф.​Кавецкі, Р.​Я.​Кобец, В.​Г.​Кубараў, А.​І.​Лазіцкі, У.​А.​Пранько, І.​А.​Рудамётаў, Л.​Р.​Румянцава, М.​С.​Юрэвіч.

1968. В.​П.​Алешка, Г.​А.​Дубровіна.

1969. А.​У.​Грыбава, В.​Н.​Дашук, М.​К.​Заслонава, М.​А.​Калінін, У.​Я.​Карасёў, В.​Ф.​Нячай, С.​У.​Пятроўскі, Г.​Ф.​Таран, А.​Дз.​Ястрабаў.

1970. Дз.​Я.​Зайцаў, А.​С.​Ігішаў.

1971. П.​К.​Аліфярэнка, Э.​І.​Гайдук, А.​М.​Іваноў, П.​В.​Кармунін, А.​І.​Клімава, В.​П.​Тарасаў, Б.А́Шангін, Р.​І.​Янкоўскі, М.​М.​Яроменка.

1972. Б.​А.​Аліфер, У.​Я.​Гарбачоў, Л.​В.​Емяльянаў, Ф.​Я.​Конеў, Ф.​М.​Осіпаў, А.​І.​Сіманаў, Р.​Р.​Храпуцкі.

1973. С.​І.​Шухман.

1974. І.​П.​Афанасьеў, А.​А.​Дзялендзік, Л.​У.​Мартынюк, Э.​А.​Мілова, С.​Дз.​Міхайлава, В.​А.​Нікіфараў, С.​Г.​Палякоў, У.​Ф.​Паначэўны, Э.​Н.​Садрыеў, У.​У.​Цяслюк, Р.​М.​Шмыроў.

1975. Н.​А.​Жукоўская, І.​І.​Каваленка, С.​І.​Канавалаў, Ф.​А.​Кучар, С.​П.​Лук’янчыкаў, Дз.​Н.​Міхлееў, Г.​Р.​Рагачова, В.​Д.​Рубінчык, С.​І.​Сухавей, С.​П.​Турава, І.​І.​Шышоў.

1976. А.​І.​Алай, В.​Р.​Бірукоў, М.​С.​Браўдэ, Р.​Г.​Гольдберг-Раманаў, А.​П.​Дзянісаў, Г.​В.​Ратнікаў.

1977. А.​М.​Адамовіч, Н.​Т.​Жыжаль, А.​Я.​Кавецкая, І.​В.​Калоўскі, А.​П.​Колас, К.​С.​Красніцкі, В.​Я.​Купрыянаў, Т.​Дз.​Логінава, А.​Л.​Мілаванаў, М.​М.​Пташук, В.​П.​Рыбараў, Э.​Р.​Сямёнава, В.​Л.​Сяргееў, С.​В.​Урусаў, У.​Т.​Халіп, У.​Ф.​Чарнышоў, А.​І.​Чартовіч.

1978. У.​А.​Арлоў, Г.​С.​Аўсяннікаў, В.​Р.​Басаў, І.​Д.​Белавус, В.​С.​Белахвосцік, В.​Дз.​Булавіна, У.​Ф.​Васінеўскі, Г.​П.​Гірава, А.​В.​Зубрыцкі, М.​А.​Карпук, А.​У.​Кляйменаў, А.​М.​Крукоўскі, М.​М.​Мартынюк, В.​М.​Назараў, Н.​А.​Суханава.

1979. А.​П.​Бабкова, Ю.​С.​Бароўскі, М.​А.​Жданоўскі, А.​А.​Карпаў, У.​П.​Папоў, С.​С.​Пахіленка, С.​Д.​Цярэшчанка, А.​В.​Яфрэмаў.

1980. А.​П.​Белавусаў, А.​С.​Бяспалы, Я.​К.​Вайтовіч, Л.​В.​Гедравічус, В.​П.​Гроднікаў, У.​У.​Грыцэўскі, Р.​А.​Гушчына, Я.​І.​Крупеня, А.​І.​Мацвяйчук, Р.​З.​Мірскі, Т.​Т.​Мужэнка, Л.​А.​Нячаеў, І.​Л.​Пісьменная, Н.​У.​Розанцава, Л.​А.​Рэніч, У.​Л.​Січкар, А.​А.​Сярбантаў, В.​В.​Шанько, П.​П.​Юрчанкоў, Л.​П.​Яршоў.

1981. У.​В.​Гасцюхін, У.​І.​Гаўрыкаў, В.​С.​Морс, Ю.​М.​Плюшчаў, С.​М.​Станюта, А.​І.​Шклярэўскі.

1982. А.​М.​Аржылоўскі, І.​Дз.​Кавелашвілі, І.​І.​Мацкевіч, М.​Я.​Пяцігорская, Л.​Б.​Шчаглоў.

1983. А.​І.​Бецеў, Л.​М.​Гарохава, Ю.​М.​Гарулёў, В.​Ф.​Жыгалка, С.​А.​Картэс, А.​А.​Салавей, Ю.​А.​Санжарэўскі, У.​І.​Святлоў, Л.​Н.​Слобін, І.​В.​Тапілін, Н.​Ц.​Фральцова, Б.​К.​Шадурскі.

1984. А.​Л.​Верашчагін, С.​А.​Гайдук, Г.​М.​Гарбук, Б.​М.​Гарошка, У.​А.​Калашнікаў, А.​І.​Кудраўцаў, Я.​А.​Ларчанка, Т.​Р.​Мархель, У.​В.​Мацвееў, В.​А.​Тарасаў, Т.​М.​Цюрына.

1985. В.​П.​Букін, Я.​С.​Волкава, В.​Л.​Доўнар, В.​Дз.​Панамароў, М.​Г.​Паўлаў, Л.​В.​Паўлючык, М.​І.​Сідорчанка, С.​У.​Смірноў, У.​П.​Спарышкоў, В.​В.​Шавялевіч, Р.​І.​Шаталава.

1986. А.​В.​Пяткевіч.

1987. Т.​У.​Жыткоўская, У.​П.​Пяткевіч, С.​А.​Чупроў.

1988. С.​А.​Алексіевіч, У.​В.​Бокун, І.​В.​Воўчак, А.​М.​Голуб, М.​І.​Комаў, Л.​І.​Пінчук, Н.​А.​Сардарава, Ю.​І.​Хашчавацкі.

1989. Ю.​А.​Аксанчанка, А.​М.​Банад, Л.​Л.​Баталава, В.​А.​Ганчарова, Н.​М.​Гурло, А.​П.​Данец, У.​В.​Дашук, В.​П.​Дзяругін, А.​С.​Дударэнка, В.​А.​Дудзін, С.​Л.​Зубікаў, В.​П.​Кавалёў, В.​В.​Кавальчук, А.​В.​Казазаеў, В.​І.​Казлоў, А.​І.​Калашнікаў, В.​І.​Калядэнка, А.​У.​Кацянёў, А.​Г.​Корчыкаў, Л.​Ц.​Мікула, В.​В.​Моракава, У.​Р.​Мушперт, А.​С.​Полагаў, І.​В.​Поршнеў, А.​Ф.​Рудзь, У.​П.​Сухадолаў, А.​М.​Цімошкін, А.​М.​Чакмянёў, А.​У.​Шкадарэвіч, М.​М.​Шэлехаў.

1990. А.​А.​Абадоўскі, Я.​Д.​Будзінас, А.​В.​Гур’еў, Л.​М.​Зайцава, Г.​П.​Злабенка, Н.​У.​Лось, С.​П.​Пераверзева, С.​Р.​Сычоў, А.​М.​Тыцюха, В.​І.​Ханцеева, Л.​М.​Цыпкіна.

1991. М.​І.​Андруковіч, В.​І.​Анціпава, В.​Б.​Баброўскі, В.​М.​Бандарэнка, С.​А.​Бубенка, С.​А.​Булыга, Э.​М.​Гарачы, Л.​М.​Давідовіч, І.​М.​Дзям’янава, І.​А.​Дылеўскі, А.​Дз.​Зайцаў, С.​В.​Іваноў, В.​С.​Іваноўскі, Дз.​У.​Іосіфаў, В.​М.​Каралёў, А.​Б.​Кашпераў, С.​А.​Кішоў, Н.​А.​Крывашэева, А.​Р.​Ледзянёў, І.​А.​Лянёў, В.​А.​Мядзведзева, У.​А.​Мірашнічэнка, У.​Я.​Міхарскі, І.​В.​Нарбекава, В.​К.​Небышынец, С.​А.​Новікаў, А.​К.​Памазан, А.​Э.​Пасіч, А.​І.​Паўлаў, М.​У.​Пятроў, М.​Ц.​Ражкоў, К.​І.​Рамішэўскі, Л.​П.​Саянкова, А.​М.​Смірноў, Ж.​П.​Чацверыкова, Г.​Я.​Чацверыкоў, С.​М.​Шульга, А.​Р.​Шыцікаў, М.​Г.​Южык.

1993. Ю.​П.​Ківалаў-Станкевіч, Х.​Н.​Хасанава.

1994. С.​П.​Бельцюкоў, С.​М.​Гасцюхіна, А.​Б.​Залётнеў, І.​В.​Кадзюкова, В.​М.​Капыцько, М.​П.​Князеў, А.​І.​Кудраўцаў.

1995. В.​М.​Анапрыенка, І.​А.​Аўдзееў, Б.​З.​Берзнер, В.​Я.​Бялько, Л.​А.​Зубенка, А.​А.​Калоўская, Г.​В.​Канановіч, А.​С.​Каткоў, В.​М.​Кацарэнка, Т.​В.​Кубліцкая, А.​А.​Ленкін, М.​Л.​Мартынюк, С.​Э.​Мураўскі, Н.​В.​Пальчонак, А.​Р.​Рыклін, А.​А.​Сакольчык, А.​Б.​Сергачоў, Т.​У.​Федасеенка, Г.​І.​Холад, В.​В.​Швяцоў.

1996. Г.​В.​Адамовіч, Ю.​У.​Азаронак, Л.​У.​Асіненка, В.​М.​Аслюк, І.​Я.​Белакапытаў, С.​Т.​Бондараў, Ю.​М.​Бяржыцкі, І.​А.​Волах, А.​М.​Волкаў, С.​А.​Галавецкі, Р.​В.​Грыцкова, А.​А.​Дудараў, Р.​Я.​Зголіч, С.​А.​Ісакаў, С.​Г.​Кацьер, В.​В.​Красноў, А.​Я.​Кудраўцаў, З.​Я.​Мажэйка, В.​В.​Марчанкова, І.​С.​Пашкевіч, А.​В.​Пестралобаў, В.​Ю.​Савіна, В.​А.​Сцяпанава, У.​А.​Талкачыкаў, А.​М.​Трафіменка, А.​В.​Турава, Д.​В.​Хайцін, І.​В.​Чацверыкоў, Я.​М.​Шыфрын, В.​Р.​Шышоў.

1997. А.​А.​Волкаў, Т.​І.​Гарчакова, А.​Ю.​Казакоў, І.​М.​Калінка, І.​В.​Лазярко, У.​І.​Матросаў, С.​В.​Спяранскі, Дз.​М.​Сурыновіч, Г.​Ю.​Тумеля, М.​Б.​Тумеля, У.​Ю.​Шчагалькоў, А.​Я.​Шчэпетаў.

1998. С.​М.​Арцімовіч, М.​С.​Зусмановіч, С.​В.​Катаржэнка, В.​П.​Коктыш, П.​В.​Крывастаненка, А.​Р.​Проліч, Л.​М.​Пташук, А.​І.​Сільвановіч, Ю.​П.​Чабатароў, М.​І.​Чаргінец, Н.​М.​Шукан, С.​Ю.​Шункевіч.

1999. Ю.​А.​Дакучаеў, А.​А.​Карпілава, Л.​І.​Пруднікаў, П.​Л.​Хацько, А.​І.​Чупрынскі, Г.​У.​Шур, У.​Р.​Янкоўскі.

2000. С.​А.​Акружная, У.​В.​Дзёмкін, Н.​А.​Касцючэнка, Я.​І.​Краўцоў, А.​А.​Лапатко, С.​А.​Матылёнак, Ю.​К.​Мільтнер, С.​М.​Мосін, У.​А.​Мядзведзеў, К.​І.​Патапаў, С.​Г.​Саўчык, Л.​М.​Цімашэнка, Л.​В.​Чыжэўская, В.​В.​Чыкіна, Т.​І.​Яўменава.

2001. Т.​П.​Адыгеева, У.​А.​Байрачны, М.​В.​Бурачэнка, А.​М.​Бычкоў, Н.​М.​Вараб’ёва, Г.​В.​Вольскі, І.​К.​Грышан, А.​А.​Кудзіненка, В.​В.​Леўчанка, С.​А.​Машкоўская, Д.​Л.​Ніжнікоўская, В.​Дз.​Новікаў, Г.​П.​Сідарэнка, Н.​А.​Сосіна, Г.​Р.​Шкораў, Г.​В.​Шкуратаў.

А.​У.​Шкадарэвіч.

т. 14, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫНАЗНА́ЎСТВА,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні. У шырокім сэнсе ў С. ўключаюцца таксама навук. і папулярныя публікацыі, маст. творы (літ. і выяўл. мастацтва, кінафільмы, тэатр. пастаноўкі, паштовыя маркі і г.д.), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам, асэнсаванне яго ролі ў развіцці айч., еўрап. і сусв. культуры ад сярэдневякоўя да сучаснасці.

Першыя звесткі пра кнігі Скарыны занатаваны яшчэ пры яго жыцці (віленскі святар Мацвей, 1522; пратэстанцкі біскуп Прусіі П.​Сператус, каля 1530; італьян. мовазнавец Т.​А.​Альбанезі, 1539, і інш.). Дзейнасць Скарыны прыцягвала ўвагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў 16—17 ст. найперш з-за біблейскай тэматыкі, моўных, рэд., перакладчыцкіх і друкарскіх своеасаблівасцей яго выданняў. Ў часы Адраджэння, Рэфармацыі і пазней выданні Скарыны неадназначна ўспрымаліся паліт. і культ. дзеячамі (С.​Будны, І.​Фёдараў, А.​Курбскі, Ш.​Старавольскі), іерархамі розных канфесій, прадстаўнікамі поліэтнічнай інтэлігенцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Звесткі італьян. публіцыста П.​П.​Вергерыя (Верджэрыо) пра «рус. Біблію», якую ён бачыў у Вільні ў 1550-я г., паўтораны Ж.​Ле Лонгам (1709), І.-П. Колем (1729), Я.-Д.​Гофманам (1740). У сярэдзіне 18 ст. ням. даследчык С.​В.​Рынгельтаўб адзначаў кнігі Скарыны толькі як адну з крыніц больш позніх пратэстанцкіх перакладаў Бібліі Буднага. Станаўленне рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў Расіі ў канцы 18—пач. 19 ст. (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) паставіла пытанне пра пашырэнне гіст. і культуралагічных славяназнаўчых даследаванняў у новых этнатэрытарыяльных межах, што дало пазітыўныя вынікі і ў вывучэнні спадчыны Скарыны. У працах І.​Р.​Бакмейсцера, І.​Г.​Штрытэра, П.​А.​Аляксеева апісаны асобныя кнігі Скарыны, прыведзены фрагментарныя звесткі з яго біяграфіі, высвятляліся аспекты яго рэдакцыйна-перакладчыцкай дзейнасці ў параўнанні з маскоўскімі выданнямі і зах.-еўрап. традыцыямі. Чэшскі славіст і асветнік І.​Добраўскі першы адзначыў, што кнігі Скарыны прызначаліся «простым русінам», а «літоўская мова яго выданняў значна адрознівалася ад традыцыйных царкоўнаславянскіх рукапісаў». Ён даказаў, што Скарына пры перакладзе Бібліі карыстаўся чэшскім перакладам Вульгаты, а яго Біблія друкавалася ў чэшскай, а не варшаўскай Празе. У сярэдзіне 19 ст. рас. мастацтвазнавец Дз.​А.​Равінскі адзначаў арыгінальнасць, высокі ўзровень і якаснае тэхн. выкананне фігурных гравюр у пражскай Бібліі, апісаў іх тэматыку. На яго думку, гравюры Скарыны не маюць аналагаў у еўрап. кнігадрукаванні. Ён высока ацаніў партрэт Скарыны, «падпісаны невядомым майстрам». Лічыў, што віленскае кнігадрукаванне не дасягнула ўзроўню пражскіх выданняў. У.​В.​Стасаў звярнуў увагу на маст. вартасць, дасканаласць і «тонкасць» віленскіх ініцыялаў і заставак. Гэтыя асаблівасці малых кніжак Скарыны (разам з вельмі добрым шрыфтам) робяць іх падобнымі да слав. «эльзевіраў». Стасаў выказаў меркаванне, што ў пражскай друкарні Скарыны працавала некалькі гравёраў, у т. л. «славянскага племені», што ў гравюрах «адчуваецца славянскі тып твару і адзення». На думку археографа А.​Я.​Віктарава, пражскі Псалтыр 1517 найб. адпавядаў рэліг. і кніжна-асветніцкім патрэбам «рускага» насельніцтва. Ён крытыкаваў сцвярджэнні некат. даследчыкаў (Я.​Ф.​Галавацкага, В.​Копітара) адносна каталіцкіх або рэфармацыйных поглядаў Скарыны. Найб. грунтоўна наяўныя на той час выданні Скарыны апісаў В.​С.​Сопікаў. Поўнае і разгорнутае апісанне ўсіх вядомых пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны зрабіў І.​П.​Каратаеў у бібліягр. працах 1878 і 1883. Больш плённы перыяд у С. пачаўся з выхадам у свет доктарскай дысертацыі славіста П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), якая адкрывалася гістарыяграфічным даследаваннем. Дзейнасць Скарыны ён разгледзеў на фоне «маральна-рэлігійнага і духоўнага» жыцця ВКЛ і падкрэсліў важную яго ролю ў стварэнні духоўных перадумоў для культ. і грамадска-паліт. актыўнасці мяшчанства, для пашырэння кантактаў з краінамі Цэнтр. і Зах. Еўропы, для эвалюцыі кніжнага пісьменства, пранікнення нар. мовы ў л-ру. Па дакумент. крыніцах ён узнавіў жыццёвы шлях Скарыны, адзначыў яго «заходнярускае» паходжанне, сувязі з родным Полацкам, спрабаваў звязаць дзейнасць Скарыны з культ. развіццём «заходнярускіх» зямель канца 15 — пач. 16 ст., прааналізаваў амаль усе вядомыя на той час спісы выданняў Скарыны, асабліва рэдкія рукапісы, якія, магчыма, данеслі да нас тэксты нявыдадзеных або страчаных кніг Скарыны. Значная частка Гэтай працы прысвечана характарыстыцы мовы скарынаўскіх перакладаў, друкарскіх і маст. асаблівасцей выданняў. На яго думку, «руская» (беларуская) мова Скарыны найб. выразна адчуваецца ў пражскіх кнігах. Праблему мовы Скарыны «ўзору беларускай гутаркі пачатку 16 ст». першы навукова паставіў Ф.​Буслаеў. Падобнай думкі прытрымліваліся А.​Аганоўскі, Уладзіміраў, М.​Мурко, М.​Драгаманаў, чэшскі філолаг І.​Первольф, польскія вучоныя С.​Ліндэ, М.​Вішнеўскі, А.​Брукнер, Л.​Васілеўскі. За разнавіднасць польскай выдавалі мову Скарыны П.​Кепен, В.​Бадзянскі, Галавацкі. З поглядамі пра «рускі» (беларускі) характар скарынавых твораў не пагаджаўся А.​Сабалеўскі, які лічыў яе царкоўнаславянскай. Значны ўклад у С. зрабіў Я.​Ф.​Карскі, які разгледзеў дзейнасць Скарыны на агульным фоне развіцця бел. культуры, мовы, асветніцтва. На мяжы 19—20 ст. і пазней у т.зв. нашаніўскі перыяд пачынаецца ўласна бел. С.: публікацыі А.​Кіркора, М.​Доўнар-Запольскага, А.​Ельскага, А.​Сапунова, І.​Луцкевіча, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, Л.​Гмырака, Р.​Зямкевіча, пасля М.​Гарэцкага, У.​Ігнатоўскага, М.​Янчука, М.​Шчакаціхіна і інш. У 1921 выйшла філасофска-публіцыст. эсэ І.​Абдзіраловіча (І.​Канчэўскага) «Адвечным шляхам», у якім нац.-асветніцкі ідэал Скарыны прадстаўлены ўзорнай дамінантай на гіст.-цывілізацыйным шляху самабытна-творчага самасцвярджэння бел. супольнасці пры яе неадназначным геапаліт. становішчы паміж візант. Усходам і рыма-каталіцкім Захадам. У 1925 у Вільні выйшаў навук.-папулярны нарыс А.​Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі», у 1926 у Коўне — манаграфія Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». На думку Ластоўскага, выдавецкую дзейнасць Скарыны падтрымлівалі віленскае і полацкае купецтва, кнігі друкаваліся «па магчымасці на зразумелай народу мове», усталёўвалі «жыццёвую мудрасць» — ідэі патрыятызму, маральнага ўдасканалення, спрыялі развіццю свецкіх навук. На яго думку, процідзеянне Скарыне аказвала правасл. і каталіцкае духавенства, што ў значнай меры паслужыла і прычынай спынення яго друкарскай дзейнасці.

Усе манаграмы і крыптанімы ў пражскіх і віленскіх выданнях Скарыны даследчык прыпісваў мясц. майстрам«русінам». З нагоды 400-гадовага юбілею віленскіх выданняў Скарыны ў 1926 у Мінску выдадзены навук. зб. артыкулаў бел. даследчыкаў «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (аўтары І.​Воўк-Левановіч, В.​Дружчыц, М.​Любаўскі, У.​Перцаў, У.​Пічэта, М.​Піятуховіч, Шчакаціхін, Дз.​Ягораў, А.​Ясінскі). Гал. яго тэмы: умовы развіцця ВКЛ, Чэхіі, Італіі і гісторыя бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 16—17 ст., Адраджэнне на Беларусі, літ. дзейнасць і мова выданняў Скарыны. Навук. узроўнем вылучаліся артыкулы Пічэты «Скарыніяна» і Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны», дзе ўпершыню сістэматызаваны мастацка-стылявыя рысы 45 гравюр з выданняў Скарыны. Шчакаціхін паставіў таксама пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». На яго погляд, яна надрукавана ў Вільні каля 1530. М.​В.​Доўнар-Запольскі працэс станаўлення бел. кнігадрукавання разглядаў у непарыўнай сувязі з «вял. гаспадарчай перабудовай» як у Зах. свеце, так і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Пічэта, разглядаючы творчасць Скарыны як з’яву рэнесансавай культуры, упершыню ў навук. плане паставіў пытанне пра бел. Адраджэнне. У канцы 1920-х — 1930-я г. навук. даследаванне творчасці Скарыны амаль поўнасцю спынілася.

У 1958 М.​А.​Алексютовіч у манаграфіі «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» разгледзеў асн. праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця Беларусі ў 1-й пал. 16 ст., жыццё і дзейнасць Скарыны, яго сац. і культ.-асветныя, гуманістычныя погляды, уплыў яго творчай спадчыны на развіццё ўсх.-слав. пісьменства. У пач. 1960-х г. у сувязі з 400-годдзем рус. кнігадрукавання да вывучэння «пражскага ўрока» звярнуўся рас. мастацтвазнавец А.​А.​Сідараў. Літоўскі гісторык Л.​І.​Уладзіміраў лічыў, што фарміраванне бел. кнігадрукавання абумоўлена развіццём духоўнай культуры ВКЛ, патрэбамі мяшчан, шляхты, дзярж. органаў, каталіцкай і правасл. царквы. Ён выказаў гіпатэтычнае меркаванне, што папярэднікам Скарыны быў малавядомы лонданскі кнігавыдавец канца 15 ст. Дж.​Літвін. Бел. літ.-знавец А.​Ф.​Коршунаў у 1969 выдаў прадмовы і пасляслоўі Скарыны (перавыдадзена з дапаўненнямі ў 1990), мастацтвазнавец Л.​Баразна падрыхтаваў альбом гравюр Скарыны з гіст.-мастацтвазнаўчым экскурсам (1972, 2-е выд. 1990). Праблемы маст. афармлення кніг Скарыны ў рэчышчы еўрап. і ўласна бел. традыцый узняты ў манаграфіях бел. мастацтвазнаўца В.​Ф.​Шматава «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст.» (1984) і «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны» (1990). Ён прапанаваў новую маст.-стылістычную класіфікацыю пражскіх гравюр і інш. кампанентаў афармлення выданняў Скарыны (ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, наборны арнамент, паліграф. арганізацыя тэксту); абгрунтаваў іх маст. асаблівасці ў параўнанні з зах.-еўрап. і ўласна бел. выяўл. традыцыямі. У шматлікіх публікацыях прааналізаваны тыпалагічныя асаблівасці выданняў Скарыны, іх тыпаграфіка, гіст. лёс, этапы развіцця С. Кнігазнаўчае апісанне большасці кніг Скарыны з асвятленнем іх паходжання, уладальнікаў, маргінальных запісаў і інш. далі Я.​Л.​Неміроўскі, В.​І.​Лук’яненка, Ю.​А.​Лабынцаў, І.​В.​Паздзеева, Г.​Я.​Галенчанка. Апісанне ўсіх пражскіх экзэмпляраў (без пазней знойдзенага канвалюта, набытага Лонданскай б-кай імя Скарыны) з поўным падборам факсімільных рэпрадукцый гравюр і арнаментыкі змешчана ў 8-томным апісанні кірылічных выданняў, падрыхтаванага Неміроўскім у рамках агульнаеўрап. праекта даследавання слав. кірылічнай кнігі («Зводны каталог старадрукаў кірылаўскага шрыфту». Бадэн-Бадэн, 1998. Т.З). Выданні Скарыны ў рэтраспектыве ўсяго бел. кірылічнага кнігадрукавання 16—18 ст. апісаў Галенчанка ў зводным каталогу «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986). У 1990—91 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» апубл. выданне факсімільнага тыпу, куды ўвайшла пражская Біблія Скарыны 1517—19 (складанне і навук. падрыхтоўка Галенчанкі, прадмова А.​Л.​Петрашкевіча). «Слоўнік мовы Скарыны (т. 1—3, 1977—94) выдаў У.​В.​Анічэнка. У 1991 фрагменты «Малой падарожнай кніжкі» апубл. Лабынцаў у выданні «Зерцало жития...»: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны», У.​Г.​Кароткі — «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Скарыны». Вынікі шматгадовых даследаванняў падсумаваны ў працы Неміроўскага «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка» (1990). У манаграфіі Галенчанкі «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) асн. ўвага звернута на асвятленне грамадска-паліт. і культ. фактараў узнікнення бел. кнігадрукавання, выяўленне этнасац. і дзярж.-геагр. арэала пашырэння яго кніг, уздзеянне творчай спадчыны Скарыны на выдавецкую дзейнасць яго пераемнікаў (Буднага, В.​Цяпінскага, брацкіх кнігавыдаўцоў і інш). Паглыблены прафесіяналізм, дыферэнцыяцыя і рознабаковасць прац па С. 1960—90-х г. сведчылі пра фарміраванне адпаведных гіст.-культ., лінгвістычна-філас., літ.-знаўчай, кнігазнаўчай, гіст.-маст. школ ці тэматычных кірункаў. Агульны гіст. фон, філас., грамадска-паліт., этычныя, эстэтычныя погляды Скарыны, рэнесансава-гуманістычныя, дэмакр. тэндэнцыі ў яго творчасці разгледжаны ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968). Дзейнасць Скарыны на фоне паліт., сац.-эканам. і культ. развіцця ВКЛ, яе міжнар. аспекты даследаваны ў зб. «Скарына і яго эпоха» (1990), у публікацыях В.​К.​Зайцава, В.​У.​Чапко, А.​П.​Грыцкевіча, У.​М.​Конана, С.​А.​Падокшына. Падокшын у манаграфіі «Францыск Скарына» (1981) даследаваў гнасеалагічныя, анталагічныя, сац.-паліт., эстэтычныя погляды Скарыны, падкрэсліў некананічнасць яго біблейскіх перакладаў. Філасофскія, этычныя, грамадска-паліт. погляды Скарыны і яго паслядоўнікаў разгледжаны ў манаграфіях Падокшына «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974) і «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990). Літ., перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасці Скарыны з выкарыстаннем новых матэрыялаў прысвечаны даследаванні Лабынцава «Пачатае Скарынам» (1990) і «Зерцало жития...», працы В.​А.​Чамярыцкага, А.​В.​Мальдзіса, М.​М.​Грынчыка, А.​А.​Лойкі. Значэнне скарынаўскіх ідэй і яго творчасці ў новай бел. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. раскрыта ў кн. А.​К.​Каўкі «Тут мой народ» (1989). Своеасабліва інтэрпрэтуе спадчыну Скарыны ў рэчышчы ўсх.слав. Адраджэння А.​А.​Яскевіч у кн. «Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова» (1995). Моўнае наватарства, бел. і кніжнаслав. рысы тэкстаў і перакладаў Скарыны і яго паслядоўнікаў характарызуюцца ў працы А.​І.​Жураўскага «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1. 1967), калектыўнай працы А.​М.​Булыкі. Жураўскага. У.​М.​Свяжынскага «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), у даследаваннях Анічэнкі, А.​Я.​Баханькова, А.​А.​Парукава, Л.​М.​Шакуна і інш. Творчасць Скарыны як пачынальніка арыгінальнага бел. вершаскладання, яго гімнаграфічныя творы даследуюцца ў працах В.​Тумаша, А.​А.​Турылава, Грынчыка, Яскевіч, у манаграфіі І.​В.​Саверчанкі «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.» (1992), кн. Лойкі «Старабеларуская літаратура» (2001). Свае падыходы да біяграфіі і творчасці Скарыны выклаў У.​У.​Агіевіч у працы «Сімволіка гравюры Скарыны» (1999). Новы ўзровень С. ў канцы 1980—90-х г. звязаны з дзейнасцю АН Беларусі, дзе распрацоўвалася юбілейная праграма скарыназнаўчых даследаванняў, а таксама выд-ваў «Навука і тэхніка» (з 1996 «Беларуская навука») і «Беларуская Энцыклапедыя». У 1991 створаны Навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, які таксама распачаў даследаванні па С. Распрацоўкай праблем С., выяўленнем новых крыніц займаліся бел., рас., укр. даследчыкі: В.​І.​Дарашкевіч, В.​Н.​Дышыневіч, Я.​Дз.​Ісаевіч, Г.​П.​Лебедзеў, А.​С.​Мыльнікаў, М.​В.​Нікалаеў, В.​Р.​Пуцко, Шакун, С.​Шупа і інш. Вял. матэрыял абагульнены і сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988).

Да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны выдадзены навук.-тэматычныя зб-кі і навук.-папулярныя і літ. творы У.​А.​Калесніка, Каўкі, Лойкі, А.​К.​Клышкі, Петрашкевіча і інш. Для замежных чытачоў па заказе ЮНЕСКА Галенчанка, Чамярыцкі і Шматаў апубл. ў Парыжы навук.-папулярную кн. «Францыск Скарына» (у 1979 на франц., у 1980 на англ. мовах). Паводле пастановы ЮНЕСКА 1990 год быў аб’яўлены годам Скарыны. Скарынаўскія чытанні і навук. канферэнцыі прайшлі ў Мінску, Гомелі, Варшаве, Празе, Вільнюсе, Маскве, Лондане, Падуі (1986—92). Важкі ўклад у С. (пераважна ў даследаванне крыніцазнаўчых аспектаў выдавецкай дзейнасці і творчасці Скарыны і яго біяграфіі) замежных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў (Ю.​Віцьбіч, Л.​Гарошка, Р.​Жук-Грышкевіч, Я.​Запруднік, А.​Калубовіч, В.​Пануцэвіч, Я.​Пятроўскі, В.​Кіпель, С.​Станкевіч, Я.​Станкевіч, П.​Татарыновіч, П.​Урбан і інш.). Адным з цэнтраў славяназнаўчых даследаванняў у 1920—30-я г. была Прага. У 1926 у Пражскім ун-це абараніў дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» І.​С.​Дварчанін. Гэта было 1-е ў бел. літ.-знаўстве даследаванне пра Скарыну, яго светапогляд, культ.-гуманіст. і патрыят. дзейнасць (у пер. на бел. мову апубл. ў 1991). Этапнымі ў С. былі публікацыі рус. гісторыка-славіста, выкладчыка Карлава ун-та ў Празе, А.​Ф.​Флароўскага, які даследаваў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны ў Чэхіі. У артыкулах і ў яго манаграфіі «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» (1940—46) прыведзены невядомыя раней факты з біяграфіі Скарыны. На думку даследчыка, Скарына заснаваў сваю друкарню ў Празе, дзе быў высокі ўзровень кнігадрукавання і меліся сувязі з ням. і італьян. выд-вамі. Ён прааналізаваў суадносіны чэшскай Бібліі 1506 і Бібліі Скарыны, высвятляў уздзеянне творчасці Скарыны на бел., рус. і ўкр. рукапісную кніжнасць 16—17 ст. Традыцыі чэшскага С. працягваюць П.​Р.​Покарні, Ф.​Сокалава і інш. Цікавасць у гіст.-параўнальным і бібліягр. аспектах мае шматтомнае выданне «Друкары старажытнай Польшчы XV—XVIII ст.», 5-ы выпуск якога прысвечаны ВКЛ (1959). Дзейнасць Скарыны асвятляецца ў абагульняльных працах польскай даследчыцы М.​Б.​Тапольскай па гісторыі кніжнай культуры ВКЛ. Супрацоўнік Нац. музея ў Варшаве В.​Дэлюга выявіў сувязі некат. пражскіх гравюр Скарыны з папярэднімі чэшскімі, ням., пражскімі друкаванымі яўр. выданнямі 15 — пач. 16 ст. Асобныя пытанні С. з акад. пазіцый рэгулярна асвятляліся ў лонданскім час. «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у час. «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў ЗША. Большую ч. 5-й юбілейнай кн. «Запісаў» (1970), якую падрыхтаваў Тумаш (Сымон Брага) складае храналагічна-бібліягр. агляд прац пра Скарыну. Ён аўтар артыкулаў «Геаграфічная лакалізацыя жыццяпісу доктара Скарыны», «Пытанне імя доктара Скарыны», «Канфіската ў Вроцлаве кнігаў Бібліі Скарыны», «Кнігі Скарыны на захадзе Еўропы ў пару ягонную й сёння». У артыкуле, прысвечаным «Малой падарожнай кніжцы» («Запісы». 1978. Кн. 16), ён даказаў, што 2 дрэварыты нюрнбергскай друкарні канца 15 ст. выкарыстоўваліся Скарынаю ў Вільні. Унікальны дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» з захаванай пасхаліяй у 1971 апісаў А.​Надсон, што дазволіла датаваць яе 1522 ці 1523. У манаграфіі бел. віленскага даследчыка Х.​Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)» (1938) зроблена спроба высветліць выключную ролю сталіцы ВКЛ у пашырэнні друкарскай справы на «ўсходзе», уплыў дзейнасці Скарыны на станаўленне бел., рус. і ўкр. кнігадрукавання ў 16—18 ст. Змястоўныя зб-кі прац вільнюскіх навук. канферэнцый, прысвечаных Скарыне, апубл. ў 1979, 1987, 1991.

Этапы паслядоўнага развіцця С. ў сінт. форме адлюстраваны ў спец. абагульняльных працах — «Скарыніянах». Аўтарам 1-й «Скарыніяны», прызначанай для выдання «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926) быў Пічэта. У яго аглядзе ўлічаны асн. выданні актаў (акрамя М.​Круповіча), бібліягр. апісанні Бакмейсцера, Штрытэра, Аляксеева, Сопікава, Каратаева, П.​М.​Строева, прааналізаваны біягр. звесткі, выдавецкая, літ., перакладчыцкая дзейнасць, маст. асаблівасці выданняў, грамадскія погляды, уплыў спадчыны Скарыны на яго паслядоўнікаў, развіццё бел. і ўсх.-слав. культуры. З 1926 і да сярэдзіны 1960-х г. С. даследаваў А.​В.​Флароўскі, у т. л. ў яго фундаментальнай працы «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці» і новых матэрыялах пра Скарыну (дакументы 2-га пражскага перыяду і інш.). Гістарыяграфічныя працы Пічэты і Флароўскага значна дапоўнены даследаваннямі М.​Б.​Батвінніка, Дышыневіч, Каўкі, У.​М.​Казберука. Замежнае С. канца 1940—70-х г. разгледжана ў публікацыі Я.​Садоўскага «Скарыназнаўства на Захадзе пасля другой сусветнай вайны» (1983). Пазнейшыя агляды С. рабілі Неміроўскі, Галенчанка, аўтары артыкулаў у пражскім зб. «Францыск Скарына ў працах чэшскіх славістаў» (1992). Нямала каштоўных гістарыяграфічных аглядаў, рэцэнзій апубл. ў перыяд. выданнях, матэрыялах Скарынаўскіх чытанняў, зб-ках «Беларусіка», «Скарыніч», «Шляхам гадоў» і інш.

Сістэматызацыі даследаванняў па С. спрыялі рэтраспектыўныя бібліягр. паказальнікі галіновай і бягучай бібліяграфіі. 2 рэтраспектыўныя паказальнікі склаў Тумаш (1970, 1989), па аналагічнай схеме — Неміроўскі (1978); найб. поўны паказальнік да юбілею Скарыны склалі Неміроўскі і Л.​А.​Осіпчык (1990). Гісторыя біягр. і кнігазнаўчага вывучэння выданняў Скарыны адлюстравана ў тэматычна-храналагічным паказальніку Галенчанкі (1993).

Асобны раздзел С. стварае публікацыя і вывучэнне дакументальных крыніц, гіст. дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны. Звесткі пра дакументальныя матэрыялы сустракаюцца ва ўсіх аглядах С. (працы Уладзімірава, Пічэты, Флароўскага, Алексютовіча і інш.). Большасць актаў апубл. ў даследаваннях або розных зб-ках і перыяд. выданнях. Агульны іх спіс з тлумачэннямі змешчаны ў 5-й кнізе «Запісаў» (1970). Дарашкевіч падрыхтаваў 1-е зводнае выданне дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988, уключана 55 актаў і вытрымак з дакументаў).

Матрыкуляцыйны спіс Кракаўскага ун-та 1504 выявіў С.​Пташыцкі, прамацыйны акт 1506 (пра экзамены на вучоную ступень бакалаўра філасофіі) — А.​С.​Петрушэвіч, экзаменацыйныя запісы Падуанскага ун-та 1512 (пра наданне ступені ў «лекарскіх науках» доктара) — С.​Віндакевіч, пратакол падуанскай курыі 9.11.1512 — Садоўскі. Некалькі дакументаў, звязаных са знаходжаннем Скарыны ў 1530 у Кёнігсбергу абнародаваны А.​І.​Мілавідавым. Шэраг дакументаў пражскага перыяду дзейнасці Скарыны выявіў Флароўскі.

Матэрыялы судовых працэсаў па маёмасных справах 1520 — сярэдзіны 1530-х г., у т. л., віленскія і полацкія акты 1529 і 1535, увёў ва ўжытак Уладзіміраў, пазнанскія — М.​Вайцяхоўская і Дарашкевіч; 2 каралеўскія прывілеі Скарыну — Круповіч. Значную колькасць дакументаў, што, на думку даследчыкаў, датычацца Скарыны, але не ўпамінаюць яго імя, у іх ліку імянны склад віленскай рады, каралеўскі прывілей 1532, прадстаўлены ў пазнанскі магістрат Скарынай, адшукаў Галенчанка. Найб. значныя поспехі С. ў біяграфічных, кнігазнаўчых, літ.-знаўчых і мовазнаўчых даследаваннях, у вывучэнні светапогляду Скарыны.

Літ.:

Ботвинник М.Б. Изучение жизни и деятельности Франциска Скорины в БССР // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;

Яго ж. Историография изучения «Малой подорожной книжки» и «Апостола» Ф.​Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;

Яго ж. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны ў ЗША // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1990. № 4—5;

Яго ж. Навука і невуцтва: Скарыназнаўства ў Акадэміі навук БССР і ў Польшчы (1928—1941) // Полымя. 2000. №12;

Дышиневич В.Н. Скориноведение: некоторые вопросы историогр. и библиогр. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983. Вып. 2;

Чамярыцкі В.А. Скарыназнаўства на сучасным этапе // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Вып. 3. Гуманізм і асветніцтва ў славянскіх культурах. Мн., 1990;

Франциск Скорина в белорусском советском обществоведении. Мн., 1987;

Неміроўскі Я.Л. Скарыназнаўства // Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед Мн., 1988;

Каўка А.К. Беларускае скарыназнаўства ў 20-я гг. XX ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;

Судавичене Л.В. Литовская скориниана // Франциск Скорина и Вильнюс. Вильнюс, 1991;

Шматаў В. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;

Сокалава Ф. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Ф.​Скарыны чэшскімі даследчыкамі: Пер. з чэш. // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1;

Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // Там жа. Мн., 1998. Кн. 9;

Шалькевич В.Ф. Скорина и скориниана. Мн., 2001;

Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI — XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;

Открытие Скорины: Библиогр. указ. книговедческих и библиогр. описаний изд. Ф.​Скорины, его книг, представленных в собраниях XVI — XX вв., обзоров Скоринианы / Сост. Г.​Я.​Голенченко. Мн., 1989;

Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ. [1539—1989] / Склад. Я.​Л.​Неміроўскі, Л.​А.​Осіпчык. Мн., 1990;

Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ.: Дад за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг. / Склад. В.​Грышкевіч. Л.​Юрэвіч. Мн., 1995;

Sadoŭski J. Sludies on doktor Francis Skaryna in the West since World War II // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. 1983. Кн. 17;

Francisco Skoryna v díle českych slavistu. Praha, 1992;

Nemirowskij E. Die Prager Druckerei von Francisk Skorina (1517—1519) // Gesamtkatalog der Frühdruck in kyrilisclier Sclirift. Baden-Baden, 1998. Bd. 3. Гл. таксама да арт. Скарына Ф.

Г.​Я.​Галенчанка, А.​К.​Каўка.

т. 14, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.​К.​Баброўскі, І.​М.​Даніловіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Чачот, Т. і Ю.​Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.​І.​Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.​Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.​П.​Тышкевічаў, А.​Кіркора, М.​Ф.​Уладзімірскага-Буданава, М.​К.​Любаўскага, Ф.​І.​Леантовіча, І.​І.​Лапо, У.​К.​Стукаліча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, А.​С.​Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.​У.​Уладзімірава, К.​В.​Харламповіча, І.​І.​Флёрава, І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.​І.​Насовіча, П.​А.​Бяссонава, П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, У.​М.​Дабравольскага, П.​П.​Чубінскага, М.​Я.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, М.​А.​Янчука, А.​І.​Сабалеўскага, А.​А.​Патабні, І.​А.​Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.​Ф.​Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, М.​Вішнеўскі, А.​К.​Ельскі (у польск. друку), М.​І.​Надзеждзін, П.​М.​Шпілеўскі, М.​А.​Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.​А.​Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.​Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.​Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.​Ю.​Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.​І.​Пічэтам, Дз.​М.​Анучыным, Янчуком, П.​А.​Растаргуевым, З.​Ф.​Жылуновічам (Ц.​Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.​М.​Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ БУДАЎНІ́К РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. работнікам будаўніцтва і будаўнічай індустрыі, якія працуюць у будаўнічых, н.-д., праектных, праектна-пошукавых, мантажных і інш. арг-цыях 15 і больш гадоў, за заслугі ў вытворчай дзейнасці, распрацоўцы і ўкараненні прагрэсіўных праектаў і тэхналогій, перадавога вопыту арганізацыі, механізацыі і аўтаматызацыі працы, дасягненне высокай эфектыўнасці вытворчасці і якасці буд.-мантажных работ. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1960 існавала ганаровае званне заслужаны будаўнік Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя будаўнікі Рэспублікі Беларусь

1960. У.​Ц.​Атрошчанка, Е.​С.​Галаўнёва, С.​А.​Грыгор’еў, В.​Ф.​Дзем’янюк, А.​А.​Дзігілевіч, І.​А.​Доўнар, А.​А.​Жалняровіч, Р.​С.​Забалееў-Ізотаў, Я.​Ф.​Казлоўская, З.​А.​Караткевіч, І.​К.​Колычаў, А.​С.​Лапуноў, М.​Х.​Ломскі, У.​П.​Маскалёў, В.​І.​Свецікаў, В.​А.​Слепухоў, П.​М.​Сцяблюк, Ц.​К.​Фандо, Я.​Ф.​Філічонак, П.​Г.​Фядоценка, І.​Э.​Шаблоўскі, В.​Ш.​Шайхлісманаў, С.​І.​Ярашэвіч.

1961. А.​В.​Астроўскі, У.​М.​Вараксін, В.​К.​Гаравой, А.​М.​Громаў, М.​К.​Гуд, І.​К.​Дуброўскі, Г.​У.​Заборскі, А.​Ц.​Маграшоў, В.​Дз.​Макавец, Т.​М.​Макараў, Л.​А.​Новікава, І.​А.​Паддубіцкі, М.​І.​Паўлаў, М.​М.​Сівухін, М.​П.​Тарасенка, І.​Дз.​Шлапакоў.

1962. Р.​А.​Абразцова, А.​С.​Абухоўскі, Я.​І.​Анісімаў, Ф.​Ф.​Арцёменка, С.​С.​Атаеў, П.​Л.​Бабак, А.​Г.​Базаеў, С.​С.​Батурын, М.​Н.​Богуш, К.​А.​Бондараў, Л.​С.​Булах, М.​Л.​Вараб’ёў, І.​П.​Ведзмедзь, А.​П.​Воінаў, М.​С.​Галуза, Г.​М.​Глезер, І.​І.​Грыгаровіч, Л.​А.​Жук, І.​М.​Жыжаль, У.​В.​Казюля, А.​Н.​Каралёў, У.​А.​Кароль, М.​В.​Кашчэеў, Н.​І.​Лісавец, К.​А.​Магілеўскі, А.​С.​Мазейка, В.​А.​Мароз, У.​Г.​Міхайлаў, А.​Ф.​Мураўскі, Л.​С.​Паперна, Г.​П.​Паўлоўскі, В.​Л.​Пятніцкі, І.​М.​Рабцаў, Р.​І.​Рубанаў, М.​А.​Свірскі, М.​П.​Семянцоў, Г.​І.​Страіцелеў, В.​А.​Талмачоў, С.​М.​Траногін, В.​Л.​Трэйда, В.​М.​Фамін, М.​А.​Хомчанка, В.​Я.​Цвяркун, П.​П.​Цімашэнка, К.​П.​Цюцюноў, М.​В.​Шчэпкін, І.​А.​Юркоў.

1963. А.​В.​Анцімонаў, М.​Ц.​Архіпец, Л.​М.​Ашмян, В.​С.​Бабкоў, Ф.​Ц.​Бажок, А.​У.​Байцова, І.​С.​Бахір, Я.​Е.​Гайко, Я.​П.​Гоцін, А.​П.​Гушча, К.​У.​Джыгера, Г.​Я.​Жолудзеў, В.​П.​Зенін, А.​С.​Крэмень, А.​В.​Круль, М.​С.​Кускоў, В.​С.​Левін, М.​Ф.​Майдановіч, Л.​П.​Мацкевіч, М.​М.​Машкін, У.​М.​Мудры, С.​І.​Мядзведскі, В.​Ф.​Наймушын, П.​М.​Новікаў, Я.​Ф.​Паўленка, А.​Ш.​Плоткін, Я.​А.​Раговін, М.​З.​Санкін, Г.​І.​Татурын, А.​Б.​Уласевіч, К.​Дз.​Цвярдоў, І.​М.​Чарненка.

1964. І.​А.​Віленскі, М.​Дз.​Галубенкаў, М.​В.​Кавалёў, І.​І.​Корсакаў, В.​С.​Крывіцкі, Р.​І.​Мілановіч, А.​В.​Пруднікаў, У.​М.​Рубанік, В.​Ф.​Хлімянцоў, Л.​С.​Храмцоў.

1965. А.​Б.​Бандарэнка, П.​І.​Бязручкін, А.​К.​Ворса, І.​М.​Вятрук, І.​Ц.​Гапеенка, М.​Я.​Глушанкоў, М.​К.​Дзямешка, Ф.​І.​Дудараў, У.​М.​Жур, А.​І.​Кавалеўскі, М.​У.​Конік, Ф.​Я.​Крот, Ц.​М.​Кушнераў, В.​С.​Ларын, Р.​І.​Лебедзеў, У.​Я.​Ліцкевіч, П.​С.​Лукашук, А.​Дз.​Майсяевіч, М.​Я.​Мананкоў, Б.​М.​Марагоўскі, В.​Г.​Маршалаў, М.​С.​Медзвядзенка, Г.​К.​Мітраховіч, Дз.​Ф.​Міхайленка, П.​М.​Наваржэўскі, П.​Ф.​Пацей, А.​А.​Пількевіч, С.​М.​Раўкоў, Я.​Ф.​Савіцкі, І.​С.​Салей, С.​І.​Серафімовіч, І.​Х.​Сіманоўскі, М.​В.​Скрабкоў, Л.​С.​Собаль, А.​П.​Старавойтаў, І.​І.​Сямак, К.​М.​Тандзітнікаў, М.​Г.​Ушкевіч, П.​І.​Чарнавусаў, В.​П.​Чарнышоў, М.​І.​Шалдыга, Б.​А.​Шаршнёў, Г.​П.​Шмігельскі, М.​І.​Шымель, І.​П.​Янкоўскі, М.​П.​Ярашэвіч.

1966. В.​Е.​Алексяюк, К.​А.​Бародзіч, І.​М.​Бірыла, К.​І.​Вагін, Л.​Я.​Васілеўскі, Г.​А.​Вялічка, А.​М.​Гершаў, Г.​С.​Дашын, В.​Р.​Жылін, А.​С.​Зуб, С.​Ф.​Кажамякін, М.​П.​Кажан, П.​І.​Клімук, І.​К.​Лазарэнка, А.​К.​Лісоўскі, К.​С.​Мілашэўскі, А.​Ф.​Мітраховіч, Д.​П.​Надгачаеў, Р.​Я.​Паламарчук, Л.​В.​Парыйскі, Я.​П.​Ракомса, С.​А.​Сапун, П.​Ф.​Філіпаў, У.​А.​Хадорык, Ф.​І.​Цімафееў, С.​Я.​Цярохін, Л.​К.​Цяцерын, А.​С.​Чмыр, І.​М.​Шараеў, І.​К.​Юркоў.

1967. І.​С.​Вараб’ёў, М.​П.​Варэнцаў, Я.​І.​Дрозд, А.​А.​Кавалевіч, М.​М.​Кавалевіч, Е.​А.​Каўгарэна, Ц.​І.​Кузьмін, А.​Дз.​Лакіда, М.​В.​Леаненка, Ф.​Ф.​Леановіч, С.​І.​Шульга.

1968. П.​Р.​Аўсянікаў, М.​І.​Бадзько, Г.​С.​Бандарэнка, К.​В.​Варон ша, А.​К.​Васілеўскі, Л.​Г.​Гаўрылаў, Р.​Я.​Герцовіч, В.​П.​Глявіцкі, А.​А.​Грабеннікаў, М.​А.​Грыгарук, П.​Р.​Дадонаў, М.​Г.​Дзівакоў, А.​Я.​Каржуеў, М.​К.​Кесель, Ф.​В.​Магіленка, К.​Я.​Масько, М.​І.​Мацэль, М.​М.​Мядзведскі, І.​Б.​Палінскі, М.​І.​Пісарчык, С.​Ф.​Пятроў, В.​Дз.​Сабалеўскі, І.​М.​Сак, А.​З.​Сацікаў, А.​І.​Хамянкоў, К.​С.​Цывінскі, Ф.​М.​Шакай, Ф.​І.​Шчасны, Ф.​І.​Юшкевіч, В.​Н.​Ярковіч.

1969. Дз.​Д.​Атрашкевіч, Ю.​К.​Гарашчук, Г.​М.​Губчык, М.​М.​Епіфанаў, М.​І.​Касценіч, С.​Ц.​Кірыльчук, М.​І.​Кудзелін, А.​В.​Кулікоўскі, Б.​С.​Курлена, І.​В.​Кушнераў, Ф.​С.​Маскоў, В.​М.​Няхаеў, П.​Р.​Паўлоўскі, А.​М.​Печкуроў, Дз.​Дз.​Прашчаеў, У.​М.​Рыжыкаў, С.​П.​Самуха, М.​П.​Сінцова, М.​М.​Унукоўскі, І.​І.​Ціханаў, А.​А.​Чыжык, С.​М.​Шахно, К.​С.​Якімовіч.

1970. П.​Н.​Антоненка, М.​І.​Бандзюк, С.​С.​Бычкоўскі, І.​І.​Валадашчык, А.​Ф.​Гаўрысёў, М.​І.​Герасімчук, Д.​Ц.​Гузман, Ю.​Р.​Іваноў, С.​М.​Ізотаў, І.​П.​Кавалёў, С.​В.​Казакоў, Л.​В.​Казлоў, В.​І.​Кандраценка, М.​Л.​Каралюк, Р.​В.​Куляеў, Л.​І.​Кунічкіна, М.​Р.​Лукашэнка, Р.​І.​Ляшэнка, К.​П.​Малькевіч, С.​І.​Маршчэнка, М.​М.​Маталыцкі, М.​Ф.​Мацюк, А.​І.​Наканечны, Р.​Л.​Пабядзінскі, У.​В.​Пакацілаў, В.​І.​Пацюк, П.​Я.​Пісарчык, М.​А.​Пісарык, Ф.​П.​Пыжык, А.​А.​Раманоўскі, А.​А.​Рамашэўскі, Д.​Я.​Родаў, М.​Ц.​Свінко, Р.​С.​Сілівончык, М.​В.​Сярмяжка, А.​А.​Ларасаў, А.​А.​Фурсевіч, Л.​У.​Чарапко, М.​А.​Шлойда, М.​С.​Шумакоў.

1971. І.​А.​Багданаў, Р.​І.​Бандарэнка, М.​А.​Баранаў, Л.​В.​Голубева, А.​К.​Іваноў, Ф.​І.​Кажарскі, І.​І.​Казлоўскі, С.​І.​Казлюк, Б.​М.​Кіціс, Р.​Дз.​Купрыенка, Ф.​А.​Лапуноў, М.​А.​Літоўчанка, В.​І.​Луцык, М.​Н.​Маліноўскі, А.​Н.​Мінаеў, У.​У.​Мінкевіч, К.​К.​Петрушкевіч, М.​І.​Пунько, Г.​М.​Рагачова, І.​В.​Сабалеўскі, П.​М.​Сідараў, А.​І.​Сініцын, М.​К.​Смоліч, А.​Л.​Трубяцкой, А.​А.​Трухан, М.​А.​Федарчук, А.​І.​Цыганок, М.​І.​Яскевіч.

1972. Ф.​А.​Андросік, М.​Д.​Бараболкін, П.​Л.​Бароўскі, В.​І.​Барысенка, Б.​А.​Бразінскі, Я.​І.​Грыняк, М.​М.​Грышкавец, А.​С.​Карамышаў, В.​С.​Карэўка, А.​К.​Клявін, В.​І.​Кувашоў, У.​І.​Курашоў, П.​І.​Лаўрэнка, У.​А.​Малашэвіч, У.​Ф.​Маціеўскі, Л.​У.​Парахонька, І.​М.​Пацярайчанка, У.​Д.​Рабянок, В.​А.​Руды, А.​Я.​Фамін, В.​М.​Чаркін, С.​В.​Шапавалаў, Р.​Ф.​Шукаў, Я.​С.​Юшкоўская, С.​А.​Язэпчык.

1973. А.​С.​Арцюх, В.​В.​Дзеўнер, А.​П.​Забела, А.​С.​Закоршмены, П.​П.​Красько, М.​В.​Крутаў, Г.​Н.​Кудрашоў, С.​С.​Макавецкі, Г.​П.​Навасельскі, В.​П.​Русак, М.​М.​Рыгачэвіч, М.​А.​Сілін, П.​М.​Сябекін, В.​А.​Хворык, А.​М.​Чыгрэцкі.

1974. Я.​В.​Барысевіч, М.​У.​Бегуноў, М.​М.​Белка, С.​Л.​Воўк, У.​І.​Гарлачоў, С.​П.​Жалябітка, Т.​Ф.​Жаркоў, Р.​А.​Захараў, Л.​С.​Зубарава, М.​М.​Купа, Г.​І.​Ліёпа, Л.​Р.​Міхайлоўскі, М.​В.​Русецкі, С.​П.​Саўчук, І.​З.​Смалякоў, І.​М.​Удовін, І.​Т.​Хачатранц, З.​П.​Шпарчэева.

1975. А.​П.​Арцем’еў, Б.​С.​Бальцэвіч, М.​Ф.​Барадулька, І.​Ц.​Бялоў, К.​А.​Валенцік, К.​А.​Вяранчык, А.​І.​Вярстак, У.​Е.​Гарбацкі, Г.​С.​Друкараў, І.​М.​Еўдамашчанка, Г.​П.​Карлаў, І.​Я.​Качанаў, А.​М.​Крапіўка, Р.​Р.​Кучук, М.​А.​Мяжэвіч, М.​П.​Муранаў, П.​І.​Панамарэнка, У.​В.​Пішчыкаў, І.​С.​Рабочы, І.​І.​Раманееў, І.​К.​Рубахаў, В.​Ц.​Саяпін, І.​П.​Севасцьянаў, Б.​А.​Халадцоў, А.​Ф.​Шалудзько, А.​С.​Шчарбінін, В.​А.​Шыманскі, А.​М.​Яўціхіеў.

1976. А.​І.​Акатаў, А.​М.​Аксёнаў, У.​Ц.​Алізарэвіч, П.​С.​Амоненка, У.​А.​Андросік, К.​Дз.​Багданаў, С.​Ц.​Баярчук, Н.​С.​Бельчанка, П.​П.​Бондараў, А.​А.​Боршч, П.​А.​Брэль, Р.​С.​Бут-Гусаім, М.​А.​Гарбузаў, В.​Ф.​Вішнеўскі, І.​А.​Гапонаў, У.​Ц.​Гніза, Л.​М.​Голубева, У.​С.​Дзятлаў, А.​Ц.​Драмянкоў, В.​В.​Дрэнь, С.​М.​Жалубоўскі, А.​С.​Зданевіч, М.​Л.​Зеліхоўскі, У.​І.​Касоўцаў, А.​Т.​Касцюкоў, В.​Ф.​Касько, М.​І.​Кісялёў, Я.​С.​Костусеў, А.​І.​Краўчанка, І.​А.​Мейлах, Б.​М.​Мілер, І.​М.​Наваселецкі, Ф.​А.​Назарчук, М.​М.​Несцераў, І.​Р.​Пісарук, У.​А.​Рагачоў, А.​У.​Сарокін, І.​Д.​Страліцкі, А.​М.​Туз, Я.​А.​Шушкевіч, Я.​К.​Шэрыкаў.

1977. М.​М.​Грышчэня, Р.​М.​Дарашэнка, А.​Н.​Каўрэй, А.​А.​Корзун, М.​Ф.​Лунін, М.​У.​Насулька, П.​Л.​Пастушэнка, Л.​У.​Лабалевіч, М.​К.​Тышкевіч, Б.​Р.​Ханін, М.​Р.​Чумакоў, У.​І.​Шылаў.

1978. В.​І.​Альхоўскі, П.​В.​Баравікоў, А.​В.​Богуш, В.​М.​Куракевіч, А.​А.​Луцык, Дз.​Ф.​Махавікоў, Р.​Ф.​Сялевіч, У.​К.​Шульга, К.​С.​Шулянчык, П.​М.​Шыпаў.

1979. І.​А.​Антановіч. Э.​В.​Аўчыннікаў, А.​І.​Барташ, І.​М.​Бутрымовіч, А.​А.​Дунаеў, М.​Н.​Зельдас, Л.​Б.​Любезны, І.​І.​Ляўко, М.​М.​Мартынаў, Я.​І.​Маўчан, І.​А.​Салодкі, І.​П.​Чорствы.

1980. М.​А.​Арэф’еў, М.​К.​Балыкін, У.​І.​Бобр, М.​М.​Верамеюк, М.​С.​Гапееў, Дз.​І.​Гвоздзеў, Я.​М.​Гопша, А.​Ц.​Доўгі, І.​І.​Дубовік, І.​А.​Кенік, А.​Т.​Кічкайла, А.​Т.​Кобля, В.​А.​Крамар, М.​М.​Лавянецкі, І.​Р.​Ладуцька, К.​А.​Лапец, М.​М.​Лапко, Ф.​Р.​Літвіновіч, Г.​А.​Мадалінскі, В.​І.​Макараў, Я.​А.​Мартыненкаў, Р.​М.​Махліс, В.​В.​Пыжык, К.​П.​Пятрыніч, ф.Ф.​Раманчук, Ю.​А.​Сабалеўскі, М.​Ц.​Салдаткін, А.​К.​Самаросенка, М.​П.​Сачок, М.​П.​Свірыдовіч, П.​В.​Селівонік, Я.​Г.​Селівончык, А.​А.​Сідарук, А.​Г.​Танаян, Ф.​Я.​Таўкачоў, В.​І.​Трубянок, І.​У.​Філоненка, У.​І.​Харужы, А.​М.​Целеш, З.​М.​Шалыга, І.​Р.​Шкрабнёў.

1981. М.​П.​Аляксюк, У.​І.​Газдзецкі, Л.​Ц.​Кацько, А.​І.​Малыха, М.​М.​Малярэвіч, М.​Я.​Талсташэеў, М.​С.​Трусевіч, Г.​В.​Юшкевіч, М.​Я.​Юшкевіч, М.​Я.​Ярошкін.

1982. Р.​М.​Баглай, У.​М.​Гаўрылаў, І.​І.​Дзянішчык, В.​І.​Жалудко, Л.​І.​Максімовіч, З.​Я.​Паланецкі, М.​Ф.​Сайкоўскі, Г.​Т.​Сіўцоў, І.​А.​Тарасавец, А.​В.​Тарасевіч, А.​Р.​Цыбуля, В.​М.​Шантаровіч, П.​У.​Якубчык.

1983. Я.​П.​Стойка.

1984. М.​Д.​Белы, А.​З.​Бялевіч, В.​М.​Веліканаў, А.​П.​Дзямчук, Д.​Д.​Дук, А.​С.​Емяльянаў, М.​М.​Кандакоў, М.​Я.​Краснарадцаў, І.​І.​Лазараў, Ю.​А.​Пуплікаў, А.​І.​Смольскі, М.​І.​Тарун.

1985. Я.​Р.​Брычкоўскі, В.​І.​Бялоў, А.​Г.​Ваўранюк, В.​М.​Ветраў, Я.​Ф.​Вінакураў, Дз.​П.​Дземчанка, В.​С.​Зданевіч, І.​П.​Капітула, А.​А.​Каспяровіч, М.​І.​Папоў, П.​П.​Пракаповіч, Ф.​М.​Русак, М.​С.​Такоеў, Я.​А.​Траян, А.​Дз.​Фядотаў, А.​В.​Цадзілка, П.​М.​Ціханкоў.

1986. У.​В.​Аляшкевіч, Я.​С.​Бельская, Г.​К.​Варакса, В.​І.​Кажураў.

1987. І.​З.​Башмакоў, В.​С.​Барысевіч, А.​У.​Князеў, А.​П.​Кучэйка, У.​М.​Лагута, К.​Л.​Пятроўскі, А.​Л.​Сазонаў, П.​К.​Чыгірык.

1988. У.​І.​Казлоўскі, І.​А.​Нялюбін, М.​С.​Шамес.

1989. М.​М.​Дабрыцкі, М.​Е.​Капытоў, Ю.​Б.​Колакалаў, Л.​І.​Рыжкоў, У.​С.​Тамашук, А.​Т.​Шота, І.​П.​Шпорта, Ю.​А.​Шэпелеў.

1990. Ю.​С.​Астравух, Г.​А.​Баранаў, В.​П.​Баліцкі, Ф.​Я.​Бойка, М.​К.​Звонкін, Б.​І.​Касцюкевіч, В.​А.​Кулакоўскі, А.​А.​Ламакаў, В.​І.​Міцкевіч, І.​І.​Свярдлоў, В.​А.​Смірноў, Г.​І.​Станчык, В.​В.​Цімохін, П.​М.​Ціхановіч, А.​Ф.​Чуясаў, Л.​С.​Штырыкаў.

1991. М.​З.​Ашэйчык, В.​Ф.​Залога, В.​В.​Каржэўскі, Л.​І.​Мароз, Л.​Ф.​Марозаў, А.​Л.​Міхалевіч, У.​П.​Набокаў, В.​П.​Пятрыніч, А.​Ф.​Усціновіч, М.​Дз.​Цюшко.

1993. П.​Дз.​Андрэйкавец, А.​П.​Гапееў, Л.​М.​Красуцкі, С.​А.​Мазур, А.​Я.​Піскоўскі, К.​М.​Пячко, Л.​Л.​Чайлытка, А.​Я.​Янчэўскі.

1994. А.​Дз.​Зарубін, Р.​Б.​Кацынель, С.​К.​Лемеш, Т.​І.​Паляшчук, Л.​І.​Тарашкевіч, Ю.​І.​Уладзіміраў, У.​І.​Францкевіч, А.​В.​Якубёнак.

1995. Я.​М.​Галубкоў, Л.​Б.​Ваўчэцкі, А.​У.​Луцко, А.​М.​Макараў, У.​Ц.​Рагель, В.​П.​Сянцюраў.

1996. І.​Я.​Галіноўскі, С.​У.​Кунцэвіч, С.​У.​Міхалёнак.

1997. І.​Р.​Гапееў, В.​А.​Кулеба, Р.​А.​Шпакоўскі, А.​М.​Якаўлеў.

т. 6, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,

навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст. літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.

Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).

Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.​Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.​Дзідро, Г.​Лесінга, І.​В.​Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.​Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.​Бялінскі, М.​Чарнышэўскі, М.​Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.​Грым, А.​М.​Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.​Бенфей, А.​М.​Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.​Тэн, А.​М.​Пыпін), псіхалагічная школа (А.​А.​Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ. антрапал. школы Дж.​Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц. структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.​Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.​Барта) выкарыстоўваў Ф.​Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.​Фрая, К.​Леві-Строса, Дэрыды).

Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.​Зізанія, «Грамматика» (1619) М.​Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.​Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.​Б.​Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.​Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.​Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.​Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж. бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.​Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.​Г.​Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.​Пыпіна і У.​Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.​Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.​Цяпінскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».

Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.​Сыракомлі на творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Е.​Раманава на зб. З.​Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.​Пагодзін, С.​Руднянскі, С.​Русава), польск. (Е.​Янкоўскі, В.​Вегняровіч), чэш. (А.​Чэрны), літоўскіх (Л.​Гіра, А.​Янулайціс), укр. (А.​Русаў, І.​Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.​Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.​Палуяна, М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Янчука, А.​Бульбы, М.​Гарэцкага, Л.​Гмырака, У.​Самойлы, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.​Замоціна, Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага.

У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.​А.​Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.​Жылуновіча, У.​Дубоўкі, А.​Бабарэкі, Я.​Пушчы, М.​Піятуховіча, С.​Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.​Купалы і Ц.​Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.​Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.

Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.​Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.​М.​Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.​Коласа, зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.​Нёманскі, М.​Грамыка, У.​Чаржынскі, Я.​Марук, П.​Жарскі, А.​Лясны (А.​Мардвілка), С.​Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.​Каспяровіч, М.​Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.​Чорнага, Я.​Пушчы, Ф.​Кунцэвіча, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, З.​Бядулі, П.​Глебкі, В.​Шашалевіча, А.​Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.​Бэндэ, А.​Кучара, В.​Бухаркіна, Д.​Мірончыка, У.​Гесена, А.​Канакоціна, Л.​Якаўлева, Я.​Сякерскай, С.​Будзінскага, Е.​Гальперына, С.​Васілёнка і інш.

На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.

Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.​Коласа пра Т.​Шаўчэнку, К.​Чорнага пра Я.​Купалу, М.​Ларчанкі і Ю.​Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.​Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.​Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.​Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.​Купала і Я.​Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж. л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.​Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.​Агіевіча і інш.).

У пер шыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел. навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.​Адамовіча, В.​Івашына, У.​Калесніка, Я.​Казекі, А.​Лойкі, Н.​Перкіна, Ю.​Пшыркова, Майхровіча, М.​Грынчыка, Дз.​Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.​Гарун, дакастр. творчасць М.​Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.​Нёманскі, С.​Баранавых, В.​Каваль, Л.​Калюга, М.​Грамыка, У.​Хадыка, Я.​Скрыган, Б.​Мікуліч, Я.​Пушча, Ю.​Таўбін, З.​Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.​Бярозкіна, Пшыркова, У.​Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.​Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.​Куляшова, Р.​Шкрабы, М.​Барсток, Лойкі, І.​Навуменкі, А.​Клышкі, А.​Яскевіча, М.​Лазарука, М.​Яроша, С.​Гусака, М.​Грынчыка, В.​Жураўлёва, П.​Дзюбайлы, Ю.​Канэ, М.​Стральцова, М.​Арочкі, С.​Александровіча, В.​Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.​Броўка, І.​Мележ, М.​Лынькоў, В.​Быкаў, К.​Крапіва, П.​Панчанка, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, М.​Лужанін, Я.​Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел. л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.​Мальдзіс, П.​Ахрыменка, Перкін, Э.​Мартынава, У.​Казбярук, В.​Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.​Коршунаў, В.​Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.​Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.​Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.​Лысенка, М.​Тычына, Э.​Гурэвіч, А.​Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.​Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.​Гніламёдаў, І.​Шпакоўскі, А.​Кабаковіч, Клышка, Л.​Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.​Сабалеўскі, А.​Семяновіч, С.​Лаўшук, Я.​Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.​Ралько), бел. літ.-грамадскі рух (Р.​Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.​Рагойша, П.​Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.​Конан, Яскевіч, І.​Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.​Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.​Ткачоў, І.​Кахно, С.​Лысенка, А.​Станюта, У.​Няфёдаў, С.​Букчын), л-ры замежных краін (Б.​Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.​Кісялёў, Мальдзіс, Я.​Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.​Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.​Дылы (1981), У.​Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.

Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.​Мішчанчука, П.​Васючэнкі, М.​Мікуліча, Гніламёдава, Л.​Корань, І.​Штэйнера, Г.​Тварановіч, Л.​Гараніна, А.​Мельнікава, А.​Вераб’я, У.​Мархеля, І.​Саверчанкі, І.​Чароты, А.​Бельскага, А.​Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т. л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.​Ліякумовіч, Г.​Няфагіна, Дз.​Фёдараў, А.​Звознікаў, І.​Скарапанава, Т.​Аўтуховіч, А.​Андрэеў, С.​Кузьміна, Н.​Папова і інш.), л-р замежных краін (І.​Шаблоўская, С.​Малюковіч, С.​Мусіенка, Т.​Камароўская, Чарота, Е.​Лявонава, Г.​Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: 36. твораў Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.​Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.

Літ.:

Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;

Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;

Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;

Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.

М.​І.​Мушынскі, Т.​Я.​Камароўская (замежнае Л.).

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)