АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.
2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫ́Т (грэч. askitēs літар. ацёчны),
намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
ідэалізаваная вадкасць, у якой у адрозненне ад рэальнай вадкасці адсутнічаюць вязкасць і цеплаправоднасць. І.в. неперарыўная, не мае структуры. Такая ідэалізацыя дапушчальная ў многіх выпадках у гідрааэрамеханіцы і добра апісвае рэальныя цячэнні вадкасцей (і газаў) на дастатковым аддаленні ад мяжы падзелу з нерухомым асяроддзем.
гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрывода машын.
Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб. даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.
Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,Ŕ′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл.Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл.Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.
На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз.якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.
Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,
аднародная фізіка-хім. сістэма, якая мае адну фазу. Хім. састаў і фіз. ўласцівасці ва ўсіх частках гамагеннай сістэмы аднолькавыя ці мяняюцца без скачкоў (паміж часткамі сістэмы няма паверхні падзелу). Гамагенная сістэма можа быць ізатропнай (газы, вадкасці) і анізатропнай (большасць цвёрдых і вадкіх крышталёў, гл.Анізатрапія). Гл. таксама Гетэрагенная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЁК,
агульныя ці мясцовыя праявы парушэння воднага абмену арганізма, калі вада, бялкі і электраліты намнажаюцца па-за клеткамі ці ў серозных поласцях цела. Бывае пры затрымцы натрыю ў арганізме, парушэнні анкатычнага ціску, застоі крыві, запаленні, інтаксікацыі, алергіі і інш. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета з абмежаваннем вадкасці і солі (ці без солі), мачагонныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,
квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій 4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.