ШАРАМЕ́ЦЕЎ Барыс Пятровіч (5.5.1652, Масква — 28.2.1719),

расійскі военачальнік, дыпламат. Баярын (1682), граф (1706), ген.-фельдмаршал (1701). З роду Шарамецевых. Удзельнік заключэння «Вечнага міру» 1686, дыпламат. місій 1686—87 у Рэч Паспалітую і Аўстрыю для заключэння ваен. саюза супраць Турцыі. У рус.-тур. вайну 1686—1700 камандаваў войскамі Белгародскай абарончай лініі (1687—94) і рус. арміяй на Украіне (1695—96), удзельнічаў у паходах на Крым (1687, 1689), выконваў дыпламат. даручэнні цара ў Рэчы Паспалітай, Аўстрыі, Італіі і на в-ве Мальта (1697—99). Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 і рус.-тур. вайны 1710—13. Камандаваў: дваранскай конніцай у няўдалай бітве пад Нарвай (1700); рус. войскамі ў Прыбалтыцы (1701—05), дзе разбіў швед. войскі пад Эрэстферам і Гумельсгофам (1702), узяў Нотэбург (Шлісельбург, 1702) і інш. крэпасці; войскамі, якія падавілі Астраханскае паўстанне 1705—06; групоўкамі рус. войск на Беларусі (1707—08), якую наўмысна спусташаў, адыходзячы пад націскам шведаў; гал. сіламі рус. арміі на Украіне (1708—09, у т. л. ў Палтаўскай бітве 1709), у Прыбалтыцы, дзе ўзяў г. Рыга (1710), у Пруцкім паходзе 1711; «назіральнай» арміяй на Украіне (1712—13); рус. войскамі ў Памераніі і Мекленбургу (1715—17). Паказаў сябе здольным, але вельмі асцярожным і часам марудлівым палкаводцам.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)