ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.

Я.​Г.​Звяруга, В.​В.​Швед.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТА́НЬ,

пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.

Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,

кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31′, 7; L=29°02′, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай ∑ i = 1 n S i 2 = min , дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад. дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж. геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцыяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. прызначэння.

А.​А.​Саламонаў.

Група вучоных — вызначальнікаў геаграфічнага цэнтра Беларусі.
Фрагмент карты маштабу 1:200 000 з пазначэннем геаграфічнага цэнтра Беларусі.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНА́МІКА (ад геа... + дынаміка),

навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.

Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.​Вегенер, англ. А.​Холмс і Г.​Хес, рас. Я.​В.​Арцюшкоў, У.​У.​Белавусаў, Л.​П.​Зоненшайн, В.​Я.​Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).

На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.​Г.​Гарэцкі, Р.​Я.​Айзберг, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў і інш.).

Літ.:

Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;

Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;

Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.

А.​А.​Карабанаў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЛО́ГІЯ (ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.​Вірхаў у 1845, Э.​Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.​Адысан (1855) і ням. А.​Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.​І.​Арынкін, А.​А.​Максімаў і А.​М.​Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.​М.​Чарнігаўскі, М.​А.​Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБО́ЎНІКІ,

зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.​Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБІЦ (Glaubitz, Hlaubicz) Іаган (Ян) Крыштоф (1700 ?, Сілезія — 3.3.767 3.3.1767), бел. і літоўскі архітэктар. Прадстаўнік віленскага барока і ракако. У 1737—67 працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў Вільні ў 1737, і будаваў новыя: касцёлы Ёнаса (1737), евангелістаў (1737—38), Казіміра (1741—57), Катрыны (1741 — 73), візітак, Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на кальварыі; капліцу Барбары; браму кляштара базыльян (1761); ратушу; палац езуітаў і інш. Пабудаваў на Беларусі: Сталовіцкую царкву Іаана Хрысціцеля, царкву Магілёўскага Спаскага манастыра, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі архірэйскі палац, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф.​Грабніцкага ў в. Струнь каля Полацка (1748—49), амбон, спавядальню і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751—65), касцёл дамініканцаў у в. Валынец Верхнядзвінскага р-на (1756; разбураны ў канцы 1940-х г.), інтэр’ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла; перабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у буд-ве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, палаца ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на (1750), плябаніі (1757) пры Гайцюнішскай капліцы і інш.

І.К.Глаўбіц. Касцёл і кляштар кармелітаў у г. Глыбокае. Здымак пач. 20 ст.
Да арт. І.К.Глаўбіц. Касцёл і кляштар дамініканцаў у вёсцы Валынец Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл. З малюнка Н.​Орды. 1875—76.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Якуцкае гравіраванне па косці. Е.​Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ, пелоідатэрапія, пелатэрапія,

выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш. курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; від фізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).

Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.​Лібрайха, К.​Гродэля, Ш.​Дзюран-Фардэля, Ч.​Фругоні, Л.​Дэвота, М.​А.​Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.

Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́РЫНГ ((Dühring) Яўген) (12.1.1833, Берлін — 21.9.1921),

нямецкі філосаф, эканаміст, прававед. Прыват-дацэнт Берлінскага ун-та (1863—77). Імкнуўся стварыць філас. сістэму абсалютных ведаў, якая грунтавалася на апрыёрных, аксіялагічных прынцыпах; яе тэарэт. аснова — кантыянства, пазітывізм, вульгарны матэрыялізм. Сусвет разглядаў як бясконцы, але які мае пачатак у часе, адмаўляўся пры гэтым ад прызнання боскага першаштуршка і дапускаў спрадвечнае адзінства матэрыі і мех. сілы. Законы дыялектыкі, паводле Дз., — лагічныя канструкцыі, што звонку накладваюцца на з’явы. У тэорыі пазнання проціпастаўляў ісціну і памылковы погляд, адхіляў дыялектыку адноснай і абс. ісціны. У сацыялогіі прытрымліваўся канцэпцыі «рабінзанады» — прызнаваў існаванне ізаляваных індывідаў, а ў аснову фарміравання адносін паміж імі паклаў «тэорыю насілля». Насілле лічыў прычынай сац. няроўнасці і галечы, быў праціўнікам рэв. пераваротаў у грамадстве, спрабаваў тэарэтычна абгрунтаваць ідэю паступовых сац. пераўтварэнняў на карысць чалавека. Аўтар прац «Крытычная гісторыя ўсеагульных прынцыпаў механікі» (1873), «Курс філасофіі» (1875), «Курс нацыянальнай і сацыяльнай эканомікі» (1876), «Логіка і тэорыя пазнання» (1878) і інш. Ідэі Дз. супрацьстаялі вучэнню К.​Маркса; крытычную ацэнку ім даў Ф.​Энгельс у працы «Анты-Дзюрынг» (1877—78).

Тв.:

Рус. пер. — Курс национальной и социальной экономики... СПб., 1893;

Ценность жизни... СПб., 1894;

Великие люди в литературе: Критика современной лит. с новой точки зрения. СПб., 1897;

Социальное спасение — в действительном праве. СПб., 1909.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)