ГУ́КА ЗАКО́Н,

паказвае залежнасць паміж мех. напружаннем і дэфармацыяй пругкага цела. Адкрыты ў 1660 Р.Гукам. Паводле Гука закона пры падоўжным расцяжэнні (сцісканні) стрыжня даўжынёй 1 з плошчай папярочнага сячэння S абс. падаўжэнне (укарачэнне) Δl прама прапарцыянальнае сіле F, якая расцягвае (сціскае) стрыжань: Δl = Fl/ES, дзе E — модуль Юнга (гл. Модулі пругкасці).

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́ГРАФА ЗАЛІ́Ў (Geographe Bay),

заліў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. берага Аўстраліі. Даўж. каля 65 км. Глыб. да 27 м. Упадае р. Васа. Прыбярэжная прастора занята водмелямі і рыфамі. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Парты Банберы і Баселтан. Адкрыты ў 1801 і названы ў гонар карабля франц. экспедыцыі Н.​Бадэна «Географ».

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА-ДАНСКІ́ СУДНАХО́ДНЫ КАНА́Л імя У.​І.​Леніна,

у Валгаградскай вобл. Расіі. Злучае р. Волга каля г. Валгаград з р. Дон каля г. Калачна-Доне. Адкрыты ў 1952. Даўж. 101 км, з іх 45 км праходзяць па вадасховішчах. Глыб. не менш за 3,5 м. 13 шлюзаў. Па канале праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ (Illinois Waterway),

каналізаваны водны шлях у ЗША (штат Ілінойс), які злучае сістэму Вялікіх Азёр з р. Місісіпі. Пачынаецца каля г. Чыкага з воз. Мічыган, праходзіць па Чыкагскім канале, рэках Дэс-Плейнс, Ілінойс, канчаецца каля г. Графтан на р. Місісіпі. Адкрыты ў 1933. Даўж. 526 км, глыб. 3,7—5,7 м; 7 шлюзаў.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЙНД-РЫ́ВЕР (Blind River),

Алгома, буйны уранаварудны раён у Канадзе (прав. Антарыо). Адкрыты ў 1948. Урананоснасць звязана з пластамі кварцава-галечнікавых кангламератаў у магутнай тоўшчы ніжнепратэразойскіх парод. Разведаныя запасы — 270 тыс. т вокісу урану. Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,08%; спадарожныя кампаненты — рэдказямельныя элементы. Гал. радовішчы: Агнью-Лейк, Эліят-Лейк. Распрацоўка падземным спосабам. Цэнтр — населены пункт Блайнд-Рывер.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ БРА́ЦКАЯ ЦАРКВА́.

Пабудавана ў 1906 у Брэсце. Мае традыц. чатырохчасткавую падоўжна-восевую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём з 5-купаллем, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Архітэктура храма вытрымана ў формах маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай, 8-гранны ярус-звон, адкрыты арачнымі праёмамі з кілепадобнымі абрамленнямі). Гал. ўваход вылучаны аркадай.

Брэсцкая брацкая царква.

т. 3, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНУ́А-ЛЕ́ВУ (Vanua Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Меланезіі, у групе а-воў Фіджы. Пл. 5,5 тыс. км². Гарысты (выш. да 1031 м); патухлыя вулканы. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны вільготны. Вільготныя трапічныя лясы, участкі саваннаў. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу, бананаў, бавоўніку, какосавых пальмаў. Лесанарыхтоўкі. Гал. горад — Ламбаса. Адкрыты галандскім мараплаўцам А.Тасманам у 1643.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДМІРАЛЦІ (Admiralty),

горны хрыбет у паўн.-зах. ч. Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда). Даўж. больш за 100 км. Зах. адгор’і хрыбта дасягаюць мора Роса. Выш. да 4163 м. Складзены пераважна з дакембрыйскіх пясчанікаў, гліністых сланцаў і вапнякоў, месцамі перарваных інтрузіямі гранітаў. Парэзаны далінамі, запоўненымі ледавікамі. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса, названы ім у гонар Брыт. адміралцейства.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙРОЙЦКІ ТЭА́ТР, Байрэйцкі тэатр (ням. Festspielhaus літаральна Дом урачыстых паказаў),

оперны тэатр у г. Байройт (Баварыя). Створаны па задуме Р.Вагнера, прызначаны для выканання яго твораў. Адкрыты ў 1876 яго тэтралогіяй «Пярсцёнак нібелунга». З 1882 дзейнічае ў час штогодніх Байройцкіх фестываляў, прысвечаных творчасці Вагнера. Спектаклямі тэатра кіравалі дырыжоры Г.Рыхтэр, Ф.Мотль, Р.Штраус, К.Мук, А.Тасканіні, В.Фуртвенглер, Г.Караян і інш.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)