фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г.Асн. яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італіі — спец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯНЭ́З (франц. mayonnaise),
1) халодны соус для заправы мясных і рыбных страў, салатаў і закусак з агародніны, вінегрэту. З’яўляецца эмульсіяй з алею, сырых яечных жаўткоў, гарчыцы, цукру, солі, воцату ці лімоннага соку, вады і спецый.
У прам-сці вырабляюць пераважна асноўны, ці універсальны М., які мае 68% сланечнікавага алею, 10% яечных жаўткоў (асн. эмульгатар), 6,7% гарчыцы, 2,3% цукру, 5—11% воцату, 2% спецый. З асноўнага гатуюць М. спец. прызначэння: са смятанай (лясны), з карнішонамі (тартар), хрэнам (ляфор), таматам (шарон), працёртай зелянінай (равігот), каперсамі (рэмульд) і інш.
Халодная страва з адварнога мяса, дзічыны, птушкі або рыбы, прыгатаваная на канцэнтраваным булёне без выкарыстання жэліруючых рэчываў і вытрыманая 4—8 гадз на холадзе, звычайна (не абавязкова) запраўленая М. (соусам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРАНАПЛА́Н (ад экран + франц. planer лятаць),
лятальны апарат для палётаў паблізу паверхні зямлі або вады з выкарыстаннем эфекту экрана — пругкай паветранай падушкі, што ўзнікае паміж гэтай паверхняй і крылом апарата. Ад судна на паветранай падушцы адрозніваецца выкарыстаннем набягаючага патоку (скараснога напору) паветра, а не напампоўваннем паветра пад днішча.
Экранны эфект дазваляе зменшыць патрэбную магутнасць рухавікоў. Э. маюць нізкаразмешчанае крыло малога падаўжэння і высока паднятае гарыз. апярэнне. Скорасць да 500—550 км/гадз. Першыя Э. створаны ў 1932—35 Т.Карыо (Фінляндыя). Э., здольныя ўзнімацца на адносна вял. вышыню, наз.экраналётамі (з’явіліся ў ЗША у 1960-х г., у СССР у 1973).
Літ.:
Белавин Н.И. Экранопланы. Л., 1977.
Экранапланы: а — па схеме самалёта; б — па схеме лятаючага крыла; 1 — стартавы рухавік; 2 — маршавы (асноўны) рухавік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).
2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.
Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПАСФЕ́РА (ад грэч. tropos паварот, змена + сфера),
ніжні, асноўны слой атмасферы паміж паверхняй Зямлі і стратасферай на выш. 8—10 км у палярных, 10—12 км ва ўмераных і 16—18 км у трапічных шыротах. Ад стратасферы аддзелена пераходным слоем — трапапаўзай. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй на 0,65 °C на 100 м, моцным развіццём турбулентнасці і канвекцыі. У ніжняй Т. частыя інверсіі тэмпературы. Утрымлівае каля 80% атм. паветра і асн. масу вадзяной пары, тут фарміруюцца амаль усе воблакі, туман. Атм. ціск з вышынёй памяншаецца, скорасць ветру нарастае. У верхняй Т. назіраюцца струменныя плыні, у ніжняй пераважаюць вятры зах. і ўсх. напрамкаў, сезонныя (мусоны) і пастаянныя (пасаты). У Т. ўтвараюцца франты атмасферныя, развіваюцца цыклоны, антыцыклоны і інш.атм. працэсы, якія вызначаюць надвор’е і клімат. Ніжняя Т. моцна запыленая. Самыя ніжнія дзесяткі метраў у Т. ўтвараюць прыземны слой атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭЛЮЛО́ЗА, клятчатка,
асноўны апорны поліцукрыд клетачных сценак раслін і некаторых беспазваночных (напр., асцыдый); найб. пашыраны біяпалімер. Вышэйшыя расліны штогод ператвараюць у арган. злучэнні 30 млрд.т вугляроду, на Ц. прыпадае каля 1/3.
Аморфна-крышт. рэчыва, шчыльнасць 1520—1540 кг/м³. Лінейныя малекулы Ц. пабудаваны з 1,4-звязаных астаткаў β-D-глюкозы. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. У драўніне 50% Ц., у валасках насення бавоўны — 98%. Каб расшчапіць Ц. да глюкозы, ужываюць ферменты цэлюлазы і цэлабіязы. Вытворныя Ц. — ацэтаты цэлюлозы, складаныя эфіры — нітраты цэлюлозы. Існуе таксама структурная мадыфікацыя Ц. — гідратцэлюлоза. Выдаленне тэхн. Ц. з расл. сыравіны (драўніны) ажыццяўляюць яе варкай з рознымі хім. агентамі. Далей з Ц. выдаляюць мех. дамешкі, адбельваюць, надаюць высакароднасць. Валокны прыродныя і мадыфікаваныя з Ц. выкарыстоўваюцца ў тэкст. прам-сці, у вытв-сці паперы, кардону, пластмас, лакаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ЙГЕНСА—ФРЭНЕ́ЛЯ ПРЫ́НЦЫП,
асноўны прынцып хвалевай оптыкі, які дае магчымасць вызначаць амплітуду (інтэнсіўнасць) хвалі ў кожным пункце, калі вядомыя яе амплітуда і фаза на якой-н. адвольнай паверхні. Першапачаткова сфармуляваны К.Гюйгенсам (1690), развіты з улікам інтэрферэнцыі А.Ж.Фрэнелем (1818), строгую матэм. фармулёўку Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу даў Г.Р.Кірхгоф (1882).
Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу кожны пункт хвалевай паверхні (фронту хвалі), якой у дадзены момант дасягнула светлавая хваля, з’яўляецца цэнтрам другасных (фіктыўных) кагерэнтных хваль, агінальная якіх у кожны наступны момант часу вызначае новую хвалевую паверхню. Інтэнсіўнасць святла ў пункце назірання вызначаецца вынікам інтэрферэнцыі другасных хваль. Пры гэтым амплітуда другасных хваль залежыць ад вугла паміж нармаллю да хвалевай паверхні ў цэнтры другаснай хвалі і напрамкам на пункт назірання. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып выкарыстоўваецца пры рашэнні дыфракцыйных задач. Гл. таксама Дыфракцыя святла, Інтэрферэнцыя святла.
А.І.Болсун.
Да арт.Гюйгенса—Фрэнеля прынцып: S — крыніца святла, σ — хвалевая паверхня, M0, M1, M2, M1′, M2′ — цэнтры другасных хваль, φ — вугал паміж нармаллю да хвалевай паверхні і напрамкам на пункт назірання A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫ́РСКВАЛЬНІК,
машына для апырсквання раслін растворамі, суспензіямі ці эмульсіямі ядахімікатаў. Выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі, пры дэфаліяцыі і дэзінсекцыі памяшканняў. Бываюць самалётныя, трактарныя (прычапныя і навясныя) і ранцавыя; гідраўлічныя і вентылятарныя.
У гідраўлічных апырсквальніках рабочая вадкасць распыльваецца фарсункамі за кошт лішкавага ціску ў гідрасістэмах. У вентылятарных вадкасць распыльваецца, акрамя фарсунак, паветраным патокам ад вентылятара. На Беларусі асвойваецца вытв-сць гідраўлічных апырсквальнікаў (ОПШ-15М) з дадатковым абсталяваннем для прыгатавання раствораў пестыцыдаў непасрэдна ў апырсквальніках.
Л.Я.Сцяпук.
Навясны універсальны апырсквальнік ОН-400.Прынцыповая схема апырсквальніка ОПШ-15М: Б1, Б2 — бакі асноўны і дадатковы; П — помпа; РЦ — рэгулятар ціску напорнай магістралі; МН — манометр; К1, К2 — калектары напорны і зліўны; Ф1, Ф2, Ф3 — фільтры; В1, В2, В3 — вентылі; УМ — узроўнямеры; КМ1, КМ2 — краны; Р — рухавік мяшалкі; Э1, Э2 — эжэктары; СЦ, СПР1, СПР2, СК1, СК2 — цэнтральная, прамежкавыя і крайнія секцыі штангі; РВ — распыляльнік; ВП — выканаўчае прыстасаванне; ДС — датчык скорасці; РМ — расходамер; БК — блок кіравання.