ГА́МІЛЬТАН (Hamilton) Уільям Роўан (4.8.1805, Дублін — 2.9.1865),

ірландскі матэматык і механік. Чл. Ірландскай АН (1832) і яе прэзідэнт у 1837—45. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1837). Скончыў Дублінскі ун-т (1827), з 1827 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Распрацаваў тэорыю гіперкамплексных лікаў, пабудаваў сістэму кватэрніёнаў, адначасова з Г.Грасманам прапанаваў тэорыю камплексных лікаў, якая стала адной з крыніц развіцця вектарнага злічэння. Распрацаваў тэорыю аптычных з’яў і ўстанавіў аналогію паміж класічнай механікай і геам. оптыкай, сфармуляваў адзін з варыяцыйных прынцыпаў механікі — найменшага дзеяння прынцып (прынцып Гамільтана), які незалежна ад яго выказаў М.В.Астраградскі.

Літ.:

Полак Л.С. Уильям Роуэн Гамильтон // Тр. Ин-та истории естествознания и техники АН СССР. 1956. Т. 15.

У.Р.Гамільтан.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮФА́І (Dufay) Гіём (каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),

нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз. формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛБІК Міхаіл Сцяпанавіч (12.2.1920, в. Трашковічы Калужскай вобл., Расія — 18.2.1988),

бел. вучоны ў галіне арніталогіі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1947). З 1948 у АН Беларусі: з 1955 у Ін-це біялогіі, з 1975 у Ін-це заалогіі. Навук. працы па біял. асновах выкарыстання і аховы птушак, ландшафтнай арніталогіі, зоагеаграфіі і паляўніцтвазнаўстве. Вызначыў склад фауны птушак Палесся і Беларусі. Высветліў размеркаванне прамысл., лясных вераб’іных і птушак культ. ландшафтаў. Распрацаваў зоагеагр. раянаванне тэр. Беларусі на ландшафтнай аснове.

Тв.:

Птицы Белорусского Полесья. Мн., 1959;

Птицы Белоруссии. Мн., 1967 (разам з А.​У.​Фядзюшыным);

Ландшафтная структура орнитофауны Белоруссии. Мн., 1974;

Влияние мелиорации на животный мир Белорусского Полесья. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ Сямён Львовіч (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),

бел. перакладчык. Канд. філал. н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.​Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.​Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.​Э.​Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.​Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.​Рэна «Негр Нобі» (1962), П.​Джойса «Цікі» (1977), Д.​Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.​Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯНАВАЛАКНІ́СТЫЯ ПЛІ́ТЫ,

ліставы буд. матэрыял, адліты з драўнянай масы, часам з дабаўленнем спец. саставаў (сінт. смала, высыхальны алей, клей, бітумная паста і інш.), з далейшым гарачым прасаваннем або сушкай.

Вырабляюцца мокрым (у водным асяроддзі), паўсухім ці сухім спосабамі. Бываюць мяккія, паўцвёрдыя, цвёрдыя і звышцвёрдыя. Вогне-, вода- і біяўстойлівасць Д.п. павышаюць увядзеннем у іх склад вогнетрывалых напаўняльнікаў (напр., валокнаў азбесту), антыпірэнаў, насычэннем антысептычнымі сродкамі. Выкарыстоўваюцца як абліцовачны, цеплаізаляцыйны і канструкцыйны матэрыял у буд-ве, мэблевай прам-сці і інш. У Беларусі вырабляюцца з 1936 (звычайныя і пакрытыя эмалямі), даследуюцца ў Бел. тэхнал. ун-це і на прамысл. прадпрыемствах (напр., распрацаваны канструкцыі і тэхналогія вытв-сці абліцовачных Д.п. — т.зв. фанераізапліт).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІКАЛО́ПАЎ Мікалай Сяргеевіч (13.3.1924, г. Сцепанакерт, Азербайджан — 22.1.1993),

савецкі фізікахімік. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. з 1966). Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1945). У 1949—80 у Ін-це хім. фізікі, з 1985 дырэктар Ін-та сінт. палімерных матэрыялаў АН СССР, адначасова (з 1961) праф. Маскоўскага фізіка-тэхн. ін-та. Навук. працы па кінетыцы і механізме іоннай полімерызацыі, тэхналогіі палімерных кампазіцыйных матэрыялаў. Адкрыў новы элементарны акт полімерызацыі — перадачу ланцуга праз палімер (1961), магчымасць полімерызацыі пры высокім ціску ў спалучэнні з дэфармацыяй зруху рэчываў, якія цяжка ператварыць у палімеры інш. метадамі. Прапанаваў метады напаўнення тэрмапластаў мінер. напаўняльнікамі непасрэдна ў ходзе полімерызацыі. Ленінская прэмія 1980.

Літ.:

Н.​С.​Ениколопов, 1924—1993. М., 1994.

М.С.Енікалопаў.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАМЕ́ЕЎ Канстанцін Сцяпанавіч (літ. псеўд. Гудок, Гудок-Ерамееў і інш.; 6.6.1874, Мінск — 28.1.1931),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, журналіст. У с.-д. руху з 1896, неаднаразова арыштаваны, быў у эміграцыі. У 1910—15 у рэдакцыях газ. «Звезда», «Правда» і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Бюро ЦК РСДРП(б). У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага ВРК. Са снеж. 1917 камандуючы войскамі Петраградскай ваен. акругі. Удзельнік грамадз. вайны. Адзін з арганізатараў Дзяржвыда, рэдактар «Рабочей газеты», час. «Крокодил» (1922—28) і інш. З 1924 чл. РВС СССР, з 1925 нач. Палітупраўлення Балт. флоту. Пазней на дыпламат. і выдавецкай рабоце. Аўтар прац пра Кастр. рэвалюцыю, грамадз. вайну. Чл. ЦКК РКП(б) у 1924—25.

Р.​В.​Булацкі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́РНЕ (Jerne) Нільс Кай (23.12.1911, Лондан — 1994),

дацкі імунолаг. Замежны ганаровы чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў, чл. Дацкай каралеўскай АН. Вучыўся ў Лейдэнскім, скончыў Капенгагенскі (1951) ун-т. Да 1954 працаваў у Дацкім дзярж. ін-це сываратак, у 1960—62 у Жэнеўскім ун-це, з 1966 ва Ун-це Гётэ ў Франкфурце, у 1969—80 дырэктар Базельскага ін-та імуналогіі. З 1962 чл. Кансультатыўнай экспертнай камісіі па імуналогіі Сусв. арг-цыі па ахове здароўя. Стварыў (разам з Ф.​М.​Бёрнетам) кланальна-селекцыйную тэорыю імунітэту; выявіў магчымыя наступствы розных меркаванняў і распрацаваў дакладную, адзіную тэрміналогію, зручную для зносін паміж імунолагамі. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Г.Кёлерам і С.Мільштэйнам).

Н.К.Ерне.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ Яўген Аляксандравіч (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.​Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.​Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ Андрэй Аляксандравіч (26.2.1896, г. Марыупаль, Украіна — 31.8.1948),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Удзельнік рэв. руху з 1912, чл. Цвярскога к-та РСДРП(б) з 1916. У 1917 на вайск. службе, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. палкавога к-та, старшыня Шадрынскага к-та РСДРП(б). У 1918—20 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі на Урале і ў Цверы, рэдактар газ. «Тверская правда». З 1922 на сав. і парт. рабоце. У 1934—48 сакратар ЦК, адначасова ў 1934—44 1-ы сакратар Ленінградскага абкома і гаркома ВКП(б). У Вял. Айч. вайну чл. Ваен. савета Ленінградскага фронту, генерал-палкоўнік (1944). Адна з прыбліжаных да І.​В.​Сталіна асоб.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)