ПЯРГА́,

пылок кветак, сабраны пчалой меданоснай, змочаны нектарам, пакладзены ёй у ячэйкі сотаў і заліты мёдам. У анаэробных умовах, пад уздзеяннем ферментаў, бактэрый і дражджавых грыбкоў павялічваецца колькасць малочнай к-ты, якая кансервуе сумесь і ператварае яе ў П. У склад П. ўваходзяць бялкі 13—40%, тлушчы 0,3—12%, вугляводы 24—70%, ферменты, мінер. солі, вітаміны, гармоны. П. — каштоўны пратэінавы корм, неабходны для выкормлівання пчалінага расплоду вясной, яе адсутнасць затрымлівае развіццё пчалінай сям’і і зніжае медазбор. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. П. пры лячэнні неўрозаў, неўрастэніі, цукр. дыябету, анеміі, гепатыту і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)