інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,
суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаны Таргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял.Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Бахта, С.Дарожны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКО́Ў (Канстанцін Мікалаевіч) (8.3.1890, г. Варонеж, Расія — 19.3.1954),
бел. хімік-арганік. Акад.АНБССР (1950, чл.-кар. 1947), д-рхім.н. (1943), праф. (1939). Засл. дз. нав.Беларусі (1949). Скончыў Горацкі с.-г.ін-т (1924), дзе працаваў у 1919—25. З 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це ў Гомелі (з 1945 у Мінску), адначасова з 1949 у Ін-це хіміі АНБССР (у 1949—52 дырэктар). Навук. працы па тэорыі сухой перагонкі драўніны, вывучэнні хім. складу і будовы тэрпеноідаў, распрацоўцы тэорыі і тэхнікі падсочкі. Аўтар манаграфій «Колькасны аналіз» (1930), «Жывіца і прадукты яе перапрацоўкі. Уплыў спосабаў хавання шпігінару на яго якасць» (1934).
Тв.:
Химическая переработка древесины. Мн., 1947;
Канифоль и скипидар. Мн., 1950.
Літ.:
Памяці прафесара К.М.Караткова // Весці АНБССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1956. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я БА́ЗА,
запасы і крыніцы кармоў, якія маюць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. К.б. жывёлагадоўлі ўключае кармы, атрыманыя на ворных землях, прыродных сенажацях і пашы, камбікармы, кармы і кармавыя дабаўкімікрабіял., хім. сінтэзу, мінер. і жывёльнага паходжання, а таксама пабочных прадуктаў (кармавых адходаў) рыбнай, мяса-малочнай, мукамольнай і харч. прам-сці. На Беларусі ствараецца па трох асн. кірунках: атрыманне найб. выхаду кармавых адзінак і пратэіну з 1 га зямлі пры нізкім іх сабекошце (прадугледжвае павышэнне ўрадлівасці глебы і ўкараненне найб. эфектыўнай агратэхнікі пры вырошчванні кармавых культур, стварэнні высокапрадукцыйных лугоў і пашы); макс. захаванне вырашчанага ўраджаю кармавых культур (выкарыстанне прагрэс. тэхналогій уборкі, нарыхтоўкі і захоўвання кармоў на аснове комплекснай механізацыі); рацыянальнае выкарыстанне нарыхтаваных кармоў (укараненне навукова абгрунтаваных сістэм і рацыёнаў кармлення жывёл). К.б. для дзікіх жывёл — прыродныя і штучна створаныя крыніцы дадатковай падкормкі ў неспрыяльныя для іх існавання перыяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́ЛАЎ (Віктар Рыгоравіч) (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст.Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел.тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1964), «Ранак» Г.Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГА,
ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант.амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЕ ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
сукупнасць даследаванняў Зямлі з космасу з дапамогай аэракасмічных метадаў і візуальных назіранняў. Уключае вывучэнне структуры і зменлівасці атмасферы, гідрасферы, літасферы, біясферы і праяўленні гасп. дзейнасці чалавека. Цесна звязана з касм. картаграфіяй, геалогіяй, акіяналогіяй, гідралогіяй і інш.Асн. мэта К.з. — пазнанне заканамернасцей геагр. абалонкі, вывучэнне прыродных рэсурсаў для іх аптымальнага выкарыстання, ахова навакольнага асяроддзя, забеспячэнне прагнозаў надвор’я і інш. К.з. пачало развівацца на пач. 1960-х г. пасля запуску першых сав. і амер.ШСЗ. Інфармацыю са спадарожнікаў і касм. караблёў атрымліваюць з выш. ад 250—500 км (адкуль разам з касмічнай здымкай праводзяцца візуальныя назіранні) да 100 тыс.км і больш (гл.Дэшыфраванне аэрафотаздымкаў). На Беларусі К.з. займаюцца картографа-геад. аб’яднанне «Белгеадэзія», ВА «Белгеалогія», Навук.-вытв. комплекс «Космааэрагеалогія», Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),
10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр.Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусінайб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.