ЖАЛДАКО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкіМін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),
расійскі гісторык архітэктуры. Канд.тэхн.н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх.ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІпрамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.
Тв.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЦЕРА ((Kotěra) Ян) (18.12.1871, г. Брно, Чэхія — 17.4.1923),
чэшскі архітэктар; заснавальнік чэш.арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Прамысл. школе ў г. Пльзень (1887—90) і АМ у Вене (1894—97) у О.Вагнера. Выкладаў у Празе ў Маст.-прамысл. школе (з 1898) і АМ (з 1911). Раннія работы ў стылі мадэрн, пасля 1906 імкнуўся да функцыян. мэтазгоднасці, прастаты і тэктанічнай выразнасці форм: адм. будынак (1903—04) і музей (1908—12) у Градзец-Кралаве, Нар. дом у Просцеёве (1905—07), будынкіюрыд. ф-та ун-та ў Празе (1907—20), банка «Славія» ў Сараеве (1911—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.У.Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.Сяняўскі і Е.Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ХЕ́ЙВЕН (New Haven),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1638. 124,7 тыс.ж., з гарадамі Мерыдэн, Уэст-Хейвен і агульнымі прыгарадамі каля 550 тыс.ж. (1997). Порт у праліве Лонг-Айленд. Прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр Новай Англіі. Прам-сць: вытв-сцьавіяц. рухавікоў, дэталей і вузлоў, стралковай зброі, рэнтгенаўскай апаратуры і мед. інструменту, гадзіннікаў, станкоў і прамысл. абсталявання, сродкаў сувязі, чорная і каляровая металургія, металаапр., хім., гумавая, паліграфічная. Ун-ты, у т. л.Іельскі універсітэт. Музеі. Маст. галерэя Іельскага ун-та. Гар. і універсітэцкія будынкі 17—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК ((Pollack) Міхай) (1773, Вена — 5.1.1855),
венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-й пал. 19 ст. Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкіВаен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗБА,
насып уздоўж ніжняй часткі зруба вясковай хаты для засцярогі яго ад вільгаці і для ўцяплення памяшкання. Найб. простая П. — прысыпка зямлёй ці пяском 2 ніжніх вянкоў (гарыз. радоў бярвён). Больш дасканалая і пашыраная П. з калкоў, убітых у зямлю на адлегласці 35—40 см ад сцяны і пераплеценых лазой або бярозавымі пруткамі, ці з укапаных слупкоў, за якія закладвалі тонкае бярвенне, дошкі, гарбылі. Вядомы П. і з укапаных слупоў з пазамі, у якія закладвалі бярвенне, дылі. П. былі невысокія, зрэдку іх насыпалі да акна. У наш час будынкі ставяцца на фундаменце і П. не робяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЕЎ (Леў Уладзіміравіч) (13.3.1885, г. Ноўгарад, Расія — 19.11.1956),
рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1915), праф. у ёй (1922—48) і ў Маскоўскім арх. ін-це (1948—52). Асн. работы: помнік «Змагарам рэвалюцыі» на Марсавым полі ў Пецярбургу (1917—19); будынак Ваен. акадэміі (1937), адм.будынкі на вул. Маршала Шапашнікава (1934—38) і на Фрунзенскай набярэжнай (1938—55), комплекс Маскоўскага ун-та (1949—53, у сааўт.; праект — Дзярж. прэмія СССР 1949) — усе ў Маскве; Дом урада ў Баку (1952), Палац культуры і навукі ў Варшаве (1952—55) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.
Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст.арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт.Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.