АТА́ САЛІ́Х (1.6.1908, с. Шардэн, каля г. Мары, Туркменістан — 26.12.1964),

туркменскі паэт. Народны паэт Туркменістана (1939). Заснавальнік жанру байкі ў туркм. л-ры («Леў і лісіца», 1945; «Смех гарбуза», «Шакал і певень», абедзве 1955). Аўтар зб-каў вершаў «Натхненне» (1947), «Лірыка і сатыра» (1957). Асн. тэмы творчасці — калгаснае будаўніцтва, абарона краіны, дружба народаў і інш.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ РУХ (БПР),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утвораны ў кастр. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — садзейнічанне пабудове сацыяльна справядлівага грамадства, абарона нац. інтарэсаў Айчыны ва ўсіх сферах, аднаўленне і прымнажэнне сац. заваёў працоўных, захаванне міру і стабільнасці ў грамадстве. Арг-цыі БПР дзейнічаюць у большасці раёнаў і многіх гарадах Беларусі. Друкаваны орган — газ. «Отечество».

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЎМАЦАВА́НЫ РАЁН, Мінскі УР,

пабудаваны ў 1928—37 для прыкрыцця Мінска з З. Працягласць па фронту да 150 км. 26.6.1941 ударныя групоўкі ням.-фаш. войск (да 5 танк. дывізій) выйшлі да М.у.р. і атакавалі яго. Аднак сходу ўзяць не здолелі — М.у.р. на 3—4 дні затрымаў рух праціўніка на ўсх. напрамку і адыграў значную ролю ў абароне горада (гл. Мінска абарона 1941).

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.​Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.​К.​Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.​Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл. Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).

М.​А.​Ткачоў.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел. тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.​Цітовіча (1948), А.​Міцкевіча (1955), барэльефы М.​Сеўрука (1978), Я.​Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.​Райніса і Я.​Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.​Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш. Іл. гл. таксама да арт. Брэсцкай крэпасці абарона 1941.

Літ.:

Яніцкая М.М. Ф.​Ф.​Зільберт. Мн., 1981.

І.​М.​Каранеўская, М.​М.​Яніцкая.

Ф.Зільберт. Дэкаратыўны пласт «Нацюрморт» 1977.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,

неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл. Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),

тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г. ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.

Літ.:

Анфилов В.А. Провал «блицкрига». М., 1974.

І.​Р.​Дзенісенка.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЫЛЫ́Х НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ,

грамадская арг-цыя. Створана ў 1988 пад назвай «Дзеці вайны 1941—45 гг.». З 1992 сучасная назва. Асн. задача — сац. абарона былых малалетніх вязняў, пацярпелых у гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі і інш. краін. Уваходзіць у Міжнародны Саюз былых малалетніх вязняў фашызму. Мае аддзяленні ў раёнах і абласцях Рэспублікі Беларусь. Аб’ядноўвае каля 25 тыс. чал. (1996).

М.​П.​Клімец.

т. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)