рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р.Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р.Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в.Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял.кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял.кн. Яўнута (гл. ў арт.Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт.Ямантовічы). У 1387 вял.кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́Ц (Abramis ballems),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.
Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДНЯ,
рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).
Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯВА́,
рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р.Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́,
рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р.Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р.Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),
бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ.ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Мікалай Пятровіч) (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕў вайну 1812,
дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс.чал. уваходзіла ў т. зв.ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р.Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.