АДЛЮСТРАВА́ННЕ,

уласцівасць матэрыі, якая заключаецца ў перадачы асаблівасцяў аб’екта або працэсу, якія адлюстроўваюцца. Выяўляецца ў здольнасці любой рэчы ў неарган. прыродзе ўзнаўляць такія змены, адбіткі, рэакцыі, якія знаходзяцца ў адпаведнасці (або падабенстве) з рэччу, якая на яе ўздзейнічае. Жывыя арганізмы выкарыстоўваюць уласцівасць адлюстраванне як сродак самазахавання і самапрыстасавання да навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад раздражняльнасці раслін і прасцейшых арганізмаў. У ходзе эвалюцыі раздражняльнасць як агульная ўласцівасць арганізма прасцейшых ператвараецца ў элементарную адчувальнасць нервовай тканкі, а потым — у непасрэдную псіхічную дзейнасць жывёл у працэсе развіцця органаў пачуццяў і галаўнога мозга. У выніку працяглага працэсу антрапагенезу ўзнікаюць і развіваюцца свядомае псіхічнае адлюстраванне і дзейнасць людзей. Вышэйшая, спецыфічная чалавечая форма адлюстравання — свядомасць.

Літ.:

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова Е.В. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1983;

Губанов Н.И. Чувственное отражение. М., 1986.

Я.​В.​Петушкова.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’Е́КТ (ад лац. objectum прадмет),

філасофская катэгорыя, якая ў аб’ектыўнай рэальнасці выражае тое, на што накіравана прадметна-практычная і пазнавальная дзейнасць суб’екта. Аб’ект не тоесны аб’ектыўнай рэальнасці, апошняя выступае для суб’екта як аб’ект не «ў чыстым выглядзе», а ў формах дзейнасці, мовы і ведаў, выпрацаваных гіст. развіццём грамадства. У найб. канцэнтраваным выглядзе гэта адлюстроўваюць існуючыя тэорыі пазнання, сярод якіх можна вылучыць: тыя, у якіх сцвярджаецца, што аб’ект, які пазнаецца, непасрэдна дадзены суб’екту і дзейнасць суб’екта заўсёды вядзе да адыходу ад аб’екта і не вызначаецца прыродай самога аб’екта (сузіральны матэрыялізм, сучасны рэалізм, пазітывізм, фенаменалогія), і тыя, дзе аб’ект ёсць канструкцыя суб’екта, «аб’ектывацыя» ўнутр. зместу суб’екта (кантыянства, неакантыянства, прагматызм).

Літ.:

Субъект и объект как философская проблема. Киев, 1979;

Лекторский В.А. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),

арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.​Абрамовіч, Т.​Куніцкі, І.​Гагалінскі, М.​Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час. «Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.

Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.​Шырма і М.​Забэйда-Суміцкі). Вільня.
Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАРАТО́РЫЯ (сярэднелац. laboratorium ад лац. laborare працаваць),

спецыяльна абсталяванае памяшканне ў складзе навук. ці навуч. установы, прадпрыемства або інш., прызначанае для правядзення навук., вытв.-кантрольных ці тэхн. даследаванняў, а таксама навуч. заняткаў; установа, дзе займаюцца такімі даследаваннямі. У пераносным сэнсе — творчы працэс, творчая дзейнасць каго-н. Напр., творчая Л. пісьменніка.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕСНАХО́Д»,

арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.​Пестрака (Звястун), А.​Салагуба, А.​Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.​Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКІ АРХІПЕЛА́Г,

некалькі груп астравоў у Эгейскім м. (Паўн. і Паўд. Спарады, Эўбея, Хіяс, Лесбас, Кіклады, Крыт і інш.). Тэр. Грэцыі. Пл. каля 20 тыс. км². Гарысты рэльеф, выш. да 2456 м (г. Іда на в-ве Крыт). Характэрна моцная сейсмічнасць і вулканічная дзейнасць. Клімат субтрапічны. Міжземнаморская расліннасць. Вырошчванне субтрапічных культур. Рыбалоўства. Турызм.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)