МЕХА́НІКА СУЦЭ́ЛЬНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

раздзел механікі, які вывучае паводзіны кантынуумаў матэрыяльных пунктаў, што неперарыўна запаўняюць аб’ёмы геам. прасторы. Падзяляецца на гідрааэрамеханіку, газавую дынаміку, механіку сыпкіх асяроддзяў, пругкасці тэорыю, пластычнасці тэорыю і інш.

У М.с.а. рэчыва разглядаецца як неперарыўнае суцэльнае асяроддзе без уліку атамна-малекулярнай будовы; для яго ўводзяцца паняцці шчыльнасці, перамяшчэння, скорасці, т-ры, унутр. энергіі, энтрапіі, патоку цяпла і інш. як неперарыўна дыферэнцавальных функцый. Адначасова лічыцца неперарыўным размеркаванне ўсіх характарыстык асяроддзя, што дае магчымасць выкарыстоўваць апарат вышэйшай матэматыкі для неперарыўных функцый. У М.с.а. зыходнымі для вывучэння любых асяроддзяў (напр., газаў, вадкасцей, плазмы, дэфармаваных цвёрдых цел) з’яўляюцца ўраўненні руху (ці раўнавагі) асяроддзя, атрыманыя на аснове законаў механікі: ураўненні неразрыўнасці (суцэльнасці) асяроддзя як вынік закону захавання масы; закон захавання энергіі. Асаблівасці кожнага канкрэтнага асяроддзя ўлічваюцца ўраўненнем стану або рэалагічным ураўненнем, дзе ўстанаўліваецца залежнасць паміж напружаннямі і дэфармацыямі (ці скарасцямі дэфармацый). Пры рашэнні кожнай задачы задаюцца пачатковыя і гранічныя ўмовы, выгляд якіх залежыць ад асаблівасцей асяроддзя.

На Беларусі даследаванні па праблемах М.с.а. праводзяцца ў Нац. АН, БДУ, БПА і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. 2 изд. М., 1954;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

А.​У.​Чыгараў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

неарганічныя рэчывы, пераважна солі, якія маюць неабходныя раслінам хім. элементы. Павышаюць ураджайнасць с.-г. культур і паляпшаюць якасць прадукцыі. Узровень забяспечанасці пасеваў М.ў. — адзін з асн. паказчыкаў інтэнсіфікацыі земляробства.

М.ў. падзяляюць на макраўгнаенні, якія маюць хоць адзін з 3 макраэлементаў: азот, фосфар, калій (гал. элементы мінер. жыўлення раслін), мікраўгнаенні, неабходныя для нармальнага развіцця раслін, і вапнавыя ўгнаенні, што паляпшаюць уласцівасці глебы. Паводле колькасці макраэлементаў М.ў. падзяляюць на простыя, якія маюць адзін макраэлемент (азотныя ўгнаенні, фосфарныя ўгнаенні, калійныя ўгнаенні), і комплексныя ўгнаенні, якія маюць 2—3 гал. пажыўныя элементы; паводле агрэгатнага стану — на цвёрдыя (парашкападобныя і грануляваныя) і вадкія ўгнаенні. Грануляваныя найб. зручныя для выкарыстання (малагіграскапічныя, менш злежваюцца і лепш раскідваюцца ў параўнанні з парашкападобнымі). Каштоўнасць М.у. вызначаецца канцэнтрацыяй пажыўных элементаў у іх (у пераліку на дзеючае рэчыва); найб. каштоўнымі з’яўляюцца канцэнтраваныя і высокаканцэнтраваныя М.ў., якія маюць адпаведна 25—60% і больш за 60% пажыўных элементаў (напр. амафос, падвойны суперфасфат). М.ў. ўносяць у глебу перад сяўбою (асн. ўгнаенне), у час сяўбы, вегетацыі (падкормка раслін). Эфектыўнасць М.ў. павышаецца пры ўнясенні іх разам з арганічнымі ўгнаеннямі.

Літ.:

Справочник агрохимика. 2 изд. Мн., 1985;

Позин М.Е. Технология минеральных удобрений. 6 изд. Л., 1989.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АБШЧЫ́НА СЯСЦЁР МІЛАСЭ́РНАСЦІ ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА.

Засн. ў 1889 Мінскім упраўленнем Расійскага т-ва Чырв. Крыжа. У абшчыну ўваходзілі 15 членаў. Пасведчанне сястры міласэрнасці атрымлівалі пасля гадавога выпрабавання і 2 гадоў працы ў абшчыне (праца не аплачвалася, абшчына давала інтэрнат, харчаванне, вопратку, абутак і невялікую грашовую дапамогу). У 1903 пры абшчыне адчынены гадавыя курсы, на якіх выкладалі фізіялогію, хірургію і дэсмургію, гігіену, анатомію, унутр. хваробы, псіхіятрыю, фармакалогію, догляд і пач. дапамогу і інш. Да 1915 падрыхтаваны 143 сястры міласэрнасці. Сёстры абшчыны ўдзельнічалі ў дапамозе параненым у рус.-яп. вайне 1904—05, у барацьбе з тыфам, шкарлятынай, воспай у Мінскай губ. (1900), з халерай у Мазырскім пав. (1908), дапамагалі галадаючым Акмолінскай, Табольскай, Закаспійскай губ. (1911). У 1910 абшчына адчыніла лячэбніцу на 14 ложкаў, у 1914 — на 40. З пач. 1-й сусв. вайны накіравала на фронт шпіталь на 200 ложкаў (пазней пашыраны да 800). З 1921 у складзе Т-ва Чырв. Крыжа Беларусі.

Літ.:

Хоров Г. К истории подготовки медицинских сестер в Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.

Т.​П.​Разуменка.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

вышэйшая навуч. ўстанова Бел. правасл. царквы. Засн. ў 1785 у Слуцку як «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя». У 1789 семінарыя закрыта. У 1793 яе дзейнасць адноўлена, і ў гэтым жа годзе, пасля ўсталявання Мінскай правасл. епархіі, яна атрымала назву Мінская духоўная семінарыя. У 1840 семінарыя пераведзена ў Мінск. Акрамя рэлігійных навук вывучаліся медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка, гісторыя роднага краю. У 1918 семінарыя закрыта. У 1945 у Жыровіцкім Успенскім манастыры адкрыты пастырска-багаслоўскія курсы, якія ў 1947 пераўтвораны ў семінарыю. У 1963 семінарыя зноў закрыта. У 1989 яна адноўлена на тэр. Жыровіцкага манастыра. У 1991 семінарыя пераўтворана з сярэдняй у вышэйшую навуч. ўстанову з 5-гадовым тэрмінам навучання. У ёй выкладаюцца 39 дысцыплін (багаслоўскія, філас., філал., гіст., царк.-практычныя і інш.). Пасля заканчэння 5-га курса студэнты абараняюць дыпломныя працы на ступень бакалаўра багаслоўя, што дае магчымасць паступаць у Духоўную акадэмію. Пры семінарыі дзейнічаюць нядзельная (з 1990) і рэгенцкая (з 1993) школы. У 1999/2000 навуч. г. на дзённым аддзяленні больш за 230 студэнтаў, на завочным — каля 200 студэнтаў-святароў, у рэгенцкай школе 30 навучэнцаў, у нядзельнай — 30 дзяцей.

А.​С.​Балоннікаў.

т. 10, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.

Узоры прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода: 1 — аўтамабільны трохвосевы прычэп МАЗ-3РР59; 2 — седлавы цягач МАЗ-54329; 3 — цягач лесавозны МАЗ-64255; 4 — аўтамабіль бартавы МАЗ-63172; 5 — аўтамабільны двухвосевы паўпрычэп-самазвал МАЗ-9506; 6 — аўтамабіль-сартыментавоз МАЗ-6303-26.

т. 10, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ АРКЕ́СТР.

Існаваў у 1803—1917 (з перапынкамі) у Мінску. Напачатку іграў па нядзелях і на святы ў кафедральным саборы (летам — і ў Губернатарскім садзе) ці суправаджаў тэатр. паказы. У 1820—60-я г. пры ім існавала муз. школа, якая рыхтавала для яго музыкантаў. У розны час аркестр узначальвалі В.​Стафановіч (1820—60-я г.; гл. ў арт. Стафановічы), Л.Скрабецкі, Р.​Пілеман (з 1880), Г.​Мерц (з 1886), Л.​Ступель (1890—96), Н.​Рубінштэйн (з 1909; наладжваў сімф. канцэрты, арганізоўваў цыклы агульнадаступных гіст. канцэртаў). З аркестрам выступалі мясц. музыканты і гастралёры, у т. л. скрыпачы і піяністы Х.Ліпінскі, Апалінарый і Антон Концкія, М.Ельскі В.​Пшыбора, Я.​Чыжэўскі, І.​Гянко, Г.​Бах, Л. фон Зіберштэйн, М.​Палякін, спявачка А.Мейчык. У рэпертуары былі творы І.​Гайдна, Л.​Бетховена, В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, Ф.​Абера, Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шуберта, Р.​Вагнера, М.​Глінкі, А.​Барадзіна, П.​Чайкоўскага і інш. З 1880-х г. дзейнасць М.г.а. звязана з муз.-грамадскімі арг-цыямі горада, у т. л. муз. т-вам, муз. гуртком, т-вамі аматараў прыгожых мастацтваў і сяброў музыкі.

А.​Л.​Капілаў.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.​К.​Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.​Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.​Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны гал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.​Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.​Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),

бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.​Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.​Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.​Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.​Горкага (1953), «Гаіці» У.​Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.​Купалы — «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1951).

Літ.:

Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)