АНЖУ́ (Пётр Фёдаравіч) (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НСКІ ФРОНТ.

Утвораны 16.8.1941, пасля 2 расфарміраванняў зноў утвораны 29.3.1943 на зах. напрамку. Камандуючыя ген.-палк. М.​А.​Рэйтар (29.3—5.6.1943), ген. арміі М.​М.​Папоў (з 6.6.1943); чл. ваен. савета ген.-лейт. І.​З.​Сусайкаў, з 7.7.1943 ген.-лейт. Л.​З.​Мехліс; нач. штаба ген.-лейт. Л.​М.​Сандалаў. У склад фронту ў розны час уваходзілі 3, 50, 61, 63, 11-я гв. агульнавайсковыя, 3-я гв. і 4-я танкавыя, 15-я паветр. арміі. Войскі фронту прымалі ўдзел у Курскай бітве 1943, правялі Бранскую аперацыю 1943. 10.10.1943 фронт расфарміраваны.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),

палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАЎ II Адольф

(Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),

кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял. тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.

Густаў II.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГА́НТЫ,

у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.​В.​Глюка) і інш.

Да арт. Гіганты. Бітва багоў і гігантаў. Фрагмент паўночнага фрыза Пергамскага алтара. 180—160 да н.э.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),

шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),

кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.​Людвіга, араторыі Г.​Ф.​Гендэля, оперы А.​Рубінштэйна і інш.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),

апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)