палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДАТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),
заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш.дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА,
трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоўдля жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл.Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл.Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРДЗЯШНО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 1.1.1930, в. Крывалучча Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне электратэхнікі. Канд.тэхн.н. (1969), праф. (1991). Скончыў Саратаўскі ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1955). З 1963 у Бел.агр.тэхн. ун-це (у 1973—93 заг. кафедры). Навук. працы па эксплуатацыі, тэхн. абслугоўванні і рамонце с.-г. электраабсталявання. Тэарэтычна абгрунтаваў сіметрыраванне напружання ў трансфарматарах, на падставе чаго распрацавана новая марка трохфазных трансфарматараў для 4-праводных эл. сетак.
Тв.:
Планирование эксплуатации сельскохозяйственного электрооборудования. Мн., 1992 (разам з Г.І.Януковічам);
Техобслуживание и ремонт электрооборудования в сельском хозяйстве: Справ. Мн., 1993 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,
паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Длязах.ч.паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВЕ́Ц (Nardus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 1 від — С. стаячы (N. stricta). Пашыраны ў цеплаўмераным поясе Еўразіі. Заносны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на лясных пясчаных палянах, на ўскрайках балот, часам утварае лугі. Нар. назвы пясюк, чортава барада.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—40 см. Утварае густыя дзярніны. Сцёблы цвёрдыя, прамастойныя, без вузлоў. Лісце шчацінкападобнае, шызавата-зялёнае, шурпатае. Адмерлае лісце захоўваецца некалькі гадоў і ўтварае светлую «грыву» вакол жывых парасткаў (адсюль назва). Суквецце — аднабокі колас з сядзячымі аднакветнымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавая расліна нізкай якасці (індыкатар беднасці глебы), выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў і як дэкаратыўная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МВАЛ ВЕ́РЫ,
кароткі збор догматаў рэлігійных, якія складаюць аснову веравучэння пэўнай рэлігіі. Агульнахрысц. (Нікея-Царградскі) С.в. складзены айцамі царквы, замацаваны на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, уключае 12 частак аб трыадзінстве Бога, аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, другім прышэсці на зямлю, выратавальнай місіі царквы, неабходнасці хрышчэння, веры ва ўваскрэсенне памерлых, страшным судзе і інш. Свае С.в. распрацоўвалі асобныя хрысц. плыні (монафізіты, нестарыяне і інш.). Зах.-хрысц. царква ў 589 дапоўніла С.в. філіёкве (догмат ад зыходжанні Св. Духа і ад Бога-Айца, і ад Бога-Сына), што паслужыла адной з падстаў дляпадзелу цэркваў. Падрабязнае тлумачэнне С.в. даецца ў катэхізісах, катэхізічных павучаннях, «спавяданні веры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАПТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
раздзел метэаралогіі, які вывучае атмасферныя працэсы, што вызначаюць умовы надвор ’я, а таксама іх змены для распрацоўкі прагнозу надвор’я. Даследуе буйнамаштабныя атм. працэсы (узнікненне і перамяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас і франтоў атмасферных), якія ахопліваюць па гарызанталі сотні і тысячы кіламетраў. Аналіз атм. працэсаў праводзіцца пры дапамозе сінаптычных карт, верт. разрэзаў атмасферы, аэралагічных дыяграм. У сінаптычным аналізе выкарыстоўваюцца таксама фотаздымкі воблакаў з метэаралагічных спадарожнікаў, матэрыялы назіранняў за воблакамі, ападкамі і інш.атм. з’явамі пры дапамозе метэаралагічных радыёлакатараў. На падставе заканамернасцей, якія выяўляюцца пры вывучэнні матэрыялаў, скарыстання лічбавых метадаў прагнозу і рашэння ўраўненняў гідра- і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ, распрацоўваюцца прагнозы надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),
прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.
Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш.Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.