горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),
польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.Чартарыйскага, К.Сапегі, С.Солтана, І.Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш. робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.
Літ.:
Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч. прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.
Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.
П.І.Рогач.
Да арт.Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗАНЕ́ЛА [Pisanello; сапр.Антоніо ды Пуча ды Чэрэта (Antonio di Puccio di Cerreto); да 1395, г. Піза?, Італія — паміж 1450—55],
італьянскі жывапісец, рысавальшчык і медальер. Склаўся пад уплывам познагатычнага веронскага і ламбардскага жывапісу, зазнаў уплывы Стэфана да Вероны і Джэнтыле да Фабрыяна. Працаваў у рэчышчы інтэрнац. готыкі. Творы вызначаюцца вытанчанасцю манеры, дакладнай прапрацоўкай і пластычнай тонкасцю мадэліроўкі элементаў у спалучэнні з фантаст. трактоўкай сюжэтаў. Аўтар фрэсак у Палацы дожаў (паміж 1415—22, з Джэнтыле да Фабрыяна) у Венецыі, цэрквах Сан-Ферма («Дабравешчанне», 1426), Сант-Анастазія («Св. Георгій і прынцэса», паміж 1433—38) у Вероне, у палацы герцага Ганзага ў Мантуі (з 1447); карцін «Уяўленне св. Яўстафія» (1430-я г.), «Св. Іеранім» (пасля 1438), «Мадонна са св. Георгіем і Антоніем абатам» (1440-я г.) і інш. Майстар-партрэтыст; партрэты імператара Багеміі Сігізмунда (1432), візант. імператара Іаана VIII Палеалога (1438), прынцэсы Джынеўры д’Эстэ (пасля 1438), Ліянела д’Эстэ (1441), медалі ў гонар Іаана VIII Палеалога (1438), кандацьера Нікало Пічыніна (каля 1443), Ліянела д’Эстэ (1444), Чэчыліі Ганзага (1447), караля Альфонса Арагонскага (1449) і інш. Адзін з найбуйнейшых еўрап. рысавальшчыкаў: кампазіцыйныя штудыі, натурныя эцюды (партрэты, ню, жывёлы, касцюмы), малюнкі (т. зв. «Альбом Валардзі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТА (Abies),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕспартыўнае,
від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл.Падводны спорт), сінхроннае (гл.Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч.пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.
Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).
На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л.воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТУ, Апорта (Porto, Oporto),
горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Порту. 302,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт пры ўпадзенні р. Дуэра ў Атлантычны ак.Міжнар. аэрапорт. Другі па эканам. значэнні і насельніцтве (пасля Лісабона) цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн. і інш.), вінаробная, рыбакансервавая, хім., шкляная, папяровая, гарбарна-абутковая, швейная. Каляровая металургія, апрацоўка кары коркавага дубу. Ун-т. Сабор (1113—36, перабудаваны ў 17—18 ст.), шматлікія гатычныя рэнесансавыя і барочныя будынкі. Турызм.
У 1 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. існавала рым. калонія пад назвай Портус-Кале (адсюль назва Партугаліі). У канцы 5 ст.н.э. ўладанне свеўскіх каралёў, з 540 — вестготаў, у 716—997 — арабаў. У час Рэканкісты шмат разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1095 цэнтр Партугальскага графства. З 12 ст. П. — адзін з найважнейшых партоў краіны і цэнтр гандлю вінамі. Пасля заключэння ў 1703 англа-партуг.Метуэнскага дагавора П. — калонія брыт. маракоў і гандляроў вінамі. У 1820 адзін з цэнтраў антыбрыт. паўстання. У 1832 гараджане падтрымалі Педру IV і Марыю II да Глорыя (гл.Мігелісцкія войны). У 1891 у П. адбылося рэсп. паўстанне, у 1927 — паўстанне супраць ваен. дыктатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТ,
у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.
Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.