бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн.лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца з балота паміж в. Чэрнін і в. Новае Жыццё Краснапольскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—500 м. Пойма перарывістая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу амаль 6 км, далей — звілістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЕ́НЧЭН-ТА́НГЛА,
хрыбет на У гор Гандзісышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 600 км, выш. да 7090 м. Складзены з гранітаў, вапнякоў і пясчанікаў. Амаль суцэльны ланцуг снежных гор з адносна роўным грэбенем, перавалы вышэй за 5000 м. Скалістыя схілы, укрытыя восыпамі. На паўд. схілах горныя стэпы, на паўн. — халодныя пустыні. Высакагорныя пустыні. Ледавікі.
раўніна на Пд Аўстраліі, на Пд ад пустыні Вікторыя. Даўж. ўздоўж узбярэжжа Вял. Аўстралійскага заліва амаль 600 км. Складзена з вапнякоў. Паверхня плоская з карставымі варонкамі да 1,5 км у папярочніку і невял. карамі. Клімат субтрапічны, паўпустынны. Пераважаюць паўсукулентныя галафітныя хмызнякі, трапляюцца рэдкалессі эўкаліптаў і акацыевых. Рэзерват Вял. пустыня Вікторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),
надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб.стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн.прамысл. рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГАЛА́КТЫКА, звышскопішча галактык,
гіганцкая сукупнасць зорных сістэм. Складаецца з асобных галактык, іх груп і скопішчаў. Памеры 50—150 Мпс, маса 1015—1016 мас Сонца. Форма пляскатая (напр., Лакальная З.) або моцна выцягнутая, накшталт ланцужка (напр., З. Персея). Узніклі з прычыны адыябатычных узбурэнняў шчыльнасці рэчыва на пачатковай стадыі расшырэння гарачай Метагалактыкі. Некаторыя З. расшыраюцца, іншыя сціскаюцца. Выяўлена іх каля 50.
Наша Галактыка, Магеланавы Воблакі, галактыкі ў Трыкутніку, Андрамедзе з яе спадарожнікамі і амаль усе галактыкі, бачныя як аб’екты да 13-й зорнай велічыні, уваходзяць у Лакальную З. Яе цэнтр. згушчэнне — буйное скопішча галактык у сузор’і Дзевы (да 500 вял. галактык). Наша Галактыка знаходзіцца бліжэй да перыферыі З., таму галактыкі, што яе акружаюць, утвараюць на нябеснай сферы шырокі пояс («Млечны Шлях галактык»), амаль перпендыкулярны да зорнага Млечнага Шляху. У сузор’ях Льва і Геркулеса знаходзяцца іншыя з больш блізкіх З.
Літ.:
>Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
найбуйнейшая дзяржава на тэр. Індыі ў 16—18 ст. Назва ад кіруючай дынастыі Вялікіх Маголаў. Заснаваў Бабур у 1527, фактычны стваральнік — падзішах Акбар [1556—1605], які ўсталяваў сваю ўладу над Паўдн. Індыяй ад Гуджарата да Бенгаліі і ч. Афганістана. Пры ім М.і. дасягнула найб. росквіту. Джахангір [1605—27] і Шах-Джахан [1627—58] прадоўжылі заваяванне Дэкана. Пры Аўрангзебе [1658—1707] М.і. значна пашырылася і ўключала амаль усю Індыю (без крайняга поўдня). З гэтага часу пачаўся заняпад дзяржавы. Цяжкія падаткі і бясконцыя войны прывялі да паўстанняў сікхаў у Пенджабе, джатаў каля Дэлі, маратхаў на чале з Шываджы ў Дэкане, што падарвала ваен. магутнасць М.і. У 1739 іранскі шах Надзір разбіў армію Вял. Маголаў і разрабаваў Дэлі, пасля чаго М.і. канчаткова распалася. З яе вылучыліся дзяржавы Хайдарабад, Ауд, Бенгалія; амаль увесь Дэкан увайшоў у склад маратхскіх княстваў. У 1803 англічане авалодалі Дэлі і ператварылі падзішаха Шах-Алама II у пенсіянера Ост-Індскай кампаніі. Апошні магольскі падзішах Бахадур-шах II пазбаўлены свайго тытула пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНУЛАЦЫТО́З,
алейкія, рэзкае памяншэнне колькасці або амаль поўнае знікненне з крыві гранулацытаў. Агранулацытоз можа быць сімптомам прамянёвай хваробы, лейкозу, малярыі, брушнога тыфу, віруснага гепатыту, грыпу і інш., а таксама самаст. хваробай (востры агранулацытоз), агранулацытоз міэлатаксічны ўзнікае пры парушэнні ўтварэння гранулацытаў у касцявым мозгу, агранулацытоз імунны назіраецца пры разбурэнні гранулацытаў крыві. Можа сведчыць пра парушэнне функцыі крывятворнай, імуннай і інш. сістэм арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ІД,
дзеючы вулкан на в-ве Атласава, у Ахоцкім м., найвыш. ў В. Курыльскай градзе. Выш. да 2339 м. Падводная ч. ўтворана асновай уласна Алаіда, размешчанай на больш стараж. вулканічным конусе. Складзены з андэзітабазальтавых лаваў. Каля асновы амаль 30 пабочных конусаў. Схілы ўкрыты альхова-рабінавымі зараснікамі, высакатраўем. З выш. 700—800 м — палосы лёду і снегу. За 200 апошніх гадоў каля 6 вывяржэнняў.