АПО́РТЫ,

маёмасць, што паступіла акцыянернаму таварыству ў лік аплаты акцый. Могуць быць тавары, гандл. і прамысл. прадпрыемствы на поўную суму грашовага капіталу. Часта заснавальнікі акц. т-ваў як апорты. перадаюць гэтым т-вам свае тавары і прадпрыемствы па завышанай цане, каб атрымаць акцый больш, чым каштуе здадзеная маёмасць.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАРЭ́Я (ваен.; франц. batterie ад battre біць),

агнявое і тактычнае падраздзяленне ў артылерыі. Батарэі могуць быць самастойнымі (у палкавой, берагавой артылерыі) або ўваходзіць у артыл. дывізіён (полк). Складаецца з 2—3 агнявых узводаў, узвода (аддзялення) кіравання. Мае 2—8 гармат (мінамётаў, баявых машын рэактыўнай артылерыі або процітанкавых кіроўных ракет).

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЕГАЛО́ЎКА ракеты,

галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКАЗУРЫ́Я (ад грэч. glykys салодкі + uron мача),

наяўнасць у мачы цукру ў высокай канцэнтрацыі. Бывае пры павышанай колькасці цукру ў крыві — гіперглікеміі, у здаровых людзей — пры залішнім ужыванні салодкага, пры нерв. і эмацыянальных перанапружаннях (хутка праходзіць). Стойкая гліказурыя можа быць прыкметай дыябету цукровага і інш. парушэнняў унутр. сакрэцыі.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУРМА́Н, басурманін,

1) устарэлая назва нехрысціяніна, пераважна мусульманіна (у Расіі — неправаслаўнага). У ВКЛ прававое становішча басурманаў рэгулявалася Статутамі ВКЛ, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі іх правы. Басурман не меў права займаць дзярж. і адм. пасады, мець у няволі хрысціян, не мог быць панятым і інш. 2) Пераноснае значэнне — несумленны чалавек.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧЫ ЎЧА́СТАК,

частка выбарчай акругі, дзе галасуе пэўная колькасць выбаршчыкаў. У Рэспубліцы Беларусь ствараюцца для выбараў прадстаўнічых органаў дзярж. улады і Прэзідэнта. На выбарчыя ўчасткі падзяляецца тэр. раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах. Выбарчыя ўчасткі ствараюцца таксама ў вайсковых часцях, могуць быць створаны і ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і інш.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

аднародная фізіка-хім. сістэма, якая мае адну фазу. Хім. састаў і фіз. ўласцівасці ва ўсіх частках гамагеннай сістэмы аднолькавыя ці мяняюцца без скачкоў (паміж часткамі сістэмы няма паверхні падзелу). Гамагенная сістэма можа быць ізатропнай (газы, вадкасці) і анізатропнай (большасць цвёрдых і вадкіх крышталёў, гл. Анізатрапія). Гл. таксама Гетэрагенная сістэма.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХРА́Б (араб. свяцілішча),

малітоўная ніша ў мячэці. Змяшчаецца ў сцяне, звернутай да Меккі (у ранніх мячэцях — да Іерусаліма). Бываюць у плане паўкруглыя, шматгранныя, радзей прамавугольныя. У завяршэнні — паўкупал, аздоблены арнаментальнай разьбой, інкрустацыяй, размалёўкай. У некат. мячэцях М. можа быць некалькі.

Міхраб (злева) і мінбар мячэці ў г.п. Іўе Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)