АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Ф.Ф.Паўленкава,

адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.Ф.Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).

Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.Ф.Паўленкава.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧАРЭ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (28.1.1922, с. Грыгор’еўка Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 20.7.1988),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі абл. пед. ін-т (1942). Даследаваў творчасць М.Горкага, сацыяліст. рэалізм, суадносіны нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацтве. Аўтар артыкулаў пра творчасць рус., бел. і ўкр. пісьменнікаў. У кн. «Сучасны беларускі раман» (1971, 2-е выд. 1978) разглядаў творы І.Мележа, А.Адамовіча, Я.Брыля, В.Быкава, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Шамякіна, І.Чыгрынава і інш. У 1969—88 старшыня савета па бел. л-ры Саюза пісьменнікаў СССР.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́К-ВАЛЫ́НСКІ (Дзмітрый Міхайлавіч) (да 1356 — каля 1389),

князь, адзін з бліжэйшых баяр вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога, быў жанаты з яго сястрой Ганнай. Сын літоўскага кн. Карыята Міхала Гедзімінавіча. Выехаў з Валыні ў Маскву (верагодна, паміж 1366—68). Удзельнічаў у паходах на Разань (1371), супраць волжскіх булгар (1376) і ВКЛ (1379). У Кулікоўскай бітве 1380 разам з кн. Уладзімірам Андрэевічам Храбрым камандаваў засадным палком, які дзякуючы вытрымцы і ваен. майстэрству Баброва-Валынскага своечасовым ударам змяніў ход бітвы на карысць рус. войска.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАК ((Bacq) Зянон Марсель) (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),

бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл. АН СССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРА́К (сапр. Казлоўскі) Іван Андрэевіч

(29.2.1892, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 1943),

рускі паэт і перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага т-ва сялянскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1913. Для ранняй творчасці характэрны гераічныя матывы. Аўтар зб-каў баек «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1933). На рус. мову перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. Яго творы на бел. мову перакладалі Э.Валасевіч, У.Паўлаў.

Тв.:

Избранное М., 1958.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗО́ЎСКІ (Максім Сазонтавіч) (27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),

расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус. хар. канцэрта.

Літ.:

Рыцарева М. Композитор М.С.Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біяцэноз + ...логія),

навука пра згуртаванні жывых арганізмаў — біяцэнозы; частка біягеацэналогіі. Вывучае ўзнікненне, развіццё, структуру, размеркаванне ў прасторы, прадукцыйнасць і дынаміку біяцэнозу, узаемаадносіны паміж рознымі біяцэнозамі і асобнымі іх кампанентамі. Некаторыя вучоныя лічаць біяцэналогію раздзелам экалогіі і геабатанікі. На развіццё біяцэналогіі вял. ўплыў зрабілі працы амер. заолага В.Шэлфарда, рус. біёлагаў І.К.Пачоскага, С.А.Зярнова, Д.М.Кашкарава, бел. вучоных Г.Г.Вінберга, І.Д.Юркевіча і інш. Даследаванні па біяцэналогіі ўключаюць мадэліраванне біяцэналагічных працэсаў, маніторынг і прагназаванне. На Беларусі даследаванні ў галіне аграбіяцэналогіі праводзяцца ў НДІ аховы раслін.

І.К.Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),

англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;

Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗІ́ХІН (Фёдар Аляксандравіч) (8.12.1831, г. Мікалаеў, Украіна — 14.5.1904),

рускі астраном, заснавальнік рус. астрафіз. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Маскоўскага (1865), Кіеўскага (1869) ун-таў. Дырэктар Маскоўскай з 1873 і Пулкаўскай у 1890—95 абсерваторый. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, гравіметрыі. Сусв. значэнне маюць даследаванні камет і метэораў. Стварыў мех. тэорыю каметных формаў. Даследаваў утварэнне перыядычных камет і паходжанне метэораў.

Тв.:

Этюды о метеорах. М., 1954.

Літ.:

Невская Н.И. Ф.А.Бредихин, 1831—1904. М.; Л., 1964.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДСКІ (Ісак Ізраілевіч) (6.1.1884, с. Сафіеўка Запарожскай вобл., Украіна — 14.8.1939),

расійскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1932), праф. (1934). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1902—08) у І.Рэпіна. Член Т-ва паўн.-рус. мастакоў (з 1910). У 1934—39 дырэктар Усерасійскай АМ у Ленінградзе. Адзін з заснавальнікаў ленінскай тэмы ў сав. мастацтве. Творы: «Урачыстае адкрыццё II кангрэса Камінтэрна» (1920—24), «У.І Ленін у Смольным» і інш.; партрэты, пейзажы («Апалае лісце»), малюнкі.

Літ.:

Бродский И.А. И.И.Бродский: Статьи, письма, документы. М., 1956.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)