міжнароднае аб’яднанне дзяржаў, якія ў сваёй знешняй палітыцы кіруюцца недалучэння прынцыпам. Афіцыйна створаны ў вер. 1961 на канферэнцыі 25 дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пры ўдзеле І.Ціта (Броз Ціта), Сукарна, Дж.Нэру і Г.А.Насэра. У 1960—80-я г. рэгулярна склікаліся канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў — членаў Н.р., на якіх абмяркоўвалася і каардынавалася знешняя палітыка гэтых краін у адносінах да звышдзяржаў — ЗША і СССР. З пач. 1980-х г. назіраўся крызіс Н.р.: некаторыя з недалучаных краін знаходзіліся ў стане ўзбр. канфлікту паміж сабой (Іран і Ірак), некаторыя фактычна дзейнічалі ў альянсе з СССР або ЗША, што парушала прынцып недалучэння. З распадам СССР (1991) востра паўстала пытанне пра змену і ўдасканаленне прынцыпаў Н.р. У 1990-я г. пра ўдзел у Н.р. заявілі больш за 100 краін свету, у т. л. ў 1998 Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ДРАВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Неспіш), за 7 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 3,72 км², даўж. 3 км, найб.шыр. больш як 2,2 км, найб.глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 808 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, круглаватая. Схілы выш. да 10 м, стромкія (на З і ПдУ спадзістыя), сугліністыя і супясчаныя, пад лугам і хмызняком. На Пн озавая града выш. 15—20 м, парасла лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі на Пд абразійныя. Мелкаводдзе пясчанае, да глыб. 3—4 м дно ілістае, ніжэй сапрапелістае. 3 астравы пл. 2 га. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 4 м. Пратокай злучана з воз. Поцех, упадае ручай з воз. Вера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАСЦІ́ЛІШЧЫ,
месцы нерасту рыб і кругларотых. Спалучаюць спрыяльныя ўмовы для пач. этапаў развіцця патомства. Прыродныя Н. фітафільных рыб — мелкія зарослыя ўчасткі вадаёмаў са стаячай ці слабапраточнай вадой, пелагафільных — участкі з хуткім цячэннем, літафільных — таксама з камяніста-галечным дном. Перамяшчэнне рыб да Н. (часам за тысячы кіламетраў ад месцаў нагулу, гл.Паўпрахадныя рыбы, Прахадныя рыбы) наз. нераставай міграцыяй. Для праходу рыбы да Н. праз плаціны і інш. перашкоды на рэках будуюць рыбапрапускныя збудаванні. Для ачысткі, паляпшэння гідралагічнага і пажыўнага рэжымаў і інш. праводзяць меліярацыю прыродных Н. Ствараюць таксама штучныя Н.: галечна-друзавыя ўчасткі і грады ў рэчышчах рэк, спец. нераставыя каналы (для ласосяў), сховішчы (напр., плеценыя кошыкі), Н. з галінак, карэнішчаў раслін і інш., замацаваныя на мелкіх месцах (стацыянарныя) ці плывучыя (маюць вял. значэнне пры моцных ваганнях узроўню вады) і інш. У сажалкавых рыбных гаспадарках робяць нераставыя сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́СТЛЕ»
(Nestlé S.A.),
швейцарскі канцэрн харч. прам-сці; адна з буйнейшых у свеце міжнар. карпарацый у гэтай галіне. Вырабляе каву, какаву, чай і інш. напоі, у т. л. растваральныя, дзіцячае харчаванне, канцэнтраты, малочныя прадукты, шакалад, сокі і інш., а таксама касметычныя і фармацэўтычныя вырабы. Засн. ў 1905 шляхам аб’яднання 2 фірм па вырабе згушчанага малака і дзіцячага харчавання. У 1930-х г. распрацавала рэцэптуру хуткарастваральнай кавы і доўга заставалася яе асн. пастаўшчыком у свеце. З 1962 — адзін з вядучых вытворцаў замарожаных харч. прадуктаў у Зах. Еўропе. Сучасная назва з 1977. Дзейнічае больш чым у 70 краінах свету. У вытв-сці занята больш за 200 тыс.чал. Выпускае 95% прадукцыі паза межамі Швейцарыі. Кантралюе каля 45% вытв-сці кавы ў свеце. Кампанію ўзначальваюць 2 холдзінгі: «Нестле А.Г.» і «Юнілак інк.», зарэгістраваныя адпаведна ў Швейцарыі і Панаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),
правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс.км². Нас. каля 1 млн.чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 ммза год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЮ́РНБЕРГ»
(«Nürnberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр.т.зв.генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс.мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).
Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар. расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,
высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.
Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.