ВАЛДА́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Валдай,

на ПнЗ Рускай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Водападзел вярхоўяў Волгі, Зах. Дзвіны і інш. Даўж. больш за 600 км, выш. да 343 м. Складаецца з марэнных градаў і ўзгоркаў (Ціхвінская града, Вепсаўскае узв.), якія ўзніклі на выступе карэнных парод (каменнавугальныя вапнякі, мергелі, гліны). Шмат азёр, у т. л. Селігер, Валдайскае, Верхняволжскія і інш. Моцна забалочанае. Хваёвыя лясы чаргуюцца з апрацаванымі палямі. Па паўд.-ўсх. ускраіне Валдайскага ўзвышша праходзіць мяжа валдайскага зледзянення.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,

у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАУРА́ЛЬСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна, якая ўключае ўсх. перадгор’і Сярэдняга і Паўд. Урала, у Расіі. Шыр. да 100 км на Пн і больш за 200 км на Пд. Выш. 200—300 м, асобныя астанцовыя горы да 500—600 м. Слаба нахіленая на У. Складзена з вывергнутых, асадкавых і метамарфічных горных парод палеазойскага ўзросту, шмат гранітаў. Рэкі Пышма, Ісець, Міяс і інш. (бас. р. Табол). Шмат азёр. На Пн — тайга, балоты, на Пд — разнатраўныя і дзярнова-злакавыя стэпы.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́МСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Сібіры, пераважна ў ніжнім цячэнні р. Калыма, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Распасціраецца на 750 км паміж Алазейскім і Юкагірскім пласкагор’ямі. Выш. да 100 м за рэдкімі масівамі сопак выш. 200—300 м. Складзена з азёрна-рачных суглінкаў і супескаў. Пашыраны шматгадовая мерзлата і мярзлотна-тэрмакарставыя формы рэльефу. Клімат субарктычны. Шмат азёр і балот. Забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі змяняюцца на Пн хмызнячкова-травяністай, а потым арктычнай тундрай. Пашы аленяў.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НДА,

рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНКАРА́НСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Каўказа, у Азербайджане, паміж Талышскімі гарамі і Каспійскім м. Шыр. 5—6 км на Пд, 25—30 км на Пн. Нізіна спадзіста нахілена да мора. Складзена з марскіх і рачных адкладаў, на У забалочаная, шмат дробных азёр. Клімат субтрапічны. Зберагліся лясы з каштаналістага дубу, жал. дрэва, гледычый, вольхі. Раён вырошчвання субтрапічных культур (чай, рыс, тунг, тытунь, інжыр і інш.) і шаўкаводства. Каля ўзбярэжжа мора — Гызылагаджскі запаведнік з багатай фаунай птушак.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЦЭ́ВІЧ ((Lencewicz) Станіслаў) (19.4.1889, Варшава — 1.9.1944),

польскі географ, геолаг; адзін з арганізатараў Польскага геагр. т-ва (1918). Праф. (1922). Адукацыю атрымаў у г. Нушатэль (Швейцарыя). Арганізатар (у 1917) і кіраўнік (да 1939) геагр. ф-та ў Варшаўскім ун-це. У 1922—39 рэдактар час. «Przegląd geograficzny» («Геаграфічны агляд»). З 1943 выкладаў у падп. Варшаўскім ун-це. Навук. працы па геамарфалогіі, геалогіі чацвярцічнага перыяду, гідраграфіі, картаграфіі, лімналогіі (склаў каталог польскіх азёр). Забіты гітлераўцамі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́МФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХАНО́С (Baeothryon),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў палярным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і высакагорных субтрапічных і трапічных раёнах Азіі. На Беларусі 1 від — П. альпійскі (B. alpinum). Трапляецца па берагах зарослых азёр, на сфагнавых балотах.

Шматгадовыя травяністыя расліны, часта ўтвараюць шчыльныя дзярніны. Сцёблы шматлікія, шурпатыя, тонкія. Лісцевыя пласцінкі кароткія. шчацінападобныя. Кветкі двухполыя ў верхавінкавых малакветкавых каласках. Плод — арэшкападобны. Ранневеснавы і падснежны корм для аленяў.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)