самая вялікая рака Італіі. Даўж. 652 км, пл. басейна каля 75 тыс.км². Вытокі ў Коцкіх Альпах, цячэ пераважна па Паданскай раўніне з З на У, упадае ў Адрыятычнае м., утварае забалочаную дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²). Гал. прытокі: Дора-Рыпарыя, Дора-Бальтэа, Агонья, Тычына, Ада, Ольё, Мінча, Тартара (злева); правыя прытокі больш кароткія і менш мнагаводныя. Частыя паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля г. Ферара 1460 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У бас. П. шмат ГЭС. Суднаходная на 540 км ад вусця. Суднаходнымі прытокамі і каналамі злучана з азёрамі Лага-Маджорэ, Кома, Гарда. На П. гарады Турын, П’ячэнца, Крэмона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),
беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛ,
незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАДНА́Я СУ́ВЯЗЬ,
перадача і прыём паведамленняў (інфармацыі) з дапамогай эл. сігналаў (электрамагнітных ваганняў), якія распаўсюджваюцца па правадах; адзін з відаў электрасувязі.
У залежнасці ад віду паведамленняў, што перадаюцца, адрозніваюць тэлефонную сувязь, тэлеграфную сувязь, факсімільную сувязь (перадача нерухомых відарысаў, напр., фатаграфій, малюнкаў), кабельнае тэлебачанне і інш. Падзяляюць на далёкую (міжгароднюю, міжнар.) і мясцовую (гар., вясковую), агульнага карыстання і ведамасную (карпаратыўную і ўнутрывытворчую). Для П.с. выкарыстоўваюць падземныя (падводныя) кабелі сувязі, валаконна-аптычныя лініі (гл.Валаконна-аптычная сувязь), узмацняльнікі электронных і аптычных сігналаў, рэгенератары (у лічбавых сістэмах), апаратуру каналаўтварэння (ушчыльнення і падзелу сігналаў), камутатары, маршрутызатары і інш. П.с. спалучаюць з радыёсувяззю і спадарожнікавай сувяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМАТЫ́ЧНАЯ СА́НКЦЫЯ 1713,
закон пра пераход у спадчыну прастола, выдадзены імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карлам VI Габсбургам 19.4.1713; прыняты ўсімі землямі аўстр. манархіі ў 1720—23. Устанавіла непадзельнасць спадчынных зямель Габсбургаў і парадак атрымання прастола ў спадчыну, паводле якога ў выпадку адсутнасці ў імператара сыноў прастол пераходзіў да яго дачок. П.с. была прызнана большасцю еўрап. дзяржаў, але пасля смерці Карла VI (1740) спадчынныя правы яго дачкі Марыі Тэрэзіі аспрэчвалі Прусія, Францыя, Баварыя, Саксонія і Іспанія, што стала падставай для вайны за Аўстрыйскую спадчыну (1740—48). Паводле Ахенскага міру 1748 П.с. канчаткова прызнана еўрап. дзяржавамі і ўвайшла ў склад асн. законаў аўстр. манархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭ́С»,
серыя сав. (рас.) аўтам.трансп. грузавых касм. апаратаў для забеспячэння працяглага функцыянавання арбітальных станцый («Салют», «Мір», міжнар.касм. станцыі). Створаны на базе касм. карабля «Саюз». Складаецца з 3 адсекаў: грузавога, кампанентаў дазапраўкі і прыборна-агрэгатнага. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «П.» каля 7 т, у т. л. карыснага грузу 2,3 т. Даўж. 7 м, макс. дыяметр 2,72 м. Працягласць актыўнага аўтаномнага палёту да 4 сут, у складзе станцыі — да 3 мес. Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам «Саюз» з касмадрома Байканур. На Зямлю не вяртаецца. «П.-1» запушчаны 20.1.1978. Ажыццёўлены палёты каля 90 «П.» і іх мадыфікацый (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ДА (Prado),
Нацыянальны музей жывапісу і скульптуры Прада, мастацкі музей у Мадрыдзе. Створаны ў 1819 на аснове ісп. каралеўскіх калекцый, размешчаны ў спец. пабудаваным для яго будынку ў стылі позняга класіцызму (1785—1830, арх. Х. дэ Вільянуэва). У зборы шырока прадстаўлены ісп. жывапіс 15—19 ст. (Эль Грэка, Х. дэ Рыбера, Ф.Сурбаран, Д.Веласкес, Б.Э.Мурыльё, Ф.Гоя), карціны італьян. майстроў 16 ст. (Рафаэль, Андрэа дэль Сарта, Тыцыян); зберагаюцца творы нідэрландскай школы жывапісу 15—16 ст. (Рагір ван дэр Вейдэн, Х.Босх, А.Мор), фламандскай (П.П.Рубенс), франц. (Н.Пусэн) школ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),
амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТасяроддзя,
адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і длязмешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл.Фотаметрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭАЛІТЫ́ЧНЫЯ ФЕРМЕ́НТЫ, пратэазы,
ферменты класа гідралаз; каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей у бялках і пептыдах. Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах. У пазваночных жывёл бываюць пазаклетачныя (П.ф. стрававальнага тракту — пепсін, трыпсін і інш., крыві — трамбін, рэнін, плазмін і інш.) і ўнутрыклетачныя (катэпсіны). Пазаклетачныя выпрацоўваюцца звычайна ў выглядзе неактыўных праферментаў. П.ф. падзяляюць на 2 групы: эндапептыдазы, якія каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей унутры поліпептыднага ланцуга і экзапептыдазы, якія каталізуюць адшчапленне ад поліпептыднага ланцуга канцавых амінакіслот (з N - або С-канца малекулы). Выкарыстоўваюць у даследаваннях для ўстанаўлення будовы бялкоў і пептыдаў, у харч. прам-сці (мякчэнне мяса, сыраварства), у медыцыне (гаенне ран і апёкаў, лячэнне пухлін і інш.).