А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,

заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.

Літ.:

Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.

І.​А.​Юхо.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.

Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,

разнавіднасць фатаграфіі, звязаная з узнаўленнем каляровага відарыса аб’екта здымкі. Праводзіцца на колерафатаграфічных матэрыялах з дапамогай звычайных фотаапаратаў.

Грунтуецца на прапанаванай (1756) М.​В.​Ламаносавым тэорыі трохкампанентнага каляровага зроку, паводле якой любы колер, у т. л. белы, можна атрымаць змешваннем трох асн. колераў: чырвонага, зялёнага і сіняга. У 1861 Дж.​Максвел прапанаваў здымаць аб’ект паслядоўна праз святлафільтры, афарбаваныя ў асн. колеры, а атрыманыя пазітывы праектаваць праз гэтыя ж святлафільтры на экран (адытыўны спосаб). У аснову сучаснай К.ф. закладзены субтрактыўны метад, прапанаваны ў 1868—69 франц. вынаходнікам Л.​Дзюко дзю Аронам, паводле якога каляровы відарыс атрымліваецца «адыманнем» асн. колераў ад белага. Атрыманне негатыва гэтым спосабам суправаджаецца ўтварэннем на мнагаслойным фотаматэрыяле колераў, якія дапаўняюць асн. колеры аб’екта да белага: для чырвонага колеру дапаўняльным з'яўляецца блакітны, для зялёнага — пурпуровы, для сіняга — жоўты. Пры атрыманні пазітыва адбываецца адваротны працэс: дадатковыя колеры абумоўліваюць утварэнне на ім асн. колераў аб’екта здымкі. Гл. таксама Каляровае тэлебачанне.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),

прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд. балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́Р (ад лац. creditor пазыкадавальнік),

суб’ект (фіз. або юрыд. асоба), які дае грошы, тавары і інш. каштоўнасці ў пазыку (у крэдыт, доўг і інш.); у бухгалтарскім улікуфіз. або юрыд. асоба, якой прадпрыемства (фірма) запазычыла грашовыя сродкі. К. могуць быць, напр., пастаўшчыкі і падрадчыкі за прадастаўленыя імі, але не аплачаныя матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі, заказчыкі па атрыманых ад іх авансах, вэксалетрымальнікі па атрыманых вэксалях, арг-цыі, якія выдалі крэдыт, дэпаненты па нявыплачанай у тэрмін зарплаце і інш. Каб стаць К., неабходна мець пэўныя сродкі. Іх крыніцай могуць быць уласныя зберажэнні або запазычаныя ў інш. уладальнікаў сродкі. К., як правіла, становяцца добраахвотна, маючы матэрыяльную зацікаўленасць у выглядзе атрымання пазыковага працэнта — цаны за атрыманне крэдыту. Пазычальнік абавязаны вярнуць доўг з працэнтамі. Разлікі з К. улічваюцца на адпаведных рахунках бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць, напр., разлікі з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, пакупнікамі і заказчыкамі, рабочымі і служачымі, з бюджэтам і інш. Даўгі К. ўтвараюць крэдыторскую запазычанасць.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́РЫНГ у біялогіі,

сістэма назірання, ацэнкі стану навакольнага асяроддзя і прагнозу яго змен. Накіраваны на кантроль пераважна антрапагеннага ўздзеяння на прыроду; адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. Тэрмін з’явіўся ў 1920-я г., шырока ўжываецца з 1970-х г. Асн. элементы сістэмы М. пашыраны з пач. 1970-х г. Вылучаюць М. мясцовы, рэгіянальны, глабальны, паводле мэт — біясферны, біял. (экалагічны), геахім., геафіз. і інш. На Беларусі М. ажыццяўляецца ў ін-тах Нац. АН (аддзяленні: біял., мед.-біял., хім. і геал. навук), Бярэзінскім біясферным і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніках, гідраметслужбе і інш.

Біясферны М. вызначае глабальна-фонавыя змены ў прыродзе (колькасць азону, вуглякіслага газу, змены надвор’я і клімату на планеце, узроўні радыяцыі, цяпла, сусв. міграцыі жывёл і інш.). Экалагічны М. вывучае змены ў складзе экалагічных сістэм, біягеацэнозаў ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння. Мэты геафізічнага, геахімічнага, санітарна-таксікалагічнага М. — атрыманне інфармацыі аб узроўні забруджвання навакольнага асяроддзя, інтэнсіўнасці і характары ўздзеяння забруджвання на біял. сістэмы, іх аналіз і прагнозы.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРАГРА́ФІЯ,

электрахімічны метад колькаснага аналізу, якаснага аналізу, а таксама кінетыкі хім. працэсаў. Распрацаваны Я.Гейраўскім (1922), развіты А.Н.Фрумкіным і інш.

Грунтуецца на даследаванні эл.-хім. сістэм з дапамогай іх вольтамперных характарыстык (паляраграм), якія рэгіструюцца палярографамі. Найб. пашырана атрыманне паляраграм з дапамогай спец. ячэйкі, якая мае палярызавальны мікраэлектрод (катод; капіляр, з якога кроплямі выцякае ртуць) і непалярызавальны электрод (анод; слой ртуці на дне ячэйкі). У ячэйку змяшчаюць даследавальны раствор; калі ў растворы ёсць сумесь розных кампанентаў (катыёнаў), паляраграма мае характэрны хвалепадобны выгляд, кожная хваля якога адпавядае пэўнаму катыёну. Вышыня хвалі залежыць ад канцэнтрацыі катыёнаў, што ўзнаўляюцца на катодзе, каэфіцыента дыфузіі, інтэнсіўнасці перамешвання і інш. Метады П. выкарыстоўваюцца для аналізу рэчываў у водных і няводных растворах, вызначэння дамешкаў у сплавах, металах, рудах, хім. рэактывах, а таксама для выяўлення арган. і неарган. іонаў, якія могуць узнаўляцца на катодзе ці акісляцца на анодзе.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

Да арт. Паляраграфія: паляраграма раствору, які мае сумесь катыёнаў.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,

пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.

Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)