клас паразітычных беспазваночных няпэўнага сістэм. становішча. Найб. блізкія да тыпу членістаногіх. 2 атр., 15 родаў, больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. Дарослыя паразітуюць у лёгкіх, дыхальных шляхах паўзуноў і млекакормячых, часам птушак. Найб. трапляецца П. насавая (Linguatula serrata, або L. rhinaria).
Даўж. да 14 см, самцы значна драбнейшыя (да 2 мм). Цела чэрве- або языкападобнае, укрыта тонкай кутыкулай. На брушным баку пярэдняга канца цела — рот, каля яго 2 пары прыдаткаў (хіцінізаваных кручкоў), якія памылкова прымалі за ротавыя адтуліны (адсюль назва). Мускулатура развітая. Нерв.сістэма сканцэнтравана ў падглотачную гангліёзную масу. Органы дыхання, кровазвароту і выдзялення адсутнічаюць. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande), Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte),
рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс.км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТАРАМА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў. Пашырана ў Швейцарыі і на ПнУ Італіі. Нац. мова Швейцарыі (разам з ням., франц. і італьян. мовамі). Мае 3 асн. дыялекты: граўбюндэнскі, ладзінскі і фрыульскі. Па пераважнай большасці прыкмет належыць да зах.раманскіх моў (напр., захаванне канцавога -s, азванчэнне інтэрвакальных k, p, t), але некат. асаблівасці набліжаюць яе да румынскай мовы (напр., займеннікавая сістэма). Характэрны высокі ўзровень архаічнасці і варыятыўнасці форм, сляды моцнага ўплыву італьян. і ням. моў, асабліва ў фанетыцы і лексіцы. Пісьменства з 14 ст. на аснове лацінскага алфавіта (фрыульскі дыялект).
Літ.:
Бородина М.А. Современный литературный ретороманский язык Швейцарии. Л., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАФІНАНСАВА́ННЕ,
сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНАЯ АХО́ВА,
сістэма заканадаўчых, арганізацыйных і санітарна-тэхн. мерапрыемстваў па прадухіленні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванні ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя на здароўе насельніцтва. На Беларусі праблемамі С.а. займаюцца Мін-ва аховы здароўя, санітарна-эпідэміялагічная служба і яе падраздзяленні, Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. Вядзецца сацыяльна-гігіенічны маніторынг, у т. л. назіранні за выкідамі шкодных прамысл. рэчываў. Даюцца рэкамендацыі па рацыянальным размяшчэнні прадпрыемстваў, укараненні неабходных тэхналогій, дапушчальнай колькасці ў навакольным асяроддзі прамысл. выкідаў і інш. Пытанні С.а. рэгламентуюць: Кодэкс Беларусі аб зямлі (1990), законы «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІ́Я (ад грэч. synchronos адначасовы),
1) стан мовы на пэўным этапе яе гіст. развіцця як цэласнай, унутрана ўстойлівай сістэмы фанетычных, лексічных і граматычных элементаў (гл.Сістэма мовы); перыяд у развіцці мовы, вылучаны ўмоўна паводле прыкметы адсутнасці ў ім змен ці іх неістотнасці.
2) Вывучэнне мовы як сістэмы адносін, што функцыянуе ў пэўны момант яе гіст. развіцця. Паслядоўнае размежаванне С. і дыяхраніі (а таксама самі гэтыя тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам.
Літ.:
[Климов Г.А.] Проблема разграничения синхронии и диахронии // Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФЕ́РА (ад грэч. sphaira шар) у матэматыцы, геаметрычнае месца пунктаў прасторы, адлегласць ад якіх да пэўнага фіксаванага пункта (цэнтра) — велічыня пастаянная (радыус). С. можна разглядаць як паверхню, утвораную ад вярчэння акружнасці вакол свайго дыяметра.
Ураўненне С. з цэнтрам у пункце O (a, b, c) у дэкартавай прамавугольнай сістэме каардынат: (x − a)2 + (y − b)2 + (z − c)2 = r2, дзе r — радыус С., a, b, c — каардынаты пункта O. Плошча паверхні С. вызначаецца формулай S = 4πr Частка прасторы, абмежаваная С., наз. шарам. Сячэнне С. адвольнай плоскасцю — акружнасць. Датычная плоскасць да С. перпендыкулярная радыусу. праведзенаму ў пункт дотыку. Гл. таксама Сферычная сістэма каардынат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЗІМА́Т (ад араб. танзім — упарадкаванне),
назва рэформ у Турцыі ў сярэдзіне 19 ст., якія мелі на мэце ўзмацненне Асманскай імперыі. Пачаліся з выдання 3.11.1839 султанам рэскрыпта з абяцаннем забяспечыць недатыкальнасць жыцця, гонару і маёмасці ўсіх падданых. уладкаваць падаткаабкладанне, правесці ваен. рэформу. У далейшым прыняты крымінальны і камерцыйны кодэксы, скасавана сістэма водкупаў, створаны першыя свецкія школы, рэарганізавана адм. кіраванне краінай, уведзены ўсеагульны ваен. абавязак (для мусульман). Але з-за супраціўлення кансерватараў і мусульм. духавенства рэформы ажыццёўлены толькі часткова. Рэскрыптам ад 18.2.1856 засн. першыя банкі, зроблены крокі па юрыд. афармленні сістэмы прыватнай маёмасці на зямлю. Аднак з прыходам да ўлады Абдул-Хаміда II у 1876 рэформы прыпынены.