АМПЕЛАГРА́ФІЯ

(ад грэч. ampelos вінаград + ...графія),

навука, якая вывучае віды і сарты вінаграду. Складаецца з ампелаграфіі агульнай, што вывучае сістэматыку, паходжанне, пашырэнне і зменлівасць відаў і сартоў, методыку даследаванняў, і ампелаграфію спецыяльную, якая ўключае бат. апісанне сартоў, іх біял. і с.-г. характарыстыкі, уласцівасці і раянаванне. Ампелаграфічная калекцыя створана ў Крыме (да 1000 сартоў). Ампелаграфічная праца вядзецца амаль ва ўсіх вінаградна-вінаробных краінах.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)