СТЭРЫ́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,

няздольнасць арганізма ўтвараць гаметы або дастатковую іх колькасць, што прыводзіць да зніжэння пладавітасці (колькасці патомкаў). Пры поўнай С. гаметы не ўтвараюцца наогул ці амаль усе анамальныя, пры частковай фарміруюцца пэўныя долі анамальных гамет. Спадчынная С. бывае геннай (абумоўлена геннымі мутацыямі, якія парушаюць меёз — асн. звяно гаметагенезу), храмасомнай (выклікаецца храмасомнымі перабудовамі), геномнай (звязана з колькаснымі зменамі храмасомнага набору; гл. Анеўплаідыя, Поліплаідыя). Да спадчыннай С. адносяцца выпадкі міжвідавых гібрыдаў. Гаметная С. звязана з анамаліямі і гібеллю гамет, зіготная — абумоўлена парушэннямі функцыянавання палавых залоз і самых ранніх этапаў гаметагенезу; можа выклікацца фактарамі навакольнага асяроддзя (выпрамяненні, павышэнне т-ры асяроддзя і інш.). С., характэрная для пэўных перыядаў жыцця, наз. ўзроставай. Адзнака С. падвяргаецца ўздзеянню натуральнага адбору (выклікае зніжэнне пладавітасці і з генафонду папуляцый элімініруюцца генет. фактары, якія яе выклікаюць). Адбор таксама падтрымлівае фактары, што абумоўліваюць міжвідавую С. і забяспечваюць генет. ізаляцыю паміж папуляцыямі розных відаў арганізмаў. У чалавека і жывёл С. наз. бясплоднасцю. У медыцыне і мікрабіялогіі С. наз. таксама адсутнасць у асяроддзі, арганізме або ў якім-н. матэрыяле мікраарганізмаў ці іх спораў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫ́ЗМА (грэч. charisma прызванне. божы дар),

1) выключная здольнасць. надзвычайная адоранасць, якія прыпісваюцца пэўнай асобе (харызматычнаму лідэру) яе прыхільнікамі. Харызматычны лідэр (гл. Лідэрства) валодае прывабнасцю і своеасаблівай уладай над людзьмі (у адрозненне ад улады, атрыманай у спадчыну або ад іерархічнага становішча). Усведамленне ім сваіх экстраардынарных якасцей абумоўлівае яго непахісную ўпэўненасць у тым, што менавіта на яго ўскладзена асаблівая місія, якую ён абавязкова павінен выканаць. І.​Кант адмаўляў Х. (чалавечую вялікасць) з пазіцый хрысц. маралі. Г.​Гегель вызначаў харызматычных асоб як «сусветна-гіст. індывідуумаў». Ф.​Ніцшэ лічыў з’яўленне герояў непазбежным і неабходным. М.​Вебер лічыў, што Х. ўласціва вял. палкаводцам, героям, магам, прарокам і прадказальнікам, геніяльным мастакам, выдатным палітыкам, заснавальнікам сусв. рэлігій (Буда, Ісус Хрыстос, Магамет), дзяржаў (Салон, Лікург), вял. заваёўнікам (Аляксандр Македонскі. Цэзар, Напалеон). На аснове аналізу сацыякульт. дынамікі ён прыйшоў да высновы аб паступовым вычарпанні значэння Х. ў выніку рацыяналізацыі гіст. працэсу.

2) Тэалагічны тэрмін для абазначэння 9 асобных дароў Святога Духа, пасланых апосталам у Іерусалімскім храме на свята Сёмухі (мудрасць, веданне духаў, вера, цуды, прароцтва, малітва і да т.п.).

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́Н (ад грэч. elektron бурштын),

стабільная элементарная часціца з адзінкавым адмоўным зарадам элементарным. Мае масу спакою me = 9,1095 × 10​−31 кг, спін 1/2 і магн. момант, прыкладна роўны магнетону Бора. Лічыцца. што час жыцця Э. большы за 2∙10​22 гадоў. Адносіцца да класа лептонаў. Абазначаецца e (часам e​− у адрозненне ад пазітрона). Адкрыты ў 1897 Дж.​Дж.Томсанам.

Э. удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях элементарных часціц. У класічнай электрадынаміцы Э. апісваецца ўраўненнямі Лорэнца—Максвела; у квантавай механіцы — Шродынгера ўраўненнямі (для нерэлятывісцкіх з’яў) і Дзірака ўраўненнямі (для рэлятывісцкіх з’яў; гл. Адноснасці тэорыя). Характар размяшчэння Э. ў атамных абалонках і запаўнення імі энергетычных узроўняў абумоўлены іх спінам (г.зн. Э. падпарадкоўваюцца Паўлі прынцыпу), што вызначае эл., хім., аптычныя і інш. ўласцівасці атамаў і малекул і вядзе да перыяд. паўтарэння ўласцівасцей хім. элементаў (гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева). Характар руху Э. і іх размеркаванне па энергіях вызначае электраправоднасць, цеплаправоднасць і інш. ўласцівасці цвёрдых і вадкіх цел. Даследаванні ўласцівасцей і асаблівасцей руху Э. стымулявала развіццё фізікі і стварэнне новых галін тэхнікі.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.

2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * b ≠ b * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,

філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.​В.​Луначарскі, У.​А.​Базараў, П.​С.​Юшкевіч, часткова М.​Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.

Літ.:

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр. вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал./га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,

гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,

станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЕ́ЛЬНЫЯ ЧЭ́РВІ, тэрэда (Teredo),

род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. тэрэдынід. Каля 30 відаў. Пашыраны ў морах трапічнага і ўмеранага паясоў Паўн. паўшар’я. Жывуць у драўніне, што трапляе ў марскую ваду, у падводных ч. драўляных суднаў і гідратэхн. збудаванняў, у якіх праточваюць хады і разбураюць драўніну.

Цела даўж. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў, чэрвепадобнае. На пярэднім канцы маленькая ракавіна (даўж. каля 10 мм), якая служыць для свідравання. Нага рэдукаваная. Робяць хады даўж. да 2 м, дыяметрам да 5 см. Гермафрадыты. Кормяцца планктонам, фільтруючы ваду, а таксама апілкамі. Некат. віды ядомыя ў краінах Паўд.-Усх. Азіі.

Карабельны чарвяк тэрэда ў кавалку паточанага ім дрэва.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВАДЖЫ́ЗМ,

кірунак у еўрап. жывапісе 17 ст., прадстаўлены паслядоўнікамі М.Караваджа. Процістаяў акадэмізму і барока. Мастакі-караваджысты ўспрынялі ад Караваджа шэраг фармальных патрабаванняў (натуралізм, адлюстраванне фігур у сапраўдны памер, экспрэсію святлаценю, імкненне да манументалізацыі жанравых матываў) і іканаграфічных тэм (сцэны ў карчме, ігра на лютні, варажбіткі), што выяўлялася ў дыяпазоне ад свабоднай трактоўкі яго сюжэтаў да дакладнага капіравання жывапіснай манеры. Пашыраны ў Італіі (А.Джэнтылескі, К.​Сарачэні, Дж.​Б.​Карачола, Л.​Спада, Б.​Манфрэдзі), Галандыі (Х.​Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст, Д. ван Бабюрэн), Фландрыі (Т.​Ромбаўтс, А.​Янсенс), Францыі (Валантэн дэ Булонь, С.​Вуэ), Іспаніі (Х.Рыбера), Германіі (А.​Эльсхаймер) і інш.

Да арт. Караваджызм. Валантэн дэ Булонь. «Варажбіткі».

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)