ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),
адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл.Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл.Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыяэканам. і інш. сувязей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн.пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАРНАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пастаяннага або пераменнага току (генератар, рухавік), у якой абмотка ротара злучана з калектарам. Калектарнымі з’яўляюцца ўсе пастаяннага току машыны (акрамя вентыльных і уніпалярных) і некаторыя пераменнага току машыны.
Электрамашынны калектар складаецца з ізаляваных медных пласцін, кожная з якіх далучана да аднаго або некалькіх віткоў абмоткі якара. Абмотка падключаецца да эл. сеткі праз кантактныя шчоткі, якія пры вярчэнні якара пачаргова кантактуюць з пласцінамі калектара. У эл. генератарах пастаяннага току калектар выконвае функцыю выпрамніка. Эл. калектарныя рухавікі пастаяннага току пашыраны ў сілавым прыводзе, на транспарце (іх магутнасць да некалькіх кілават, напружанне да 1,5 кВ). Калектарны генератар пераменнага току выкарыстоўваецца пераважна як крыніца трохфазнага току, якая мае магчымасць рэгуляваць частату току незалежна ад скорасці вярчэння ротара. Калектарныя рухавікі пераменнага току маюць гібкія рэгуліровачныя і мех. характарыстыкі. Аднафазныя рухавікі малой магутнасці пашыраны ў электрааўтаматыцы і быт. прыладах, трохфазныя магутнасцю да некалькіх кілават — у электрапрыводах з шырокім дыяпазонам рэгулявання скорасці. У К.м. пераменнага току калектар з’яўляецца пераўтваральнікам частаты і фазы. Калектарныя пераўтваральнікі частаты выкарыстоўваюцца ў электрамашынных каскадах (замяняюцца статычнымі паўправадніковымі пераўтваральнікамі — інвертарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́РН (англ. concern),
форма аб’яднання юрыдычна незалежных прадпрыемстваў, якія вядуць сумесную інвестыцыйную, знешнеэканам. і фін. дзейнасць на аснове добраахвотнай цэнтралізацыі вытв., гасп., кіраўнічых функцый. К. — гэта не просты саюз, заснаваны на дагаворы, а форма рэальнай інтэграцыі. К. могуць быць галіновыя і шматгаліновыя.
Першыя К. ўзніклі ў Германіі і набылі пашырэнне ў пач. 1920-х г. Спачатку яны аб’ядноўвалі прадпрыемствы з аднолькавым вытв. працэсам, пазней — прадпрыемствы рознага профілю, звязаныя паміж сабой нефармальнымі сувязямі, заснаваны гал. чынам на фін. кантролі.
У Беларусі К. лічацца аб’яднанні прадпрыемстваў, якія здзяйсняюць асобныя вытв. і інш.гасп. функцыі, а таксама асобныя функцыі кіравання. Пры ўваходжанні ў К. дзярж. прадпрыемствы страчваюць сваю ведамасную прыналежнасць. Яны могуць уваходзіць толькі ў адзін К. і ў сваёй фірменнай назве абавязаны пазначаць прыналежнасць да яго. К. можа ствараць гасп. разліковыя арг-цыі па аказанні камерцыйных, праектна-канструктарскіх, буд., тэхнал., юрыд. і інш. паслуг. У наш час у Беларусі адбываецца рэарганізацыя асобных галіновых міністэрстваў у дзярж. К., падпарадкаваныя непасрэдна Ураду Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемствы і арг-цыі, якія ўваходзяць у К., захоўваюць самастойнасць і правы юрыд. асобы. Сваю дзейнасць яны ажыццяўляюць у адпаведнасці з законам «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і інш.заканад. актамі. На 1.1.1998 у Беларусі існуе 15 дзярж. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РНЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць фіз. з’яў, абумоўленых сіламі паверхневага нацяжэння на мяжы падзелу паміж асяроддзямі, якія не змешваюцца; асобны выпадак паверхневых з’яў. Адкрыты і даследаваны Леанарда да Вінчы, Б.Паскалем і Дж.Журэнам; тэорыя К.з. распрацавана ў работах П.Лапласа, Т.Юнга, Дж.Гібса і інш.
Да К.з. звычайна адносяць з’явы ў вадкасцях, выкліканыя скрыўленнем іх паверхняў, якія мяжуюць з інш. вадкасцямі, цвёрдымі целамі, газам ці ўласнай парай. Напр., падыманне змочвальнай (гл.Змочванне) ці апусканне нязмочвальнай вадкасці ў тонкіх (капілярных) трубках або сітаватасцях цвёрдага цела; гідрастатычны ціск у гэтым выпадку ўраўнаважваецца капілярным ціскам (гл.Лапласа закон). Ва ўмовах бязважкасці пры адсутнасці датыкання да інш. цел абмежаваны аб’ём вадкасці прымае пад уздзеяннем паверхневага нацяжэння форму шара (гл.Кропля). Такую ж форму вадкасць набывае і ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ўнутры інш. вадкасці, якая мае такую ж шчыльнасць. К.з. значна ўплываюць на ўласцівасці сістэм, што складаюцца з дробных кропель (эмульсіі, вадкія аэразолі, пены), а таксама ўмовы іх утварэння; вызначаюць умовы ўтварэння зародкаў кандэнсацыі, кіпення, крышталізацыі і адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (асабліва ў водным рэжыме глебы і абмене рэчываў у раслін), тэхніцы (напр., у працэсах сушкі, прамочвання) і інш.
Літ.:
Современная теория капиллярности. Л., 1980.
П.С.Габец.
Да арт.Капілярныя з’явы: а — капілярнае падняцце змочвальнай вадкасці; б — апусканне нязмочвальнай вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЕЎ (Мікалай Іванавіч) (6.12.1850, Масква — 18.2.1931),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910), ганаровы чл.АНСССР (1929), д-ргіст.н. (1884). Праф. Варшаўскага (1879—84) і Пецярбургскага (1890—99, 1906—17) ун-таў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Вучань У.І.Герʼе. У 1886—99 выкладаў усеаг. гісторыю на Вышэйшых жаночых курсах. У 1899—1917 кіраўнік Гіст.т-вапры Пецярбургскім ун-це. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906), выступаў за наданне ўсім народам Рас. імперыі свабоды нац. самавызначэння, супрацоўнічаў з партыяй кадэтаў. Спачатку прыхільнік пазітывізму, з 1880-х г. імкнуўся да сацыялагічнага абагульнення фактаў грамадскага жыцця (распрацаваў прынцып арган. адзінства гісторыі і сацыялогіі, канцэпцыю «агульных тыпаў», або «цывілізацый», аб’яднаных агульнасцю паходжання і гіст. лёсу). Аўтар прац «Сяляне і сялянскае пытанне ў Францыі ў апошняй чвэрці XVIII ст.» (1879), «Асноўныя пытанні філасофіі гісторыі» (т. 1—3, 1883—90), «Гістарычны нарыс Польскага сейма», «Падзенне Польшчы» ў гістарычнай літаратуры» (абедзве 1888), «Гісторыя Заходняй Еўропы ў новы час» (т. 1—7, 1892—1917), «Старыя і новыя эцюды аб эканамічным матэрыялізме» (1896), «Уводзіны ў вывучэнне сацыялогіі» (1897) і інш., падручнікаў і дапаможнікаў па ўсеаг. гісторыі.
Тв.:
Основы русской социологии. СПб., 1996.
Літ.:
Золотарев В.П. Историческая концепция Н.И.Кареева: Содержание и эволюция. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-ргіст.н. (1980), праф. (1987). Правадз.чл.Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АНБССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі прыЦККПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).
«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;
Сталіншчына і Беларусь // Бел.гіст.часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛАжывапісу,
самабытная галіна ісп.маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К.ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К.ш. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.
Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г.Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.
На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ.М., 1970;
Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.