АДО́КСА (Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

Адокса мускусная.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.

Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.​Ф.​Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.​Л.​Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),

іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,

фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.

Ліпавыя лясы: 1 — вясной; 2 — восенню.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),

рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭЙ, Мары (Murray),

самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЗЕ́НЬ,

рака ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 966 км, пл. бас. 78 тыс. км². Пачынаецца з балот на зах. схілах Ціманскага кража. Цячэ па хвалістай раўніне, упадае ў Мязенскую губу Белага м. Асн. прытокі: Вашка (злева), Мязенская Піжма, Сула, Пеза (справа). Разводдзе у маі—чэрв., летам і восенню дажджавыя паводкі. Ледастаў з канца кастр. — сярэдзіны ліст. да канца крас.пач. мая. Сярэдні расход вады 649 м³/с. У вусці высокія прылівы, якія распаўсюджваюцца на 64 км. Суднаходная на 371 км ад вусця, вясной на 650 км. Сплаўная. На рацэ г. Мязень.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЙЧЫК (Апанас Кузьміч) (1900, в. Радуцічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1921),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў час польскай інтэрвенцыі. З 1919 вёў падп. работу ў Слуцкім і Бабруйскім пав. Вясной 1920 у раёне Старых Дарог арганізаваў некалькі партыз. атрадаў, якія разбурылі чыг. ст. Дараганава, мост цераз Пціч, пусцілі пад адхон варожы эшалон, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі, вялі агітац. работу сярод сялян. У чэрв. 1920 партыз. атрад П. разам з Чырв. Арміяй удзельнічаў у фарсіраванні Бярэзіны каля мяст. Ялізава і вызваленні Асіповіч. З ліп. 1920 на парт. рабоце. Забіты бандытамі.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРГА́,

пылок кветак, сабраны пчалой меданоснай, змочаны нектарам, пакладзены ёй у ячэйкі сотаў і заліты мёдам. У анаэробных умовах, пад уздзеяннем ферментаў, бактэрый і дражджавых грыбкоў павялічваецца колькасць малочнай к-ты, якая кансервуе сумесь і ператварае яе ў П. У склад П. ўваходзяць бялкі 13—40%, тлушчы 0,3—12%, вугляводы 24—70%, ферменты, мінер. солі, вітаміны, гармоны. П. — каштоўны пратэінавы корм, неабходны для выкормлівання пчалінага расплоду вясной, яе адсутнасць затрымлівае развіццё пчалінай сям’і і зніжае медазбор. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. П. пры лячэнні неўрозаў, неўрастэніі, цукр. дыябету, анеміі, гепатыту і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЕ́Ц (Андрэй Іванавіч) (19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. рабоце.

А.І.Валынец.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)