БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ (БПС-Ф),

палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.​Аўсянік, Я.​Варонка, К.​Езавітаў, В.​Захарка, П.​Крачэўскі, І.​Серада, А.​Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРНСАН ((Bjørnson) Б’ёрнстэрне Марцініус) (8.12.1832, Квікне, Нарвегія — 26.4.1910),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв. нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.

Тв.:

Бел. пер. — Бялявая нарвежка // Наша слова. 1993. № 34;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—12. Киев;

Харьков, 1893—97;

Избранное. М., 1959;

Пьесы. Л.;

М., 1961.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,

буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмы Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст. творы айч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел. дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст. абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінская б-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл. б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн. экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.

В.​А.​Сабалеўская.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.​Г.​Лобач.

Більярд.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЫС ((Brandys) Казімеж) (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),

польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).

Тв.:

Opowiadania. Warszawa, 1973;

Nowele filmowe. Warszawa, 1975;

Бел. пер. — Грамадзяне. Мн., 1958;

Рус. пер. — Между войнами Т. 1—2. М., 1957—58.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,

працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.​Боас, М.​Мід, Б.​Маліноўскі, Р.​Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.

Літ.:

Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:

самба

бомба

пломба

клумба і г.д.

Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.​Барташэвіча і І.​Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.​М.​Вардамацкага і В.​І.​Несцяровіча (1994).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ («аб’яднанкі»),

агульныя арганізацыі бальшавікоў і меншавікоў, якія існавалі ў 1917 на тэр. Расіі. На Беларусі ў іх уваходзілі таксама бундаўцы. Да сак. 1917 такія арг-цыі сфарміраваліся ва ўсіх бел. гарадах і многіх злучэннях Зах. фронту. Адзінства ў «аб’яднанках» не было з моманту іх стварэння, хоць не было і выразнага фракцыйнага падзелу. Пасля VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП (1917) акрэслілася тэндэнцыя на размежаванне бальшавіцкіх арг-цый з інш. партыямі і групамі ў прамысл. цэнтрах Расіі. Пасля VI з’езда РСДРП(б), які вызначыў курс на ўзбр. паўстанне, бальшавікі фарсіравалі разрыў з меншавікамі. У ліп. 1917 пачалі афармляцца раздзельныя арг-цыі ў Бабруйску, Рэчыцы, многіх вайск. часцях Зах. фронту і тылавых гарнізонах. Да жн. — вер. 1917 працэс размежавання ў «аб’яднанках» на Беларусі цалкам завяршыўся. Утварыліся Паўн.-Зах. абласныя арг-цыі РКЛ(б) і РСДРП (меншавікоў), абласны к-т Бунда.

Літ.:

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Большевики Белоруссии в борьбе за победу Октября. Мн., 1987.

А.​С.​Кароль.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),

апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.​Лютэра і Ф.​Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.​Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, алешнікі,

драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс. га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс. га (1994).

Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.

Г.​У.​Вынаеў.

Да арт. Альховыя лясы. Шэраалешнік кіслічны.

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)