сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.
Літ.:
Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;
Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;
Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні баявых атрутных рэчываў, таксінаў, фітатаксінаў. Уключае хім.боепрыпасы аднаразовага выкарыстання (артыл. снарады, авіяц. бомбы, міны, шашкі і інш.) і шматразовага (т. зв. хім. баявыя прылады — выліўныя авіяц. прылады, тэрмамех. і мех. генератары і інш.).
Сродкі дастаўкі Х.з.: авіяцыя, ракеты, артылерыя і інш. Паражальная дзейнасць Х.з. заснавана на таксічных уласцівасцях хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў парападобным, вадкім або аэразольным стане, могуць пранікаць у арганізм цераз органы дыхання, скурнае покрыва, слізістыя абалонкі, страўнікавы тракт. Х.з. можа быць выкарыстана для паражэння жывой сілы, заражэння мясцовасці, узбраення, баявой тэхнікі і розных тылавых аб’ектаў. Ад інш. відаў зброі адрозніваецца: высокай таксічнасцю, што дазваляе малымі дозамі выклікаць значныя страты ў стане праціўніка; вял. пранікальнасцю ў розныя збудаванні, ваен. тэхніку і інш.; складанасцю своечасовага выяўлення наяўнасці выкарыстання атрутных рэчываў, распазнавання іх тыпу, вызначэння тэрміну дзеяння і інш. Упершыню Х.з. (хлор) была выкарыстана ў 1-ю сусв. вайну герм. войскамі 22.4.1915 у раёне г. Іпр (Бельгія), пазней арміямі інш. дзяржаў.
Выкарыстанне Х.з. забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925. У 1993 у Парыжы прынята канцэпцыя аб забароне распрацоўкі, вытв-сці, назапашвання і выкарыстання Х.з. і яе знішчэнні (уведзена ў дзеянне ў крас. 1997).
Літ.:
У Тан. Химическое и бактериологическое (биологическос) оружие и последствия его возможного применения: [Доклад на XXIV сессии Генеральной Ассамблеи ООН]. М., 1970;
Степанов А.А., Попов В.Н. Химическое оружие и основы противохимической защиты. М., 1962;
Херш С. Химическое и биологическое оружие: Пер. с англ.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХЛАПАМА́НІЯ»,
«хлапаманства» (ад польскага chłop селянін, мужык), саркастычная назва цікавасці асобных прадстаўнікоў сац. эліты (найперш шляхты) Беларусі і Украіны да нар. мовы і культуры ў 19 — пач. 20 ст.Найб. пашырана ў 1850—60-я г. Тэрмін «Х.» спачатку з’явіўся ў польскамоўным перыяд. друку, адкуль запазычаны і рус. друкам. На Беларусі «Х.» выявілася ў вывучэнні мовы і фальклору, дэманстратыўным з’яўленні шляхты ў вясковым асяроддзі ў сял. вопратцы і ўжыванні бел. мовы, складанні на ёй лістоў да сялян і літургічных спеваў. Паводле сведчання ўдзельніка бел. «Х.» В.Савіч-Заблоцкага, ёю захапіліся каля 50 чал. (пераважна графы, князі, дзеці генералаў і камергераў), у іх ліку былі і католікі, і праваслаўныя. У 1868—70 у Пецярбургу дзейнічала асветніцкая арг-цыябел. «хлапаманаў» «Крывіцкі вязок» (разагнана ўладамі). У 1910—я г. «Х.» лічылася фін. і маральная падтрымка бел.нац. руху з боку М.І.Радзізіл. На Украіне «хлапаманы» (У.Б.Антановіч, Ф.Р.Рыльскі, П.І.Жыцецкі і інш.) стварылі ў пач. 1860-х г. свае гурткі (грамады) у Кіеве, Чарнігаве, Палтаве, Харкаве і інш., але ў сувязі з урадавымі рэпрэсіямі ў 1863 спынілі дзейнасць. Сац. з’явы, аналагічныя «Х.», — тыповыя для працэсу фарміравання нацый сярод народаў Цэнтр. і Усх. Еўропы, напр., у венграў, чэхаў, славенцаў і інш.
Кр.:
Суспільно-політичний рух на Україні в 1863—1864 рр.: [Матеріали і док.). Київ, 1964;
Савіч-Заблоцкі В. Пісьмы да М.П.Драгаманава // Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па вырабе цэлюлозы, паперы (пісчай, газетнай, чарцёжнай, святлоадчувальнай, туалетнай, папяроснай, упаковачнай і інш.), кардону і прадукцыі з іх (тары, блакнотаў, сшыткаў, сурвэтак і інш.). Сыравіна — драўніна, салома, трыснёг і інш. Прадукцыя Ц.-п.п. выкарыстоўваецца амаль ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Найб. развіта ў ЗША, Фінляндыі, Швецыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі, Расіі і інш.
На Беларусі першыя папяровыя прадпрыемствы з’явіліся ў 18 ст. У 1850 было 10 мануфактур (600 рабочых). З сярэдзіны 19 ст. на выраб паперы выкарыстоўвалася драўніна. З 1872 дзейнічаюць Добрушская папяровая фабрыка, у 1881 — Мінская шпалерная фабрыка. У 1900 дзейнічала 75 папярова-друкарскіх мануфактур і 25 ф-к. У 1913 выпушчана 21,3 тыс.т паперы і 5,3 тыс.т кардону. Пасля Вял.Айч. вайны разбураныя прадпрыемствы Ц.-п.п. адноўлены. У 2002 Ц.-п.п. уключала больш за 20 прадпрыемстваў, найб. буйныя — Добрушская папяровая ф-ка «Герой працы», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, Слонімскі кардонна-папяровы завод, Шклоўская папяровая фабрыка, Барысаўская папяровая ф-ка «Дзяржзнак», Маладзечанская кардонная ф-ка «Раёўка». Выкарыстоўваецца мясц. і прывазная (з Расіі, ЗША і інш.) сыравіна, пераважна цэлюлоза. Выраб цэлюлозы (2001) склаў 51 тыс.т, паперы — 51,5 тыс.т, кардону — 165 тыс.т. Асн.ч. прадукцыі спажываецца ў рэспубліцы. Экспарт паперы для шпалер (2000) склаў 28,4 тыс.т (у Расію, Латвію, Літву). Імпарт немелаванай паперы і кардону (2000) у Беларусь — 65 тыс.т (з Расіі, Вялікабрытаніі, Літвы, Фінляндыі, Германіі).
П.І.Рогач.
Да арт.Цэлюлозна-папяровая прамысловасць. Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
асноўны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека, гал. і спецыфічная функцыян. дзейнасць якога — ажыццяўленне рэфлексаў, звязаных з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У беспазваночных складаецца з гангліяў і нерв. ланцужка, у пазваночных — са спіннога мозга і галаўнога мозга. У вышэйшых жывёл і чалавека ніжэйшыя і сярэднія аддзелы Ц.н.с. — спінны мозг, прадаўгаваты мозг, сярэдні мозг, прамежкавы мозг, мазжачок — рэгулююць дзейнасць асобных органаў і сістэм арганізма, ажыццяўляюць сувязь і ўзаемадзеянне паміж імі, забяспечваюць адзінства арганізма і цэласнасць яго дзейнасці. Спецыфічная адзнака Ц.н.с. — забеспячэнне функцыян. субардынацыі (пэўнай супадпарадкаванасці паміж органамі). Вышэйшы аддзел Ц.н.с. — кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга.
У прасцейшых жывёл адсутнічае. У кішачнаполасцевых дыфузная нерв. сістэма. Станаўленне прасцейшай Ц.н.с. звязана з сегментацыяй цела (напр., у раснічных чарвей фарміруюцца нерв. вузлы). У пазваночных Ц.н.с. ўтвараецца ў эмбрыягенезе з вонкавага зародкавага лістка (эктадэрмы) і адносіцца да тыпу трубчастай нерв. сістэмы. У працэсе нейруляцыі пярэдні канец нерв. трубкі падзяляецца на 3 мазгавыя пузыры, яе задняя частка ператвараецца ў спінны мозг. У працэсе гіст. развіцця пазваночных яе будова ўскладнялася, часткі, размешчаныя ў пярэднім аддзеле цела (галаўны мозг, асабліва кара вялікіх паўшар’яў), набылі надзвычай важнае значэнне (гл.Вышэйшая нервовая дзейнасць). Імпульсы ад рэцэптараў праходзяць па цэнтраімклівых нервовых валокнах, далей яны пералаюцца на цэнтрабежныя нервовыя валокны, па якіх узбуджэнне дасягае органаў і тканак, выклікаючы змены іхфункцыян. стану.
Літ.:
Костюк П.Г. Физиология центральной нервной системы. Киев, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯГЛО́,
1) адработачная рэнта, адна з асноўных сял. павіннасцей у ВКЛ у 15—18 ст. (гл.Паншчына, Цяглыя сяляне).
2) Падатковая адзінка вясковага і пасадскага насельніцтва ў Расіі 15 — пач. 18 ст. У Ц. ўваходзіў комплекс натуральных і грашовых павіннасцей, якія плаціліся дзяржаве. У 15—16 ст. у аснове абкладання Ц. ляжаў пазямельны ўлік (гл.Пасошнае, Саха), які ў апошняй чвэрці 17 ст. заменены падворным улікам (гл.Падворнае абкладанне). У 1724 замест цяглавай сістэмы збору дзярж. павіннасцей уведзены падушны падатак. За выкананнем Ц. прыватнаўласніцкімі сялянамі наглядалі іх уладальнікі, у чарнасошных сялян і пасадскіх людзей — выбарныя асобы.
3) Арганізац. адзінка сял. павіннасцей памешчыку і дзяржаве ў прыгоннай гаспадарцы Рас. імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. На Беларусі ўведзена ў канцы 18 ст. Уключала сям’ю з 2 працаздольных чал. (мужчыны і жанчыны). У Ц. запісваліся мужчыны ад 17—18 да 55—60 гадоў і жанчыны ад 16—17 да 50—55 гадоў. Кожнае Ц. абкладалася рознымі павіннасцямі: паншчынай, аброкам ці дзярж. падаткам. Умовай плацежаздольнасці Ц. было надзяленне яго зямлёй, жывёлай, інвентаром. Колькасцю Ц. вызначаўся эканам. стан памешчыцкай гаспадаркі. Памешчыкі імкнуліся захаваць паўнацэннасць Ц., таму пераразмяркоўвалі зямлю і інш. сродкі вытв-сці паміж слабымі і моцнымі Ц. Сял. двор складаўся звычайна з 1—3 Ц. Існавала Ц. да 1861, яго перажыткі захаваліся да 1917.
4) Сістэма дзярж. і феад. павіннасцей сялян і гараджан Расіі ў 15—1-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАПАДО́БНЫХ А́МФАР КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.цэнтр. і ўсх. Германіі, Польшчы, Чэхіі, на ПнУ Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на З Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Паселішчы размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы пераважна наземныя, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца паўзямлянкі. Побач з жытламі ствараліся гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаванні індывід. і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам (адсюль назва культуры) і верт. венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з косці і гліны. На тэр. Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найб. вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы (Ваўкавыскі і Бераставіцкі р-ны Гродзенскай вобл.).
Літ.:
Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. М., 1983;
Чарняўскі М.М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Шарападобных амфар культура. Пасудзіна з могільніка Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНА АКТЫ́ЎНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
частка насельніцтва, занятая грамадскай карыснай дзейнасцю, што прыносіць даход. Да Э.а.н. адносяць таксама занятых ва ўласнай падсобнай гаспадарцы і беспрацоўных, зарэгістраваных у органах дзярж. службы занятасці. У статыстыцы розных краін крытэрыі Э.а.н. адрозніваюцца гал. чынам у частцы аднясення да яго членаў сям’і, якія працуюць у сельскай гаспадарцы або ў рамёствах, але эканамічна несамастойныя. Часам да Э.а.н. адносяць асоб, якія маюць непрацоўныя даходы, т.зв. самадзейнае насельніцтва, у т. л. непрац. элементы, пенсіянеры і інш. Доля Э.а.н. залежыць ад удзельнай вагі ў структуры ўсяго насельніцтва працаздольных узростаў (дэмаграфічны фактар) і ад ступені іх занятасці (арганізацыйна-эканам. фактар). У розных краінах яна вагаецца, напр., у Егіпце 30%, Турцыі 37%, Ізраілі 38%, Італіі 40%, Мексіцы 41%, Іспаніі 42%, Аўстраліі 50%, ЗША 51%, Канадзе 52%, Японіі 54%, Кітаі 57%. У краінах СНД найменшая доля Э.а.н. ў Таджыкістане (29%), Узбекістане (37%) і Арменіі (39%); найб. — на Украіне (49%) і ў Расіі (48%).
На Беларусі паводле перапісу 1999 Э.а.н. ва ўзросце ад 15 гадоў і старэй складала 4743 тыс.чал., або 47,2% ад агульнай колькасці насельніцтва. У гар. паселішчах пражывала 3558 тыс.чал. Э.а.н., што складала 75% ад Э.а.н. рэспублікі і 63,8% ад гар. насельніцтва. Сярод сельскага насельніцтва дадзеная катэгорыя складала 47,3%. Найб. доля Э.а.н. ў Мінску (64,9%) і Мінскай вобл. (58,7%); у Брэсцкай і Гродзенскай абл. — па 57,6%, Гомельскай і Магілёўскай — па 57,3%, у Віцебскай — 55,7%. Больш як пал. (51,4%) Э.а.н. складаюць мужчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРНАЛІ́ЗМ,
плынь у гістарыяграфіі, філасофіі і сацыялогіі навукі. Узнік у Англіі ў 1930-я г. як пэўная сума тэарэт. поглядаў на навуку, яе гісторыю і месца ў грамадстве ў процівагу пазітывісцкаму і эмпірычнаму падыходам. Гал. яго прадстаўнікі — Дж.Д.Бернал, Р.К.Мертан, Дж.Холдэйн і інш. Аснова Э. — сцвярджэнне, што існуе сістэма заканамерных сувязей паміж развіццём навукі і грамадства, таму навука не замыкаецца ў сваёй сферы, а выступае арган. часткай грамадства і выконвае ролю аднаго з сац. ін-таў. Сутнасць навукі, яе змест і характар, задачы і функцыі, структура і арганізацыя, формы ўзаемадзеяння з вытв-сцю, місія вучоных і іх адказнасць перад грамадствам выводзяцца непасрэдна з сац. умоў. Канкрэтны вобраз навукі вызначаецца на падставе такіх навук.-гіст. арыенціраў, як сац. заказ, сац.-эканам. ўмовы, сац.-культ. фактары і г.д. У межах Э. распрацоўваецца праблема «эгаса навукі», якая ўключае сістэму нарматыўных рэгулятываў навук. дзейнасці: універсалізм, калектывізм, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм, нейтральнасць. Значная ўвага аддаецца суб’ектыўным момантам дзейнасці вучоных — матывацыі, прызнанню, ацэнцы ўкладу ў навуку і інш. Паводле Э., гал.сац. функцыя вучонага — атрыманне новых ведаў, якія характарызуюць яго асабісты ўклад у навуку і ў той жа час выступаюць яе агульным здабыткам. Э. паслужыў тэарэт. перадумовай шэрагу ідэй і выступленняў супраць выкарыстання навукі ў мілітарысцкіх і інш. антыгуманных мэтах. Процілегласць Э. — інтэрналізм.
Літ.:
Бернал Дж. Наука и общество: Пер. с англ.М., 1953;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ГАДЗІ́ННІК,
гадзіннік, у якім для вымярэння бягучага часу (у гадзінах, мінутах, секундах) выкарыстоўваюцца перыядычныя эл. сігналы, што выпрацоўваюцца электронным генератарам з кварцавым рэзанатарам. Многія Э.г. паказваюць таксама дату, дзень тыдня, месяц, т-ру і інш. Бываюць наручныя, настольныя, аўтамаб. і інш. Ёсць Э.г., канструктыўна (на базе агульнай мікрасхемы) аб’яднаныя з мікракалькулятарам, а таксама Э.г.-будзільнікі. Дакладнасць ходу да + 15 с за месяц.
Высокастабільныя эл. ваганні (імпульсы) ад генератара паступаюць у паўправадніковае вылічальнае прыстасаванне, якое пераўтварае іх у секундныя імпульсы, робіць вылічэнне бягучага часу і календара, фарміруе сігналы кіравання лічбавым індыкатарам. Наручныя Э.г. працуюць ад мініяцюрных гальванічных элементаў з эрс 1,5 В, настольныя (насценныя) — ад сеткі пераменнага току напружаннем 127/220 В або таксама ад гальванічных элементаў, транспартныя — ад уласных акумулятараў (12 В). Светлавыя індыкатары выконваюцца на мініяцюрных люмінесцэнтных і лямпах напальвання, святловыпраменьвальных дыёдах; пашыраны таксама табло на вадкіх крышталях. Пашырэнне набылі і электронна-механічныя гадзіннікі, у якіх адлік часу робіцца па становішчы стрэлак на цыферблаце. Акрамя электроннага блока (часта ў выглядзе інтэгральнай схемы) яны маюць сінхронны або шагавы электрарухавік і колавую сістэму, якія пераўтвараюць эл. сігналы ў перамяшчэнне стрэлак. На Беларусі Э.г. выпускаюцца з 1975 мінскім з-дам «Электроніка» (у складзе ВА«Інтэграл»).