ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),

удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.​Я.​Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл. Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.

В.І.Драздовіч.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Анатоль Емяльянавіч) (н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),

герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).

Тв.:

Военные записки. М., 1982;

Избранное. М., 1984;

Стихотворения. Л., 1984.

Літ.:

Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАМЕ́ЕЎ (Канстанцін Сцяпанавіч) (літ. псеўд. Гудок, Гудок-Ерамееў і інш.; 6.6.1874, Мінск — 28.1.1931),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, журналіст. У с.-д. руху з 1896, неаднаразова арыштаваны, быў у эміграцыі. У 1910—15 у рэдакцыях газ. «Звезда», «Правда» і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Бюро ЦК РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камандуючы войскамі Петраградскай ваен. акругі. Удзельнік грамадз. вайны. Адзін з арганізатараў Дзяржвыда, рэдактар «Рабочей газеты», час. «Крокодил» (1922—28) і інш. З 1924 чл. РВС СССР, з 1925 нач. Палітупраўлення Балт. флоту. Пазней на дыпламат. і выдавецкай рабоце. Аўтар прац пра Кастр. рэвалюцыю, грамадз. вайну. Чл. ЦКК РКП(б) у 1924—25.

Р.​В.​Булацкі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (26.2.1896, г. Марыупаль, Украіна — 31.8.1948),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Удзельнік рэв. руху з 1912, чл. Цвярскога к-та РСДРП(б) з 1916. У 1917 на вайск. службе, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. палкавога к-та, старшыня Шадрынскага к-та РСДРП(б). У 1918—20 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі на Урале і ў Цверы, рэдактар газ. «Тверская правда». З 1922 на сав. і парт. рабоце. У 1934—48 сакратар ЦК, адначасова ў 1934—44 1-ы сакратар Ленінградскага абкома і гаркома ВКП(б). У Вял. Айч. вайну чл. Ваен. савета Ленінградскага фронту, генерал-палкоўнік (1944). Адна з прыбліжаных да І.​В.​Сталіна асоб.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Мацвей Васілевіч) (17.8.1898, в. Войлава Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 31.1.1972),

Маршал Сав. Саюза (1959), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1971), Герой Чэхаславакіі (1970). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. У арміі з 1918. Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штабоў 9-й арміі і Гал. камандавання Паўн,Зах. напрамку, нам. нач. Гал. ўпраўлення тылу Чырв. Арміі; са студз. 1942 нач. штаба Калінінскага, у крас.кастр. 1943 — Рэзервовага і Сцяпнога, у кастр. 1943 — чэрв. 1945—2-га Укр. франтоў. Пасля вайны на адказных пасадах ва Узбр. Сілах СССР, у т. л. ў 1960—63 і 1964—71 нач. Генштаба — 1 -ы нам. міністра абароны СССР.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯЗЕ́Й (Віктар Адамавіч) (8.6.1881, Мінск — пасля 1951),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт. псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РГЕ (Рыхард) (4.10.1895, Баку — 7.11.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1964). Унук Ф.А.Зорге. Скончыў Берлінскі ун-т. З 1914 у ням. арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1924 у СССР, з 1929 у разведорганах Чырв. Арміі. У 1930—40-я г. ў якасці ням. журналіста ў Германіі, Кітаі, Японіі. У Токіо стварыў разведвальную групу «Рамзай», якая здабывала важную для СССР інфармацыю. Адзін з першых паведаміў дату (20—22 чэрв.) нападу фаш. Германіі на СССР, колькасць ням. дывізій і агульную схему іх плана ваен. дзеянняў, у кастр. 1941 — аб непадрыхтаванасці Японіі да нападу на СССР. 18.10.1941 арыштаваны яп. паліцыяй, 29.9.1943 прыгавораны да пакарання смерцю. Павешаны, пахаваны ў Токіо.

Р.Зорге.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.

Тв.:

Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЁНЮ́ ((Inönü) Ісмет) (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),

дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22 тур. войскі пад камандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)