АЛЬМЕ́КІ (Olmec),

індзейскі народ, які ў 14—3 ст. да н.э. насяляў тэр. сучасных штатаў Веракрус, Табаска і Герэра (Мексіка). Назва ад плямёнаў, што жылі тут у 11—14 ст. Займаліся лядным земляробствам і рыбалоўствам, былі выдатнымі разьбярамі па камені. Узвялі буйныя цырыманіяльныя цэнтры Ла-Вента, Трэс-Сапотэс і інш. Захавалася шмат помнікаў манум. скульптуры. Вядомы каменныя статуэткі істотаў, у якіх зліваюцца рысы чалавека і ягуара, — папярэднікі бога дажджу ў майя і інш. народаў. Іерогліфы альмекаў не прачытаны; верагодна, на іх падставе з’явіліся іерогліфы майя. Росквіт культуры альмекаў прыпадае на пачатак 1-га тыс. да н.э. Паміж 600 і 400 да н.э. асн. цэнтры альмекаў былі разбураны ці пакінуты. Знікненне альмекаў верагодна, звязана з этнічнымі міграцыямі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЫ́ШЧА,

1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.

2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.

3) Месца, дзе некалі быў двор.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.

А.​А.​Ярашэвіч.

Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],

сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКО́ЛЬД І ДЗІР,

кіеўскія князі ў 2-й пал. 9 ст. Паводле летапісных звестак былі баярамі Рурыка. У 860 узначальвалі першы паход на Канстанцінопаль, вялі барацьбу з печанегамі, улічамі, дунайскімі балгарамі. Учынілі паходы на драўлян, полацкіх крывічоў. Забіты ў 882 наўгародскім князем Алегам.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛЕ́З (франц. anglaise літар. англійская),

агульная назва нар. англійскіх танцаў, якія былі пашыраны ў краінах Еўропы ў 17—19 ст. Музыкай блізкія да экасеза, формай — да рыгадона. Многія кампазітары (І.​Фішэр, Ф.​Філідор, І.​С.​Бах) уключалі танцы тыпу англеза ў інстр. сюіты.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЛКА,

бандарны выраб у беларусаў; двухдонная бочачка на 5—10 л. Прызначалася, як і біклага, для пераносу вады на поле, сенажаць, лесасеку. Звычайна рабілася з дубовых клёпак, сцягнутых па краях некалькімі парамі абручоў, пасярэдзіне клёпак былі 1—2 адтуліны, якія затыкаліся коркамі.

Барылка.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЫНГ (Hötting),

археалагічная культура познабронзавага веку (10—7 ст. да н.э.) на тэр. Паўн. Ціроля і Верхняй Аўстрыі; адна з палёў пахавальных урнаў культур. Носьбіты культуры кантралявалі значныя радовішчы медзі ў Мітэбергу і, магчыма, былі асн. пастаўшчыкамі металу ва ўсх.-альпійскім рэгіёне.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРАМАНА́Х (грэч. hieromonachos),

манах-святар. Свяшчэннаслужыцель сярэдняй (2-й) ступені хрысц. царк. іерархіі, які прыняў манаства. Першапачаткова былі пазбаўлены сану свяшчэнства. З 5 ст. было дапушчана пасвячэнне ў свяшчэннікі манахаў. У Рус. правасл. царкве ўзнікненне іераманаства адносіцца да часоў Феадосія Пячэрскага (11 ст.).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁЦКІ,

традыцыйная бел. страва з таркаванай бульбы, пшанічнай або інш. мукі ў форме невял. галачак. Звараныя К. забельваюць малаком, часам заскварваюць. Страва пад падобнай назвай ёсць у літоўцаў (kleckiene). У старажытнасці былі адной з абавязковых страў на памінках пераважна на У Беларусі.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)