АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).

На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pv​γ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.

Адыябатны працэс: адыябата ідэальнага газу.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),

хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛУ́КТА,

у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ПЫ (Pipinae),

падсямейства бясхвостых земнаводных падатр. без’языкіх. 1 род (Pipa), 6 відаў. Пашыраны ў тропіках Паўд. Амерыкі. Жывуць у прэсных вадаёмах і каля іх.

Даўж. да 20 см; самкі буйнейшыя за самцоў. Цела шырокае, пляскатае. Морда завостраная. Вочы без павекаў. Пярэднія ногі з 4 доўгімі пальцамі без плавальных перапонак, заднія даўжэйшыя, з 5 пальцамі, злучанымі пераполкай. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Размнажэнне найб. вывучана у П. сурынамскай: яйцы (да 114) з дапамогай самца трапляюць у ячэйкі яйцаклада, які самка выварочвае сабе на спіну. Ячэйкі глыб. да 15 мм прыкрыты скурыстымі вечкамі, пад якімі ідзе развіццё яец і фарміраванне апалонікаў, пасля чаго з ячэек выходзяць сфарміраваныя жабяняты, а самка ліняе, мяняючы скуру.

Піпа сурынамская.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,

канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г. Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛА (італьян. solo ад лац. solus адзін, адзіны),

1) самастойная партыя аднаго выканаўцы (саліста) або эпізод у оперы, балеце, вак.-сімф., сімф., харавым ці кам.-інстр. творы, разлічаны на выкананне адным спеваком, танцорам ці інструменталістам.

2) Муз. твор ці яго частка, прызначаны для аднаго голасу або інструмента (з акампанементам ці без яго).

3) Tasto solo (T.S.; італьян. адна клавіша), абазначэнне ў генерал-басе, якое ўказвае на неабходнасць выканання партыі баса без акордавых гукаў. У партытуры тэрмін «С.» пазначае момант уступлення саліста, на тытульным лісце твора — яго прызначэнне для аднаго інструмента. Як аднагалосая форма выканання С. ўласціва і нар., у т. л. бел., песеннаму і інстр. муз. мастацтву.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТЫНГ (англ. petting),

дасягненне партнёрамі палавога задавальнення шляхам узаемных ласкаў, але без палавых зносін. Акрамя захавання нявіннасці, П. карыстаюцца, каб засцерагчыся ад цяжарнасці, з мэтай прафілактыкі венерычных захворванняў і інш.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОГ,

даліна значнай працягласці, з роўным днішчам і спадзістымі схіламі, зарослымі вільгацелюбівай расліннасцю; адмоўная форма эразійнага рэльефу. Часта атаясамліваецца з лагчынай. На Беларусі Л. часта называюць неглыбокія паніжэнні без пастаяннага вадасцёку.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ЛАЧНІК, балкер,

судна для перавозкі грузаў без тары — навалам або россыпам. Звычайна грузавыя прыстасаванні ў Н. адсутнічаюць, часам ён абсталёўваецца канвеерамі, каўшовымі элеватарамі, пнеўматычнымі разгрузчыкамі. Разлічаны на перавозку грузаў у трумах.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА... (ад грэч. para каля, пры, па-за, без), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае знаходжанне побач, а таксама перамяшчэнне, адхіленне ад чаго-н. змену чаго-н., напр., парабіёз, парамагнетызм.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)