ДЗЯНІ́САЎ (Павел Ферапонтавіч) (н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЕРЭ ((Dreiere) Зіта) (дзявочае Эрс; н. 6.8.1952, Рыга),

латышская артыстка балета. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1969). З 1969 салістка Дзярж. акад. т-ра оперы і балета Латвіі (цяпер Нац. опера Латвіі). Сярод партый: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Ліенітэ («Спрыдытыс» А.​Жылінскіса). Творчасць Д. адметная тэхн. майстэрствам, драм. выразнасцю, пластычнасцю, эмацыянальнасцю.

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯНСА́РАВА (Тамара Вартанаўна) (9.6. 1913, Масква — 1.10.1990),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла Ерэванскую кансерваторыю (1937). У 1932—44 гал. канцэртмайстар Ерэванскага т-ра оперы і балета. З 1944 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1948—85 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодала дасканалай тэхнікай, яе выкананню былі ўласцівы адухоўленасць, эмацыянальнасць. Выступала з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі Беларусі, у адкрытых канцэртах. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання, радыё, на грампласцінкі.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБЕ́Р (Rambert) Мары [сапр. Рамберг

(Rambetg) Мірыям; 20.2.1888, Варшава — 1982], англійская артыстка балета, тэатр. дзеяч, педагог. Вучылася ў Школе музыкі і рытму ў г. Гелераў (Германія; 1910—12),

у Парыжы і Лондане (1917—23). У 1912—13 супрацоўнічала з «Рускім балетам» С.​Дзягілева. З 1918 у Вялікабрытаніі. У 1920 засн. балетную школу ў Лондане, у 1926 — пастаянную балетную трупу (з 1966 «Модэн Дэнс Компані»), якая спрыяла станаўленню нац. англ. балета. Аўтар аўтабіягр. кн. «Ртуць» (1972).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,

тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.​Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.​Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж. акад. т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.​М.​Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.​Лядаў, Э.​Напраўнік, М.​Малько; спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, В.​Пятроў, Б.​Штокалаў, Г.​Кавалёва; танцоўшчыкі Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская, В.​Ніжынскі, Г.​Паўлава, Г.​Уланава, М.​Барышнікаў, І.​Бельскі, Г.​Комлева, Н.​Кургапкіна, Н.​Макарава, Р.​Нурыеў; балетмайстры М.​Петыпа, М.​Фокін, Ф.​Лапухоў; мастак А.​Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.​Агнавенка, М.​Ахотнікаў, І.​Багачова, Я.​Гарахоўская, Ю.​Марусін, К.​Плужнікаў, Л.​Філатава; артысты балета А.​Асылмуратава, К.​Заклінскі, А.​Куркоў, В.​Ліхоўская, Ю.​Махаліна, Ф.​Рузіматаў і інш. Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).

Літ.:

Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.​М.​Кирова. Л., 1976;

Мариинский — вчера, сегодня, всегда... СПб., 1993.

Будынак Марыінскага тэатра.
Марыінскі тэатр. Сцэна з балета «Раймонда» А.​Глазунова.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Аляксей Леанідавіч) (н. 24.2.1920, С.-Пецярбург),

рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.​Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.​Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.​Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.​Дзешавова на тэмы А.​Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.​Вагнера і «Балеро» на муз. М.​Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.​Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВА (Зінаіда Анатолеўна) (н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),

бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.​Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.​Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.

Літ.:

Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

А.​І.​Калядэнка.

Партрэт З.А.Васільевай. Мастак І.​В.​Ахрэмчык.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛПАКО́ВА (Ірына Аляксандраўна) (н. 22.5.1933, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1951, педагог А.Ваганава), Ленінградскую кансерваторыю (1982). З 1951 салістка, з 1971 педагог-рэпетытар Марыінскага т-ра, з 1989 — «Амерыканскага тэатра балета» (Нью-Йорк). Выканальніца гал. партый у балетах рус. і замежнай класікі і сучасных аўтараў (многія ўпершыню ў СССР). Вяршынь балетнага акадэмізму дасягнула ў партыях Аўроры («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонды («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэлі («Жызэль» А.​Адана). Здымалася ў тэлеэкранізацыях балетаў, тэлефільмах-канцэртах і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіла балеты «Жызэль» (1987), «Спячая прыгажуня» (1990). Дзярж. прэмія СССР 1980. «Залатая зорка» Міжнар. фестывалю танца ў Парыжы (1965), прэмія імя Г.​Паўлавай (Парыж, 1982).

Літ.:

Ильичева М.А. И.​Колпакова. 2 изд. Л., 1986.

І.Калпакова ў ролі Матылька.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛАН, Мак Мілан (Mac Millan) Кенет (11.12.1929, г. Данфермлін, Вялікабрытанія — 1992), англійскі артыст балета і балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе трупы «Сэдлерс Уэлсбале» (Лондан). У 1946—48 саліст гэтай трупы. З 1950-х г. балетмайстар, у т. л. ў Штутгарцкім балеце, Амер. т-ры балета (Нью-Йорк), Ням. гар. оперы (Зах. Берлін, 1966—69). У 1970—77 дырэктар, з 1977 маст. кіраўнік Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. Паставіў балеты «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1965) і «Манон» на муз. Ж.​Маснэ (1974), якія ў яго пастаноўцы ідуць на многіх сцэнах свету. З інш. пастановак: «Канцэртныя танцы» (на муз.), «Агон», «Пацалунак феі» і «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, «Трыяда» на муз. Пракоф’ева, «Поры года» на муз. Дж.​Вердзі, «Гларыяна» на муз. Б.​Брытэна, «Сфінкс» Д.​Міё, «Маерлінг» на муз. Ф.​Ліста, «Канец дня» на муз. М.​Равеля.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЛЬЕВА (Ірына Мікалаеўна) (н. 3.10.1931, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Таджыкістана (1957). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1951). З 1951 працавала ў Туркменскім, Чэлябінскім, Куйбышаўскім т-рах оперы і балета. У 1959—72 адна з вядучых танцоўшчыц Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1962 (з перапынкамі) педагог Бел. харэагр. вучылішча (у 1971—77 маст. кіраўнік). Яе мастацтва вызначалі светлы, аптымістычны настрой, сталая тэхніка, артыстызм. Сярод партый: Марыя («Мара» Я.​Глебава), Анежка («Святло і цені» Г.​Вагнера), Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Царэўна («Казка пра мёртвую царэўну» У.​Дзешавова на тэмы А Лядава), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана). Сярод вучаніц Л.Бржазоўская, Н.Паўлава.

Ю.​М.​Чурко.

І.М.Савельева.
І.Савельева ў ролі Джульеты.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)