ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),

беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.

В.​П.​Сяменчанка.

Понтапарэя.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)