ВО́ДПУСК металу,

тэрмічная апрацоўка загартаваных сплаваў (пераважна сталей) для памяншэння іх крохкасці і павышэння пластычнасці. Заключаецца ў нагрэве металу да пэўнай т-ры, вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні (у паветры або вадзе) з зададзенай скорасцю. Водпуск каляровых сплаваў звычайна наз. штучным старэннем.

Адрозніваюць водпуск нізкі (120—250 °C, выкарыстоўваецца для зняцця ўнутр. напружанняў у вырабах з інстр. вугляродзістай і нізкалегіраванай сталі), сярэдні (250—450 °C, для апрацоўкі спружынных і рысорных сталей) і высокі (450—650 °C, для апрацоўкі дэталей канструкцый і машын з канструкцыйных сталей). Загартоўка з наступным высокім водпускам наз. паляпшэннем. Выбар рэжыму водпуску вызначаецца патрэбным найлепшым спалучэннем трываласці, цвёрдасці і пластычнасці вырабу.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ АГІ́НСКАГА.

Пабудаваны ў 1790 (арх. К.​Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі нар. дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з рызалітамі ў цэнтры гал. і дваровага фасадаў і 4 алькежамі па вуглах. Асн. аб’ём быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам. Фасады дома мелі 2-яруснае вырашэнне: ніжні ярус (1-ы паверх) масіўны з невял. гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні (2-і паверх) — больш высокі, ажурны, з рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на гал. фасадзе быў завершаны невял. атыкам, гал. ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Разбураны ў 2-й пал. 19 ст.

Гродзенскі дом Агінскага. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),

у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.

Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск ( pв = D2 d2 pн ) .

т. 11, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́ЎНІКАЎ (Ігар Уладзіміравіч) (н. 5.11.1954, Мінск),

бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, В.​А.​Моцарта, С.​Рахманінава, бел. кампазітараў Г.​Вагнера, Л.​Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел. фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

І.​І.​Зубрыч.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ (Gallus gallus),

птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.

Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.

Банкіўскі певень.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),

італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ КАПІТА́ЛУ,

сканцэнтраванне і нарошчванне капіталу шляхам злучэння розных яго ўладальнікаў, уласнікаў, а таксама за кошт ператварэння ў капітал прыбыткаў, капіталізацыі даходаў. Дзякуючы К.к. ўдаецца рэалізаваць буйныя, перспектыўныя праекты з устойлівым прыбыткам. Асабліва моцны штуршок К.к. дало ў свой час развіццё такіх відаў вытв-сці, якія патрабуюць велізарных адначасовых затрат, матэрыяльных рэсурсаў і рабочай сілы (напр., буд-ва чыгункі). К.к. суправаджаецца павелічэннем памераў прадпрыемстваў і вядзе да стварэння манаполій і буйных капіталаў. Ва ўмовах сучаснай навукова-тэхн. рэвалюцыі выкарыстанне навукі ў вытв-сці і прыкладных даследаванняў вядзе да далейшага росту К.к. Найб. высокі ўзровень К.к. характэрны для такіх галін прамысловасці, як электронная, атамная, аўтамабільная, авіяцыйная, аэракасмічная і інш.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,

ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).

А.​У.​Камароўская.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ СУПО́ЛЬНІЦТВЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1996 Падпісаны 2.4.1996 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.​М.​Ельцыным. Прадугледжвае больш высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх суверэнных рэспублік сярод Садружнасці Незалежных Дзяржаў — яднанне на прынцыпах суверэннасці і раўнапраўя, агульнапрынятых нормах міжнар. права, матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў сваіх дзяржаў. Пры гэтым і Беларусь і Расія захоўваюць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, свае Канстытуцыю, дзярж. сцяг, герб, гімн і інш. атрыбуты дзярж. улады, з’яўляюцца суб’ектамі міжнар. права і захоўваюць сваё членства ў міжнар. арг-цыях. Дагавор прадугледжвае адказнасць членаў Супольніцтва і абавязковасць прымаемых рашэнняў праз каардынацыю і кантроль з боку спецыяльна створаных органаў з акрэсленымі ўладнымі паўнамоцтвамі — Вышэйшага Савета і Выканаўчага к-та.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)