назва ваеннага аркестра янычараў у 14—19 ст. Бытавала ў Еўропе ў 17—18 ст.
Тыповы янычарскі аркестр уключаў вял. барабан, барабанчыкі, 7 медных труб, 5 шалмеяў, 2 талеркі. Нягледзячы на рэзкае, крыклівае і пранізлівае гучанне ў 18 ст. «Я.м.» набыла значную папулярнасць: яна гучала ў час святочных і жалобных цырымоній, ваен. парадаў, суправаджала магнатаў у іх паездках. У рэпертуары розныя маршы «на выпадак» (вітальныя, жалобныя, паходныя), танц. музыка (мазуркі і інш.). Тэмбравыя і лада-рытмічныя асаблівасці, уласцівыя «Я.м.», адлюстраваны ў творах кампазітараў 18—19 ст. Л.Бетховена, І.Гайдна, К.Глюка, А.Грэтры, Г.Малера, В.А.Моцарта і інш.
На Беларусі паяўленне «Я.м.» звязана з фарміраваннем у канцы 17 — пач. 18 ст. янычарскіх харугваў у войску ВКЛ. У 1740—60-я г.найб. вядомы аркестры «Я.м.» Радзівілаў у Нясвіжы і Гродне, у 1788 М.К.Агінскага ў Слоніме. У войску ВКЛ склад «Я.м.» вар’іраваўся па тыпах і колькасці духавых і ўдарных інструментаў (у 18 ст. ўключала 7 барабанаў, 2 тулумбасы, 2 талеркі, 6 сурмаў). Аркестр «Я.м.» Агінскага складаўся з 14 інструментаў. Капэла янычарскай харугвы Булавы Вялікай ВКЛ (Гродна, 1768) уключала 6 сурмаў, 3 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы капельмайстар М.Арманкевіч, пам. капельмайстра Я.Чмухоўскі, сурмачы А.Апанасевіч, М.Валадкевіч, Я.Вярцінскі, Я.Дзянкевіч, Т.Сабалеўскі, барабаншчыкі П.Андрушкевіч, А.Герман, С.Керповіч, Т.Кісянскі, С.Крыстыновіч, Т.Чархановіч, на талерках А.Альшэўскі, Я.Васілеўскі, А.Вішнеўскі, на тулумбасах Т.Адамовіч, Я.Папяніцкі, Я.Кучынскі; капэла янычарскай харугвы Булавы Польнай ВКЛ (г. Высокае, 1764) — 5 сурмаў, 2 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы: капельмайстар А.Лябудзеўскі, пам. капельмайстра П.Шнуроўскі, сурмачы Я.Бачкяноўскі, Ф.Валадкевіч, С.Кукіс, А.Федаровіч, на талерках Е.Карповіч, Ю.Лебядзёўскі, на тулумбасах Ю.Вазлюкевіч, Г.Канічускі, А.Мачыевіч, барабаншчыкі Ю.Вайтулевіч, П.Марун, М.Рагоўскі, М.Скірмунт, Т.Янушкевіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́ННЕ,
канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл.Маналог) і дыялагічнае (гл.Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл.Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.
Літ.:
Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАМЯЛЁЎ Леанід Дзмітрыевіч (н. 5.2.1923, г. Віцебск),
бел. жывапісец. Нар.маст. Беларусі (1983). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1959 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1968—74 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Тэма гераізму народа ў Вял.Айч. вайне ўвасоблена ў палотнах «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэнне» (1967), «Палявы трыбунал» (1974—75), «Генерал Даватар» (1975), «3 ліпеня» (1977), «Першы дзень міру» (1981), «Люты 1942», «Светлая памяць» (абодва 1984), «Ідзе вайна народная» (1985). Шматграннасць і маштабнасць асобы выяўлены ў карцінах «1918 год. Ленін і Дзяржынскі» (1969), «Кастусь Каліноўскі» (1975), «Вяртанне. Мікола Гусоўскі», «Рэпін у Здраўнёве» (абедзве 1980), «Народны паэт Беларусі Я.Купала» (1981), «Леся Украінка» (1983). Лірыка-эпічнае гучанне вылучае цыклы палотнаў «Край мой Міншчына», «Ільны івянецкія» (абодва 1977), «Навала 22 чэрвеня 1941 года», «Ліставей», «Лета» (усе 1978). Псіхал. глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы творам пра сучаснікаў: «Настаўніца» (1969), партрэты мастакоў М.Чэпіка (1970), Г.Вашчанкі (1980), В.Цвіркі (1982), «Каця малюе» (1985), «Алена Малочка» (1990), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Святар» (2002) і інш. Выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Асенні кліч» (1975), «Вязынка» (1976), «Сосны», «Студзень у Мінску» (абодва 1977), «Крыніца», «У канцы студзеня», «Напрадвесні», «Лошыца» (усе 1978), «Вясна на Дзвіне» (1979), «Радзіма» (1981), «Зіма ў Ракаве» (1982); серыі «Новае поле» (1979—82), «Лета ў Астрашыцкім» (1994), «Як быццам у сне», «Караван», «Цёплае лета» (усе 1995), «Снежань», «Сакавік», «Майскі вечар», «Зіма ў Пінску» (усе 1996), «Беларусы ў Вене» (1998). Аўтар нацюрмортаў «Цюльпаны» (1973), «Мёд» (1974), «Пасля канцэрта» (1975), «Крэсла бацькі», «Кветкі зямлі» (абодва 1978), «Вязынка. У хаце паэта» (1982), «Учора і сёння» (1986), «Памяці 1794» (1993), «Восень» (1995), «Мой свет» (1996). Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю. Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Літ.:
Л.Д.Щемелев: Цвета времени. М., 1978, Крэпак Б.А. Леанід Шчамялёў. Мн., 1981;
Л.Дз.Шчамялёў: [Альбом]. Мн., 1997;
Леанід Шчамялёў: Нар. мастак Рэспублікі Беларусь: (Альбом). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),
1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.
Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар.гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.Пікасо, Ж.Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.Северыні, А.Кручоных), дадаізму (К.Швітэрс, Ж.Грос, М.Рэй), супрэматызму (К.Малевіч, У.Татлін), сюррэалізму (Ж.Міро, М.Эрнст), поп-арту (Р.Гамільтан, Дж.Дайн) і інш.
У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.Стржамінскага, У.Мудрогіна, М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, Г.Хацкевіча-Мінскага, В.Смаляк, Л.Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.
2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.Айвза (квартэт № 2), А.Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.Берыо (сімфонія), Дз.Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.Брамса, «Пацалунак феі» І.Стравінскага).
Літ.:
Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
калядкі, жанр стараж.нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л.слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.
Публ.:
Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.І.Гурскі, З.Я.Мажэйка. Мн., 1975 (Бел.нар. творчасць);
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́СІН Аляксей Васілевіч (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з С.Гаўрусёвым), зб. вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Палёт. Мн., 1982;
Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;
Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),
1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.
Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.А.Моцарта (1791; скончаны Ф.К.Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.Берліёз, Дж.Вердзі, І.Брамс; у 20 ст. — П.Хіндэміт, Ф.Дэліус, Б.Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.Стравінскі, А.Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.Лігеці).
У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.Семянякі, Р.-балада А.Мдывані, Р. «Помніце» Л.Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.Барадуліна, «Голас сэрца» П.Броўкі, «Паэма расстання» Г.Бураўкіна, «Заазёр’е» А.Вярцінскага, «Трыпутнік» К.Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.Куляшова, «Паэма жніва» Н.Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.Адамовіча «Хатынская аповесць», В.Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.Казько «Суд у Слабадзе», І.Пташнікава «Тартак», дакумент.кн. Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАТЫ́НЬ,
мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш.бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял.Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б.в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульпт. С.Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз. скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял.Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,
«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).
Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Жніўныя песні / Скл. А.С.Ліс, В.І.Ялтаў В.І.Ялатаў. Мн., 1974;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖА́НІН Максім (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.