КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв.водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ФАРА (Cladophora),
род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.
Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНІ́ЎЦЫ,
група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.
Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ, Вялікая Швакшта,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб.шыр. 3,4 км, найб.глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай з воз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЦЫУМ (Calicium),
род парашкаплодных лішайнікаў сям. каліцыевых. 90 відаў. Пашыраны ў Галактыцы, трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 8 відаў, найчасцей трапляюцца К.: піхтавы (C. abietinum), бэлечны (C. trabinellum), зялёны (C. viride) на кары хвойных і лісцевых дрэў, гнілой драўніне; К. усыпаны (C. adspeisum) занесены ў Чырв. кнігу.
Слаявіна накіпная, тоўстая, зярністая шэра-карычневага колеру, на ёй цвікападобныя пладовыя целы (апатэцыі), бывае малапрыкметная, паглыбленая ў драўніну, без пладовых цел. Апатэцыі на ножках выш. да 5 мм з шырокім выпуклым дыскам, на якім утвараецца спорападобная маса. Сумкі цыліндрычныя, споры 1—2-клетачныя, бываюць з перацяжкай пасярэдзіне. Водарасці (фікабіёнты) родаў Protococcus, Stichococcus, Trentepohlia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),
род дыятомавых водарасцейсям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).
Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),
нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.