РУБО́Н,

старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.​Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст. н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.​К.​Радзівілам Сіроткай (1613).

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГРЭСІ́ЎНАЯ ЭРО́ЗІЯ,

разбурэнне і змыванне горных парод і глеб паверхневым вадацёкам (пастаянным або часовым). Р.э. пашыраецца ў бок вытоку, даўжыня вадацёку пры гэтым павялічваецца, што вядзе часам да перахопу рэк суседніх басейнаў. Разам з глыбіннай эрозіяй Р э. садзейнічае росту і пашырэнню яроў, фарміраванню падоўжнага профілю даліны (гл. Профіль раўнавагі ракі). На Беларусі Р э. найб. актыўна праяўляецца ў бас. рэк Нёман, Зах. Дзвіна, у раёнах пашырэння лёсападобных парод па краявых утварэннях Бел. і Мазырскай град, на Аршанска-Магілёўскай раўніне. Гл. таксама Эрозія.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».

Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»).

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ,

гідралагічны заказнік на тэр. Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Створаны як азёрны заказнік для аховы азёр і прылеглых прыродных комплексаў у 1979. Пл. 3,3 тыс. га (1997). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град. Уключае Доўгае возера, воз. Псуя (бас. р. Зах. Дзвіна) і прылеглую частку вадазборнай плошчы. Лясы (у асноўным елка з дамешкам бярозы і асіны) пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Трапляюцца хвойнікі, у лагчынах — шэраалешнікі. Лясістасць 15%, па берагах — 25%. У далінах рэк невял. лугі. У фітапланктоне воз. Доўгае выяўлена рэдкая водарасць асцыляторыя чырванаватая.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т ПРЫ МІ́НСКІМ АДДЗЯЛЕ́ННІ ПАЎНО́ЧНАГА БА́НКА,

манапалістычнае аб’яднанне запалкавых фабрыкантаў паўн.-зах. губерняў і Польшчы у 1905—13. Аб’ядноўваў 11 буйнейшых ф-к рэгіёна, у т. л. 6 з бел. губерняў: «Прагрэс-Вулкан» (Пінск), «Вікторыя» і «Бярэзіна» (Барысаў), «Дзвіна» (Дзвінск), «Маланка» (Мазыр), «Дружына» (Койданава). У 1907 Зах. к-т аб’яднаўся з арг-цыяй аналагічнага профілю ў Маскве — Усх. к-там і ўтварыў агульнарас. сіндыкат «Рускае таварыства запалкавага гандлю», які на працягу некалькіх гадоў дамінаваў на рынку еўрап. часткі Рас. імперыі.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл. Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МКА, Лукамка, Уюнок,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 831 км². Выцякае з Лукомскага возера каля г. Новалукомль, цячэ ўздоўж усх. ускраіны Лукомскага ўзв. па Чашніцкай раўніне. Асн. прыток — р. Югна (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, у ніжнім цячэнні да 5 км. Пойма перарывістая, у вярхоўі і вусцевай ч. забалочаная, шыр. да 1,6 км. Рэчышча моцназвілістае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,4 м³/с. Каля в. Рудніца Лукомскае вадасховішча.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІЦА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 51 км, у т. л. ў межах Беларусі 36 км. Пл. вадазбору 279 км², у т. л. на Беларусі 150 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Пустыня Краслаўскага р-на Латвіі, вусце на мяжы з Латвіяй за 700 м на З ад в. Новае Сяло Верхнядзвінскага р-на. Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша. Рэчышча на тэр. Латвіі і 1 км на Беларусі каналізаванае, далей сярэдне звілістае.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 8 км на З ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 7,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,28 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, разараныя, на ПнУ пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнУ тарфяныя. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, да 4—4,5 м укрыта апясчаненым ілам, глыбей гліністым ілам і сапрапелем. Уздоўж берагоў зарастае.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)