феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.
Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст.рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.Жавускага, З.Красінскага, І.Ходзькі, Ю.Славацкага, Ю.І.Крашэўскага і інш.).
Літ.:
Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
А.П.Грыцкевіч.
К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920, падпісаны 14 кастр. ў Тарту. Абвясціў спыненне вайны паміж абедзвюма дзяржавамі, пацвердзіў незалежнасць і суверэнітэт Фінляндыі, урэгуляваў тэр. пытанні. Сав. ўрад пацвердзіў перадачу Фінляндыі Печэнгскай вобл. Фінляндыя абавязалася не трымаць у водах узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. падводных лодак, ваен. самалётаў і суднаў. Абодва бакі пагадзіліся не мець у бас. Ладажскага воз.ваен. збудаванняў, якія служаць агрэсіўным мэтам, і ваен. суднаў водазмяшчэннем больш за 100 т. У дагаворы запісана пра ўтварэнне ў складзе РСФСР Усх.-Карэльскай аўт. вобласці на аснове нац. самавызначэння. Мірны дагавор 1940, падпісаны 12 сак. ў Маскве. Абвясціў спыненне савецка-фінляндскай вайны 1939—40. Вызначалася новая лінія сав.-фінл.дзярж. граніцы. СССР адыходзілі: Карэльскі перашыек з г. Выбаргам (Вііпуры) і Выбаргскі зал. з астравамі; зах. і паўн. ўзбярэжжы Ладажскага воз. з гарадамі Кексгольм, Сортавала, Суаярві, шэраг астравоў у Фінскім зал.; тэр. на ўсход ад Мерк’ярві з г. Куалаярві; частка п-авоў Рыбачы і Сярэдні. Бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад нападу адзін на аднаго і не ўступаць у варожыя кааліцыі, накіраваныя супраць аднаго з бакоў. СССР атрымаў у арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка. У 1941 Фінляндыя парушыла дагавор і ўступіла ў вайну супрацьСССР на баку фаш. Германіі. Пасля паражэння Фінляндыі ў вайне 19.9.1944 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 10.2.1947 — мірны дагавор 1947, які прадугледжваў аднаўленне дагавора 1940 са зменамі. Дагавор 1948 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 6 крас. ў Маскве на 10 гадоў. Бакі заявілі пра імкненне супрацоўнічаць дзеля інтарэсаў міру і бяспекі, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. Адзначана імкненне Фінляндыі заставацца ў баку ад супярэчнасцей паміж інтарэсамі вялікіх дзяржаў. СССР і Фінляндыя згадзіліся кансультавацца пры ўзнікненні пагрозы ваен. нападу, пацвердзілі намеры ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія накіраваны на падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. У дагаворы пацверджаны абавязак не заключаць саюзаў і не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор стаў асноватворным дакументам сав.-фінл. адносін; на аснове яго атрымала шырокае і ўсебаковае развіццё паліт., эканам. і культ. супрацоўніцтва паміж СССР і Фінляндыяй. Тэрмін дзеяння дагавору быў прадоўжаны ў 1955 і ў 1970 на 20 гадоў. 6.6.1983 СССР і Фінляндыя падпісалі пратакол, паводле якога дагавор застаецца ў сіле на наступныя 20 гадоў з прадаўжэннем яго на 5-гадовыя перыяды, калі ні адзін з бакоў не заявіць аб жаданні спыніць яго дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АФРЫКА́НСКАГА АДЗІ́НСТВА (Organization of African Unity; ААА),
рэгіянальная міжурадавая арг-цыя незалежных дзяржаў Афрыкі. Засн. ў 1963 у Адыс-Абебе (Эфіопія). Уваходзіць 51 дзяржава (1991). Мэты — барацьба супраць каланіялізму ва ўсіх яго формах і праявах, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў кантынента, развіццё супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў у палітыцы, эканоміцы, абароне, навуцы, культуры і інш. Створаны Афр. банк развіцця, Ін-тэканам. планавання. 2-я Асамблея ААА (Кіпр, чэрв. 1964) абвясціла Афрыку бязатамнай зонай. Вышэйшы орган — штогадовая Асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, выканаўчы орган — Савет Міністраў, пастаянны адм. орган — Сакратарыят, дзейнічаюць пастаянныя камісіі, сакратарыят афр. групы дзяржаў пры ААН. Штаб-кватэра ў Адыс-Абебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ ВО́ІНСКІ,
першы вайскова-крымінальны і вайскова-працэсуальны кодэкс Расіі. Распрацаваны ў перыяд стварэння Пятром I рэгулярнай арміі. Выдадзены ў 1715. Нормы артыкула воінскага выкарыстоўваліся ў агульнацывільных судах. Дзейнічаў да выдання ў 1839 вайскова-крымінальнага статута.
Паводле артыкула воінскага найб. цяжкімі злачынствамі лічыліся здрада, замах на воінскіх начальнікаў, невыкананне загаду, дзеянні супраць дзяржавы, арміі і інш. Артыкул воінскі прадугледжваў меры пакарання: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі, клеймаванне жалезам, высылку на катаргу, пакаранне смерцю і інш. Артыкул воінскі змяшчаў таксама артыкулы аб вартаўнічай ахове, у яго была ўнесена воінская прысяга і інш. У 18—19 ст. артыкулам называлі, акрамя таго, параграф статута, а таксама ружэйныя прыёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел.пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,
перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЛІНГ ((Berling) Зыгмунт) (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),
польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супрацьфаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСТАЙН ((Bernstein) Леанард) (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),
амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.