ГО́МАНАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст.Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае фактары і заканамернасці размяшчэння, умовы і асаблівасці развіцця прам-сці ў розных краінах і раёнах. Падзяляецца на агульную, рэгіянальную і геаграфію галін прам-сці. Агульная геаграфія прамысловасці даследуе заканамернасці фарміравання тэр. структуры прам-сці, выяўляе месца прам-сці ў геагр. (тэрытарыяльным) падзеле працы, яе становішча сярод інш. галін вытв-сці ў агульнай сістэме нар. гаспадаркі. Рэгіянальная геаграфія прамысловасці вывучае прамысл.вытв-сць у складзе прамысл. цэнтраў і вузлоў, раёнаў, краін, гіст.-геагр. асаблівасці яе фарміравання, характар яе галіновай структуры, грамадска-эканам. і прыродныя ўмовы размяшчэння з мэтай планавання і развіцця прамысл. вытв-сці. Геаграфія галін прамысловасці вывучае размяшчэнне прадпрыемстваў асобных галін прам-сці. На Беларусі геаграфія прамысловасці, як галіна эканам. геаграфіі, пачала развівацца ў 1920-я г. (Г.І.Гарэцкі, А.А.Смоліч, Р.Рак, М.Ярашэвіч, Ярмашэвіч і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз.чл.АМСССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАФО́НІЯ (ад гетэра... + грэч. phōnē гук),
сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл.Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.Дэбюсі, І.Стравінскі).
Літ.:
Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;
Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў
(?—1698),
жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАПІ́СКІ АДДЗЕ́ЛА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́К»,
серыйнае навуковае выданне. Выдавалася ў 1927—30 у Мінску на бел. мове Інбелкультам і БелАН. У серыю ўваходзілі «Працы...» камісій, кафедраў, ін-таў Інбелкульта (кн. 1—6) і БелАН (кн. 7—13). Змяшчаліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, філалогіі і правазнаўстве, справаздачы аб экспедыцыях, дзейнасці навук. устаноў, рэцэнзіі і бібліягр. агляды. Пераважная ўвага аддавалася публікацыям даследаванняў і крыніц па гісторыі і культуры Беларусі (асабліва перыяду феадалізму), бел. мове (працы А.Бурдзейкі, Я.Гембіцкага, Дз.І.Даўгялы, М.В.Доўнар-Запольскага, В.Д.Дружчыца, С.А.Дубінскага, Т.Забелы, У.Ігнатоўскага, А.Дз.Кавалені, К.Кернажыцкага, У.Краснянскага, М.Любаўскага, А.М.Ляўданскага, В.Мачульскага, К.М.Палікарповіча, У.Пічэты, Ц.Сцяпанава, С.С.Шутава, М.М.Шчакаціхіна, А.Ясінскага). Выданне ілюстравалася малюнкамі, фатаграфіямі, картамі, схемамі, планамі; змяшчала геагр. паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),
род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч. расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),
бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).
Літ.:
Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА І КАРМО́Ў БЕЛАРУ́СКІ НДІМіністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублік і Беларусь.
Засн. ў 1927 у Мінску (з 1964 у г. Жодзіна Мінскай вобл.) як Цэнтр.хім. лабараторыя Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1937—56 Ін-тсацыяліст. сельскай гаспадаркі АНБССР. Да ліп. 1989 Беларускі НДІ земляробства. Асн. кірункі навук. даследаванняў: арг-цыя земляробства, стварэнне новых высокаўраджайных, высакаякасных сартоў збожжавых, зернебабовых, крупяных, кармавых і тэхн. культур, распрацоўка тэхналогій іх вырошчвання. Аспірантура з 1957. Пры ін-це эксперым. базы: «Вусце», «Жодзіна», «Зазер’е»; спец. насенняводчая гаспадарка «Гнезна» (Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл.). У ін-це працавалі акад. УАСГНІЛ і АНБССР Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, акад.АНБССР А.Л.Лапо, В.Л.Шэмпель і чл.-кар. С.Н.Іваноў, П.Я.Пракопаў, М.Р.Чыжэўскі; працуюць акад. Акадэміі агр. навук Беларусі С.І.Грыб, Л.В.Кукраш, У.П.Самсонаў, В.М.Шлапуноў, чл.-кар. П.Л.Ніканчык.