ГАРДЗЕ́Й Іван Андрэевіч (н. 7.10.1938, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-р біял. н. (1988). Скончыў БСГА (1965). У 1969—74 і з 1994 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (нам. дырэктара), у 1974—94 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы і біятэхналогіі збожжавых культур, цытагенетыцы, структурнай і функцыян. будове генома раслін, фарміраванні карыятыпу.

Тв.:

Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з М.​В.​Турбіным, У.​Г.​Валодзіным);

Тритикале: Генетич. основы создания. Мн., 1992.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), л-ры (Ф.​Шылер, Ж.​Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІЯС, Гелій,

у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.

Галава Геліяса. Сярэдзіна 2 ст. да н.э.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́МСКІЯ (Gierymscy),

польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).

Літ.:

Тананаева Л.И. А.​Герымский. М., 1962.

Да арт. Герымскія. А.​Герымскі. Мора. 1890.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯРГІ́ДЗЕ Збігнеў Іосіфавіч (н. 7.2.1912, Масква),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1979). Скончыў Закаўказскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932), Усесаюзны завочны фін. ін-т (1940). З 1949 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, у 1959—91 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы фін.-крэдытных адносін.

Тв.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970 (у сааўт.);

Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982 (разам з Л.​Ф.​Герашчанка);

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (1120-я г. — пасля 1173),

гродзенскі князь, сын кн. Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.

А.​П.​Госцеў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «8 САКАВІКА́».

Засн. ў 1926 у Гомелі як трыкатажная майстэрня па вытв-сці панчошна-шкарпэткавых вырабаў. З 1930 Гомельская панчошна-трыкатажная ф-ка «8 Сакавіка», мела швейны, вязальна-трыкатажны цэхі і лабараторыю моды, выпускала шаўковую і баваўняную бялізну, джэмперы. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў г. Чкалаў (цяпер Арэнбург, Расія). У 1946 адноўлена. З 1992 сучасная назва. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне лёгкай прам-сці. Выпускае больш за 400 найменняў прадукцыі жаночага асартыменту. У 1993 узнагароджана міжнар. прэміяй у конкурсе за якасць прадукцыі.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.

Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1918 як суднарамонтныя майстэрні для рамонту суднаў Дняпроўскай ваен. флатыліі. У 1921 пабудаваны машыннае аддзяленне, кавальскі, ліцейны, сталярны і кляпальны цэхі. З 1935 пасля пашырэння суднарамонтны з-д. У 1938 пачаў суднабудаванне. У 1941 эвакуіраваны ў г. Сталінград, дзе выпускаў боепрыпасы для фронту. У 1944 пачалося аднаўленне ў Гомелі. У 1946—50 узведзены новы будынак з-да. З 1959 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): цеплаходы «Палессе» на падводных крылах і інш. пасажырскія цеплаходы розных мадыфікацый; рамонт рачных суднаў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,

першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.​Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)